Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На апошняй акцыі маўклівага пратэсту ў рэгіёнах міліцыя затрымала 220 удзельнікаў. «Свабода» далей сочыць за лёсам гэтых людзей, паведамляе пра судовыя пакараньні, выклікі ў КДБ ды іншы перасьлед з боку ўлады і так званых сілавікоў.

ВІЦЕБШЧЫНА


15 жыхароў Віцебску, затрыманых 6 ліпеня, пакараныя штрафамі за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах і шэсьці.

Сёстры Алена і Тацяна Пашэніны, Валянціна Ляурда, Алена Латушкіна і Ўльляна Хлашчанкова атрымалі штрафы памерам 35 тысяч. Аляксандар Бажкоў, Вадзім Мацьвееў, Кірыл Латушкін, Максім Станкевіч, Максім Казіміранка, Усевалад Жураўлёў, Зьміцер Пчолкін, Яўген Селязьнёў, Дзяніс Уладзіміранка і Кастусь Халмачоў мусяць сплаціць у два разы больш — па 70 тысяч.

Дзяўчатам — па адной базавай, хлопцам — па дзьве

Такім чынам, дзяўчаты атрымалі па адной базавай велічыні, а хлопцы — па дзьве. Ніякага іншага абгрунтаваньня памеру штрафу, апрача як па гендэрнай прыкмеце, прысутныя на працэсе вызначыць не змаглі: сьведкі-міліцыянты цьвердзілі, што ўсе без выключэньня затрыманыя бралі ўдзел у несанкцыянаваным пікеце і несанкцыянаваным шэсьці.

Асуджаныя да штрафаў

Супрацоўнікі міліцыі казалі, што атрыбутам пікету на плошчы Перамогі яны лічаць воплескі, а масавы сыход людзей з плошчы — гэта нішто іншае, як шэсьце.

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская выклікала на пасяджэньне міліцыянтаў, якія затрымлівалі людзей і складалі пратаколы, аднак не дазваляла затрыманым задаваць супрацоўнікам міліцыі шмат пытаньняў. Гэтак лічыць Кастусь Халмачоў — ён, як і ўсе іншыя, вінаватым сябе не прызнаў і спрабаваў гэта давесьці суду:

«Цалкам перадузятае стаўленьне да ўдзельнікаў акцыі, судзьдзя відавочна на баку міліцыянтаў. І яна ўвесь час гаворыць на падвышаных тонах. Такое ўражаньне, што гэта „паказальная лупцоўка“, каб іншыя так не рабілі — абавязкова нас засудзіць!».

Кастусь Халмачоў
Вакол Кастрычніцкага райсуду дзяжурылі некалькі ўзмоцненых міліцэйскіх патрулёў, а таксама людзі ў цывільным.

Міліцыянты дамаўляліся, як будуць ілжэсьведчыць

Супраць 15 затрыманых сьведчылі каля дзясятка міліцыянтаў. «Нестыкоўкі» ў іхных паказаньнях выклікалі гучны сьмех і незадавальненьне ў залі. Адну спадарыню нават выдалілі за непавагу да суду. Затое яна пачула, пра што ў калідоры перамаўляліся міліцыянты:

«Яны паміж сабой адразу дамаўляліся, хто што сказаў і што павінен казаць наступны. І прычым у грубай форме — маўляў, мы іх „зрабілі“, і яшчэ „зробім“, і гэта не апошні раз. Я ўсяго бачыла двух-трох чалавек зь іх, якія гаварылі шчыра, астатнія — дамаўляліся паміж сабой, і не каб казаць праўду, а што сказаць адмыслова. І пры гэтым усё злосна камэнтавалі і сьмяяліся».

Малітоўніка затрымалі нібы за пікет

Зьміцер Пчолкін
Сярод іншых штраф за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі атрымаў актывіст аргкамітэту дзеля стварэньня партыі БХД Зьміцер Пчолкін. Яго затрымалі каля крыжа на Ўсьпенскай горцы, дзе а 8 вечара штодня праходзіць малітва за палітвязьняў:

«Мяне затрымалі адразу пасьля малітвы. У мяне ў руках была старонка з газэты „Наша ніва“, якая легальна выдаецца, з партрэтамі палітвязьняў. Супрацоўнік спэцназу Бутонаў заявіў, што гэта пікет. Але ў нашай краіне кожны чалавек павінен мець права маліцца за каго заўгодна — ніхто ня можа абмяжоўваць мае рэлігійныя правы. Я маю права на малітву, і ніхто ня можа мяне ў гэтым абмяжоўваць».

Прысуды будуць абскарджвацца

Судовая пастанова, відавочна, была гатовая загадзя: судзьдзя нават не выходзіла з залі, перад тым як яе агучыць. Некаторыя з тых, хто атрымаў штрафы, рыхтуюцца абскардзіць рашэньне судзьдзі Іны Грабоўскай у абласным судзе.

Актывіст «Маладой Беларусі» Алесь Галавань рыхтуецца абскардзіць рашэньне судзьдзі Першамайскага райсуду Валянціны Кісьмярошкінай. Яна прысудзіла хлопцу арышт на 6 сутак нібыта за дробнае хуліганства — лаянку матам.

Спадара Галаваня таксама затрымалі 6 ліпеня, але яшчэ да пачатку акцыі маўклівага пратэсту. Ён быў аўтарам шэрагу допісаў на віцебскай старонцы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».

У Наваполацку прысудзілі штраф памерам 350 тысяч удзельніку акцыі 6 ліпеня Мікалаю Марозу. Яго судзіў сам старшыня Наваполацкага гарадзкога суду Пётар Ляўчонак.

Спадара Мароза затрымалі 7 ліпеня — празь дзень пасьля акцыі, і склалі на яго пратакол ня толькі за ўдзел у наваполацкай «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку», але й за яе арганізацыю. На судзе супраць яго сьведчылі міліцыянты і некалькі ідэалягічных работнікаў гарадзкога маштабу.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Зь перадач у ізалятар міліцыянты выкідаюць «Народную волю»

Раней «Свабода» паведамляла пра затрыманьне ў Магілёве дванаццаці чалавек. Сярод вязьняў ізалятара часовага ўтрыманьня — і незалежны журналіст Алесь Асіпцоў.

Мы атрымалі паведамленьне ад Алены Асіпцовай — жонкі асуджанага на 10 сутак арышту журналіста. Перадусім спадарыня Алена сказала пра праблемы ў перадачы арыштаванаму кніг і газэтаў. Па словах Алены, сёньня турэмныя ахоўнікі адмовіліся перадаць газэту «Народная воля». Не прымалі напачатку і тыднёвік «Наша ніва».

Алена Асіпцова: «Ахоўнікі нічога не тлумачаць. Яны недзе доўга хадзілі з газэтай „Наша ніва“. Кансультаваліся дзесьці. Праглядалі яе неаднаразова, тэлефанавалі шмат разоў. Але ўрэшце ўзялі. Таксама не прынялі ваду і сухары».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Маці затрыманага: «Калі зломяць жыцьцё майму сыну, я пайду да канца…»

У Горадні працягваюцца суды над затрыманымі ўдзельнікамі «маўклівых» акцый 3 і 6 ліпеня. Праваабаронцы, якія сочаць за працэсамі, кажуць, што пакуль лічба асуджаных складае трохі болей за 20 чалавек.

Праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Раман Юргель распавядае, што за ўдзел у акцыі 3 ліпеня было складзена 69 пратаколаў, а за 6 ліпеня — каля сарака.

Па словах суразмоўцы, частку затрыманых судзяць выязныя суды адразу ў пастарунках, таму дадзеных пра асуджаных няма. Яшчэ праваабаронца дадае, што некаторых удзельнікаў акцыі, якім выдалі позвы на наступны тыдзень, сёньня тэрмінова пачалі выклікаць у суд.

Сёньня з суду Ленінскага раёну выйшаў спадар, якому толькі што зачыталі рашэньне. Вось што ён распавядае.
Судзьдзя нічога не пытаўся. Але штраф — 825 тысяч рублёў.

Спадар: «Я казаў, што я ні на якую акцыю не ішоў, што мы ішлі з жонкай заказваць у кавярні столік на дзень нараджэньня сына. Тут людзі пачалі пляскаць у ладкі, і я пачаў гэта здымаць. І вось да мяне прычапіліся: маўляў, чаму не здымалі кінатэатар „Гродна“? Я ім кажу, што ў мяне такіх сотні здымкаў, а тут людзі ходзяць, мне цікава. Ну і ўсё, судзьдзя болей нічога не пытаўся — 825 тысяч штрафу».

Спадарыня Надзея распавядае, што ейнага сына асудзілі на 10 сутак. Ён ішоў на сустрэчу зь сябрам да крамы «Баторыя» па Савецкай вуліцы, дзе адбывалася акцыя.

Музыканта міліцыянты абвінавацілі ў брыдкаслоўі

Спадарыня: «Да яго падышлі два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, паказалі дакумэнты і сказалі, што ён падобны да злодзея, які абрабаваў банк на Віленскай, маўляў, трэба праехаць у аддзяленьне і разабрацца. У пастарунку на Азёрскай шашы на яго склалі пратакол за тое, што ён нібыта брыдкасловіў».

Спадарыня Надзея кажа, ейны сын займаецца музыкай і ніколі ня ўдзельнічаў у палітычных акцыях, быў убаку ад гэтага. Яна кажа, што зараз сына могуць звольніць з працы і праз гэта зламаць яму жыцьцё. Спадарыня вельмі абураная паводзінамі міліцыянтаў.

Спадарыня: «Я хоць і сталы чалавек, мне ўжо хутка 60 гадоў, але я буду змагацца. Калі майму сыну зломяць жыцьцё, я гэтага так не пакіну, я нават у турму пайду…».
Я хоць і сталы чалавек, мне ўжо хутка 60 гадоў, але я буду змагацца.

Супрацоўнікі КДБ у псыхічным шпіталі

Спадар Рыгор за ўдзел у акцыі 3 ліпеня быў асуджаны сёньня на 30 базавых велічыняў. Кажа, што астатнія атрымлівалі прыблізна такія самыя штрафы.

Спадар: «Прававое бязьмежжа… Я думаю, што яны баяцца ўжо да такой ступені… Учора нават на працу да маёй жонкі езьдзілі, паколькі бачылі яе ў мінулую сераду. Падчас папярэдняй акцыі нават псыхічны шпіталь пакінулі безь міліцыі, усіх пагналі на плошчу, вось яны яе там убачылі. Учора КДБ у шпіталі гутаркі праводзіў прафіляктычныя з супрацоўнікамі, а з маёй жонкай асобна. Гэта ж трэба было ехаць аж у Баяры дзеля гэтай гутаркі…».

МЕНШЧЫНА


«Міліцыянт прыкідваўся глуханямым…»

Жыхар Барысава Віктар Зьвезьдзін распавёў сёньня «Свабодзе» пра кур’ёзныя паводзіны міліцыянта падчас затрыманьня ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў мінулую сераду, 6 ліпеня.

Па словах суразмоўцы, ён любіць адпачываць пад дрэвамі ля Цэнтральнай плошчы ў Барысаве. «Так было і 6 ліпеня а 19 гадзіне», — сказаў суразмоўца, папрасіўшы ўявіць сытуацыю: малады чалавек у цывільным падпёр «пятай кропкай» легкавы аўтамабіль, з салёну якога гучала песьня Віктара Цоя «Перамен!».

Зьвездзін: «Вадзіцель просіць мяне: «Скажы, няхай ён адыдзе ад аўтамашыны, дасьць мне выехаць». Я так і зрабіў. Але малады чалавек жэстамі і мімікай пачаў удаваць зь сябе глуханямога дурня. Побач назіралі супрацоўнікі ДАІ. Я прапанаваў ім свае дакумэнты, кажу: «Запішыце нумары майго хатняга і мабільнага тэлефона». Прашу іх: «Хлопцы, буду сьведкам, што творыцца правакацыя».

Пытаюся ў спадара Віктара: чаму, на яго думку, міліцыянт удаваў зь сябе глуханямога клоўна, а супрацоўнікі ДАІ ніяк не рэагавалі на просьбу вадзіцеля й чалавека, які хацеў яму дапамагчы?
Я ўпэўнены, што за ролі глуханямых і клоўнаў пры затрыманьні людзей ім асобна й добра плацяць.

«Я ўпэўнены, што за ролі глуханямых і клоўнаў пры затрыманьні людзей ім асобна й добра плацяць. Гэта — першае. Па-другое, яны ж таксама ведаюць, што рана ці позна за ўсё гэта давядзецца адказваць. Ведаюць гэта шараговыя выканаўцы і начальнікі, бо калі я быў у кабінэце начальніка міліцыі і туды зайшоў „глуханямы“, то яны між сабой пачалі размаўляць. Я ажно ўскочыў і кажу начальніку: „Гэта ж правакатар! Назавіце мне яго прозьвішча!“. Той жа ад размовы ўхіліўся, сказаў, што гэты міліцыянт прыехаў у Барысаў зь іншага гораду…».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Абвінавачаны актывіст Юры Бацук даводзіць, што міліцыянты ілгуць у судзе

Затрыманы 6 ліпеня на маўклівай акцыі пратэсту ў Берасьці Юры Бацук, каардынатар руху «Маладая Беларусь» па гэтым горадзе, 7 ліпеня быў дастаўлены ў суд Ленінскага раёну Берасьця. Падчас суду ён не пагадзіўся са сьведчаньнямі міліцыянтаў і запатрабавааў, каб у працэсе прысутнічалі і ягоныя сьведкі:

Юры Бацук: «Супрацоўнікі міліцыі ілгуць. Іх мана заключаецца ў тым, што яны сапраўды не назвалі сябе. А яны сьцьвярджаюць, што яны да мяне падышлі, сказалі „Добры дзень. Мы супрацоўнікі міліцыі“. Дасталі пасьведчаньне. Паказалі. Сказалі: „Прайдзіце, калі ласка, з намі ў аўтамабіль“. Пасьля чаго я ім сказаў: „Не, не пайду“. А яны нібыта кажуць: „Ну, тады мы будзем да вас прымяняць фізычную сілу“. А я нібыта сказаў: „Ну і прымяняйце“ і спрабаваў зьбегчы. То бок мана!».

Паседжаньне па справе Юрыя Бацука перанесьлі на 15 ліпеня. Актывіст ужо мае 4 сьведак, якія гатовыя пацьвердзіць ягоныя паказаньні, але шукае і іншых людзей, якія бачылі, як яго затрымлівалі.

Затрыманы разам зь Юрыем Бацуком Станіслаў Фядзько сьцьвярджае, што падчас акцыі на іх накінуліся ззаду людзі ў чорным і пачалі цягнуць з натоўпу. Ніякіх дакумэнтаў яны не прад’яўлялі. Сам Станіслаў Фядзько 7 ліпеня быў асуджаны да штрафу ў 20 базавых велічыняў.

Дэмакратычная грамадзкасьць Берасьця мае намер зьвярнуцца да ўрадаў іншых краінаў

7 ліпеня дэмакратычная грамадзкасьць Берасьця сабралася, каб абмеркаваць адкрыты зварот да прэзыдэнтаў і ўрадаў ЭЗ, РФ, ЗША, Міжнароднай арганізацыі працы і Міжнароднай арганізацыі свабодных прафсаюзаў. Паведамляе адзін з ініцыятараў стварэньня звароту старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі прадпрымальнікаў Свабоднага прафсаюзу Беларускага Віктар Чайкоўскі:

«Зьвяртаемся, таму што адбываецца „бязьмежжа“ ў Беларусі. У прыватнасьці, прыводзіцца шмат прыкладаў таго, што адбылося ў Берасьці з актывістамі грамадзянскай супольнасьці, якія правакацыі праводзілі супрацоўнікі КДБ і міліцыі, пра ілжэсьведчаньне ў судах, пра затрыманьні, пра той выпадак, які здарыўся з журналістам, калі адзін зь міліцыянтаў сарваў бэджык у грамадзяніна Брэста, які здымаў, як спрабавалі арыштаваць непаўналетняга хлопца».

Сутнасьць звароту ў тым, што Беларусь апынулася ў глыбокім прававым і палітычным крызісе і звароты ў дзяржаўныя інстытуты, на жаль, не даюць ніякага выніку — ані ў пракуратуру, ані ў суды і г.д. Мы просім дапамагчы вярнуць Беларусь у прававыя нормы міжнародных пактаў, узмацняючы ціск на аўтарытарны рэжым Беларусі».

Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці Берасьця падпішуць зварот сёньня, 8 ліпеня, а 19 гадзіне.

Станіслаў Коршунаў, журналіст «Брэсцкай газэты», зь якога падчас маўклівай акцыі чалавек у цывільным сарваў журналісцкі бэджык, камэнтуе зьяўленьне звароту:

«Хацелася б, каб і гэты выпадак прысутнічаў у звароце, таму што гэта выпадак, які непасрэдна ўплывае на свабоду прэсы і ў Брэсьце, і ў рэгіёне».

Збор сродкаў на штрафы для затрыманых

Берасьцейскія дэмакратычныя партыі й арганізацыі распачалі збор сродкаў, каб дапамагчы ўдзельнікам сацыяльных акцый з выплатай штрафаў. У Берасьці на акцыях затрымалі каля 100 чалавек, 60 зь іх атрымалі штрафы.

Кіраўнік берасьцейскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Віктар Клімус паведаміў, што ў першыя дні партыйцы сабралі больш за 300.000 рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG