Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дыктатару, які кіруе Беларусьсю, не падабаецца чуць воплескі. Рэч у тым, што пляскаюць не яму, хоць і ў ягоны адрас”, – піша ў тыднёвіку Time Джэйсан Мотлаг.

Аўтар выданьня апісвае акцыі маўклівага пратэсту, што ахапілі Беларусь, і процідзеяньне, якое рэжым Аляксандра Лукашэнкі чыніць удзельнікам пратэстаў.

“Тым часам як дэмакратычныя актывісты ўзрушаныя сілаю сацыяльных сетак, – заўважае Мотлаг, – бальшыня ў Беларусі лічыць, што яшчэ зарана рабіць параўнаньні з Тунісам і Эгіптам. Беларусь застаецца рудымэнтам СССР, яна займае адно зь першых месцаў у сьвеце паводле колькасьці супрацоўнікаў спэцслужбаў у адносінах да ўсяго жыхарства краіны, там агромністы дзяржаўны сэктар”.

“І ўсё ж, – працягвае аўтар часопісу Time, – няма сумневу, што Лукашэнка сутыкнуўся з найгоршым крызісам за 17 гадоў сваёй улады. Магчыма, яму ўдасца выйграць час, прадаўшы Расеі дзяржаўныя актывы. (...) МВФ жа наўзамен за крэдыт запатрабуе рэформаў фінансавай сыстэмы, якія могуць аслабіць хватку рэжыму”.

Джэйсан Мотлаг зазначае: пэрспэктыва пратэстаў у Беларусі залежыць ад таго, ці выстаяць іх удзельнікі ва ўмовах сілавога перасьледу. “Застаецца ўбачыць, ці паддадуцца пратэстоўцы апатыі, што апанавала старэйшыя пакаленьні”, – падагульняе аўтар артыкулу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG