Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыянт прыкідваўся глуханямым…»


Жыхар Барысава Віктар Зьвезьдзін распавёў сёньня «Свабодзе» пра кур’ёзныя паводзіны міліцыянта падчас затрыманьня ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў мінулую сераду, 6 ліпеня.

Па словах суразмоўцы, ён любіць адпачываць пад дрэвамі ля Цэнтральнай плошчы ў Барысаве. «Так было і 6 ліпеня а 19 гадзіне», — сказаў суразмоўца, папрасіўшы ўявіць сытуацыю: малады чалавек у цывільным падпёр «пятай кропкай» легкавы аўтамабіль, з салёну якога гучала песьня Віктара Цоя «Перамен!».

Зьвезьдзін: «Вадзіцель просіць мяне: «Скажы, няхай ён адыдзе ад аўтамашыны, дасьць мне выехаць». Я так і зрабіў. Але малады чалавек жэстамі і мімікай пачаў удаваць зь сябе глуханямога дурня. Побач назіралі супрацоўнікі ДАІ. Я прапанаваў ім свае дакумэнты, кажу: «Запішыце нумары майго хатняга і мабільнага тэлефона». Прашу іх: «Хлопцы, буду сьведкам, што творыцца правакацыя».

Пытаюся ў спадара Віктара: чаму, на яго думку, міліцыянт удаваў зь сябе глуханямога клоўна, а супрацоўнікі ДАІ ніяк не рэагавалі на просьбу вадзіцеля й чалавека, які хацеў яму дапамагчы?

«Я ўпэўнены, што за ролі глуханямых і клоўнаў пры затрыманьні людзей ім асобна й добра плацяць. Гэта — першае. Па-другое, яны ж таксама ведаюць, што рана ці позна за ўсё гэта давядзецца адказваць. Ведаюць гэта шараговыя выканаўцы і начальнікі, бо калі я быў у кабінэце начальніка міліцыі і туды зайшоў „глуханямы“, то яны між сабой пачалі размаўляць. Я ажно ўскочыў і кажу начальніку: „Гэта ж правакатар! Назавіце мне яго прозьвішча!“. Той жа ад размовы ўхіліўся, сказаў, што гэты міліцыянт прыехаў у Барысаў зь іншага гораду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG