Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле сьпісаў праваабарончага цэнтру “Вясна”, за акцыю 6 ліпеня ў Менску ўжо засудзілі 90 чалавек, яны атрымалі ў асноўным па 10—15 сутак арышту. Усяго пры разгоне маўклівых акцыяў пратэсту мінулай серады ў Менску арыштавалі 190 чалавек, у рэгіёнах — 220.

Прысуды затрыманым удзельнікам акцыі маўклівага пратэсту 6 ліпеня выклікаюць абурэньне ў сваякоў асуджаных і ў прафэсійных юрыстаў. Некаторыя спрабуюць абскардзіць пакараньне.

Ірына Северцава, жонка асуджанага на 12 сутак судом Савецкага раёну Менску Вадзіма Северцава, сёньня зьвярнулася да адваката. Разам яны паспрабуюць давесьці, што Вадзім наагул ня ўдзельнічаў у акцыі. Хоць міліцыянты ў судзе сьведчылі, што ён быў яе актыўным удзельнікам і нецэнзурна лаяўся пры затрыманьні.

Спадарыня Ірына распавяла "Свабодзе", са слоў адваката, што адбылося насамрэч:

"Ён ішоў з Арлоўскай на Багдановіча на прыпынак, каб сесьці на тралейбус.А там якраз разгортваліся гэтыя падзеі. І пабачыў, як "хлопчыкі" затрымлівалі сталага чалавека. А мой муж ня любіць, калі ўжываюць гвалт над старымі. І ён ім культурна сказаў: спыніцеся, што вы робіце? Ну, а тыя ў цывільным кажуць: заступаесься, зараз і ты зь ім пойдзеш".

Ірына Северцава кажа, што яе муж ніколі ня быў палітычным актывістам. Але як неабыякавы чалавек ён ня мог прайсьці міма:

"Наконт нецьвярозага выгляду яны ніяк не маглі прыплесьці. Карацей, лаяўся матам. А для Вадзіма такіх словаў наагул у прыродзе не існуе. Ён мат не ўжывае ніколі, ні ў ніякім выглядзе. Гэтыя словы не зь яго лексыкону".

Спадарыня Северцава будзе змагацца за вызваленьне мужа. Хоць прызнаецца, што спадзяваньняў на посьпех у яе няшмат:

"Яны пабачылі ў Вадзіме неабыякавага чалавека. А такія нашай уладзе, на жаль, не патрэбныя. Яе нашмат больш задавальняюць такія, хто з раніцы напіўся, а пасьля і дзень свабодны".

Гары Паганяйла, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хэльсынскага камітэту, таксама ня вельмі спадзяецца на тое, што клопаты спадарыні Северцавай і яе адваката дадуць плён. Ён згадвае, што беларускія судзьдзі ўжо ўвайшлі ва ўсясьветную юрыдычную літаратуру са сваімі неверагоднымі прысудамі нямым, якія нібыта крычалі "Жыве Беларусь!". Цяпер да гэтага дадасца і вырак аднарукаму, які нібыта моцна пляскаў у ладкі:

"Зразумела, што ў нашых умовах гэта зьдзек з правасудзьдзя. Гэта ўжо не суды, а нейкія квазі-органы, якія, падпарадкоўваючыся загадам выканаўчай улады, дзейнічаюць насуперак здароваму сэнсу і закону. І, канечне, гэта ўсеагульнае пасьмешышча ня толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG