Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры месяцы застаецца да 8 кастрычніка, калі ў Беларусі плянуецца правесьці Народны сход. Сёньня ў Менску адбылася пашыраная нарада аргкамітэту з удзелам рэгіянальных каардынатараў. А перад яе пачаткам сустаршыня аргкамітэту Народнага сходу Віктар Івашкевіч і прадстаўнікі шэрагу яго рэгіянальных структураў правялі прэс-канфэрэнцыю. На ёй быў агучаны зварот да ўдзельнікаў маўклівых акцый і актывістаў: «Ствараем народную апазыцыю! Ладзім Народны сход!».

Народны сход — гэта не партыйны зьезд і не кангрэс дэмакратычных сілаў у Менску, у якім бяруць удзел нейкія абраныя дэлегаты. Народны сход — гэта масавыя мітынгі, якія павінны адбыцца 8 кастрычніка адначасова ў Менску і ўва ўсіх гарадах Беларусі і ў якіх павінны ўзяць удзел сотні тысяч людзей. Пра гэта гаворыцца ў звароце да грамадзянаў, які агучыў сустаршыня Народнага сходу Віктар Івашкевіч.

«Мы захапляемся мужнасьцю тых людзей, якія кожную сераду выходзяць на акцыі маўклівага пратэсту. Мы перакананыя, што перашкодзіць арыштам, вызваліць палітвязьняў і дамагчыся свабодных выбараў магчыма толькі тады, калі колькасьць маніфэстантаў будзе ў дзясяткі разоў пераўзыходзіць колькасьць карных сілаў дыктатарскага рэжыму. Менавіта дзеля таго, каб зрабіць народныя выступленьні ў абарону сваіх правоў максымальна масавымі, і быў створаны аргкамітэт Народнага сходу. Мы разумеем, што без масавай падтрымкі людзей, без далучэньня дзясяткаў тысяч новых валянтэраў, аднымі актывістамі дэмакратычных партый, арганізацый справу належным чынам не падняць».

Віктар Івашкевіч заклікаў грамадзянаў далучыцца да распаўсюду ўлётак «Не — згаленьню народа», тэкст якіх можна ўзяць на сайце Народнага сходу — narodnyshod.org. За дзесяць дзён працы яго наведала каля трох тысяч чалавек. Паводле Івашкевіча, патрэбныя мільёны такіх улётак. Напрыканцы лета арганізатары маюць намер падаць заяўкі на правядзеньне акцый на афіцыйна дазволеных месцах збору ва ўсіх гарадах.

«Зварот, які я зачытаў, — гэта рэакцыя на тыя працэсы, якія ўжо пайшлі і якія мы адчулі праз сайт Народнага сходу. І калі дастаткова добра інфармацыйную кампанію разгарнуць, то цалкам рэальна, што ў выніку падрыхтоўкі Народнага сходу адбудзецца стварэньне сапраўды народнага руху за зьмены на Беларусі».

Паводле Івашкевіча, па краіне цяпер працягваюцца арганізацыйныя сходы. Аргкамітэты па падрыхтоўцы мітынгаў ужо створаныя ў 20 гарадах Беларусі, сярод якіх Менск, Барысаў, Салігорск, Ворша, Наваполацак, Полацак, Магілёў, Бабруйск, Гомель, Баранавічы, Гародня і Ліда. У прэс-канфэрэнцыі ўзялі ўдзел рэгіянальныя каардынатары Віктар Калесьнік (Полацак), Яўген Канстанцінаў (Наваполацак), Аляксандар Кенда (Бяроза), Аляксандар Мех (Кобрын), Віктар Мезяк (Баранавічы) і Віктар Болдзін (Магілёў). Каардынатар па Менскай вобласьці Мікалай Пахабаў паведаміў, што ўжо распаўсюджана больш за 10 тысяч улётак. Асноўны ўпор робіцца на БелАЗ, прадпрыемствы Барысава і іншых гарадоў.
Народны сход — гэта масавыя мітынгі, якія павінны адбыцца 8 кастрычніка адначасова ў Менску і ўва ўсіх гарадах Беларусі і ў якіх павінны ўзяць удзел сотні тысяч людзей.

«Кампанія „Не — згаленьню народа“ і Народны сход па Менскай вобласьці ідзе вельмі актыўна. Ужо ў шмат якіх гарадах прайшлі сходы. Гэта Маладэчна, Смалявічы, Барысаў, Вілейка, Салігорск. Рыхтуюцца ў Жодзіне, Клецку, Любані. Дзякуй тым людзям, якія падтрымліваюць сходы і ўступаюць у аргкамітэт. Водгук у людзей, што трэба працягваць, бо нельга дапусьціць, каб народ згалеў так, як згалеў цяпер. Гэта кажуць не ў прыбіральнях, курылках, а гэта кажуць адкрыта, на працоўных месцах. Ёсьць міліцыя, ёсьць правакатары, якія перашкаджаюць нам працаваць.Але сабака брэша, а караван ідзе».

Пра настроі ў Кобрыне распавёў Аляксандар Мех:

«Гэтая ініцыятыва Народнага сходу адразу выклікала ў людзей цікавасьць, бо за апошнія некалькі месяцаў узровень жыцьця рэзка абрынуўся. Пакуль што большую цікавасьць выявілі прадпрымальнікі, бо яны больш страцілі. І ў наш аргкамітэт больш увайшлі прадпрымальнікі. Але мы шукаем магчымасьць, і да нас ужо прыходзяць людзі з прадпрыемстваў для размовы і ў жніўні абяцаюць даць сваіх прадстаўнікоў. Мы сёньня ўжо выходзім на прадпрыемствы. Наша задача — аб’яднаць усе сілы, каб 8 кастрычніка гэта быў сапраўдны ўсенародны сход. З кожным днём цікавасьць да гэтага падвышаецца і пашыраецца».

У нацыянальны аргкамітэт Народнага сходу ўваходзяць прадстаўнікі аргкамітэту «Беларускага руху», БСДГ, БСДП «Грамада», партыі «Справядлівы сьвет», руху «Гавары праўду», АГП, Беларускай партыі працы, аргкамітэту БХД і далучыўся, пакуль пэрсанальна, сябра руху «За свабоду» Віктар Карняенка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG