Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзіслаў Ахроменка: «Мой раман у Беларусі могуць выкінуць з кнігарняў»


Уладзіслаў Ахроменка

Уладзіслаў Ахроменка

Днямі ў менскай кнігарні «Галерэя Ў» прайшла аўтограф-сэсія празаіка Ўладзіслава Ахроменкі, чый кінараман-фарс «Тэорыя змовы» выйшаў напярэдадні ў выдавецтве «Логвінаў». У выдавецкім пасьляслоўі да кнігі гаворыцца: «Аўтар у парадаксальнай і жорсткай форме ставіць тыя беларускія пытаньні, якія многія баяцца задаць сабе нават у думках. Адказы гучаць іранічна, цынічна, непрадказальна і радыкальна». Пасьля сустрэчы з чытачамі «цынік і радыкал» Уладзіслаў Ахроменка адказаў на пытаньні «Дома літаратара».

— Уладзіслаў, ужо нават з-за адной анатацыі да вашай кнігі хочацца сьпяшацца ў кнігарню: «Калі ты сапраўдны аматар вострасюжэтных інтрыгаў, шматхадовых авантураў і фэерычных пагоняў, калі ты атрымліваеш асалоду ад шляхотнага каньяку, а не ад закіслага піва, — гэты раман пісаўся для цябе». Думаю, што і пасьля самой кнігі чытач не застанецца абыякавым: хтосьці нарагочацца, хтосьці абурыцца з аўтаравага цынізму. Каб зачапіць чытача за жывое, вы гатовы на ўсё?

— Не, ёсьць пэўныя межы, цераз якія я пераступіць проста не магу. Але чытач за маю кнігу выкладае з кішэні свой медны шэлег і за свае грошы мусіць атрымаць камфортнае чытаньне, яму мусіць быць цікава.

— Вы кажаце — ня можаце пераступіць пэўныя межы. Вось адзін з вашых герояў сьпявае: «Магутны Гітлер, ўладар сусьветаў…». Па-мойму, гэта акурат за ўсімі межамі.

— Не, гэта проста правакацыя — абсалютна відавочная. Гэта як у вядомым з 1994 году вершыку: «Пад гэтым бел-чырвоным сьцягам Пазьняк у кайзэра служыў». У маім рамане — прыкладна тое ж самае. Потым не забывайцеся, што верш Натальлі Арсеньневай у рамане ўкладаецца ў вусны адмоўнага героя. У тэксьце апісваецца батлейка «Подзьвіг Гастэлы», і для яе ўдзельнікаў такі пункт гледжаньня абсалютна натуральны.

— Вашу «Тэорыю змовы» мне хочацца параўнаць толькі з адным творам у беларускай літаратуры — з «Запіскамі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя. Толькі ў вас сатыра яшчэ больш брутальная. Ваш герой паэт-адраджэнец Скіргайла, які прадае душу д’яблу, каб уратаваць Беларусь, урэшце разумее, што фізычным зьнішчэньнем ворагаў беларушчыны яе не ўратуеш. А які ваш рэцэпт яе ўратаваньня?

— Можна колькі заўгодна крэмзаць на парканах лёзунгі «Люблю Беларусь!» ці «Жыве Беларусь!», вывешваць на комінах бел-чырвона-белыя сьцягі на Дзень Волі… Але ўсё ж Беларусь, увогуле радзіма, не пачынаецца са сьцягоў ці лёзунгаў. Радзіма пачынаецца з таго, што ты ўладкуеш сваю ўласную хату. Потым ты пачынаеш даводзіць да ладу вуліцу, дзе ты жывеш, потым горад, а ўжо потым — краіну. Увогуле, што такое радзіма? Радзіма — гэта ня лёзунг. Радзіма — гэта паркавая лаўка, дзе ты ўпершыню з дзяўчынкай пацалаваўся. Радзіма — гэта плюшавы мішка, з якім ты засынаў у дзяцінстве. Радзіма — гэта грады, якія ты даглядаў са сваёй бабуляй. А лёзунгі — гэта ўсё ж другаснае, як па мне.

— Ваш раман ілюстраваны як вэстэрн, на вокладцы гэткі імпазантны беларускі каўбой з абрэзам у руках. Але не абрэз прыцягвае ўвагу. Памятаецца чэхаўскае: калі ў першым акце на сьцяне вісіць стрэльба, то ў другім акце яна мусіць стрэліць. Зброя ў вашым рамане — знакамітая Дзіда Лангіна. Але яна не задзейнічаная. Можа, усё ж варта было пару-тройку ворагаў Беларусі на яе нанізаць?
Дзіда Лангіга — гэта цудадзейная зброя, а адзін з пасылаў майго тэксту — нельга спадзявацца на цуды.

— Які вы крыважэрны… У рамане забойстваў і так хапае. Прыкладам, у самым канцы кнігі адзін з галоўных герояў партызан дзед Талаш з прыхаванага нямецкага кулямёта расстрэльвае ўсё рагатае быдла, якое намерваецца забраць дзіцятка. Тое, што не выстрэльвае ў якасьці супэр-зброі Дзіда Лангіна — гэта сюжэтная спэкуляцыя. Яна не магла стрэліць у такой якасьці. Дзіда Лангіга — гэта цудадзейная зброя, а адзін з пасылаў майго тэксту — нельга спадзявацца на цуды. Вось я вазьму яе, пашастаю ўсіх ворагаў беларушчыны, увогуле ўсіх ворагаў, і адразу зажывем мы як мае быць… Цудаў не бывае. Трэба паляпшаць сваё жыцьцё сваімі рукамі.

— А яшчэ адзін з пасылаў вашага тэксту, калі я правільна зразумеў: залаты век той, у які мы жывем.

— Абсалютна правільна. Нельга мяняць мінулае, таму што яго а priori нельга зьмяніць. Мяняць трэба сучаснае. А мяняць сучаснае, зноў мушу паўтарыцца, трэба пачынаючы з уласнага дому. Прыбяры сваю хату, прыбяры свае грады, працуй на іх. Упарадкуй тое месца, дзе ты жывеш, дзе жылі твае дзяды і прадзеды, дзе будуць жыць твае дзеці і ўнукі. Вось што трэба мяняць. Немагчыма пернесьціся на пяць стагодзьдзяў таму, у часы Жыгімонта Старога, і мяняць нешта там. Усё — гэта ўжо пройдзены этап. Што было, тое сплыло. Агульны мэсыдж рамана — трэба давесьці да ладу сваю дзялку.

— Аўтарскае вызначэньне жанру «Тэорыі Змовы» — кінараман-фарс. Ці спадзяецеся вы, што ваш твор будзе экранізаваны?

— У сучасных варунках — не. Кінавытворчасьць вымагае вялікіх грошай. Я ў свой час трохі працаваў з «Беларусьфільмам», з маскоўскімі кінакампаніямі, і таму ведаю кінапрацэс. Пакуль ня будзе грошай, пра аніякае кіно гаварыць нельга. Што да экранізацыі… У сёньняшняй Беларусі «Тэорыю змовы» ніхто экранізаваць ня зможа. Мала таго, я не зьдзіўлюся, калі раман на чыёсьці пільнае распараджэньне выкінуць з кнігарняў.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG