Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Вінаградаў рыхтуецца да вясельля за кратамі


Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў у Івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы» зьбіраецца пабрацца шлюбам. Навукоўца-архівіст Зьміцер Дрозд пасябраваў у карантыне Бабруйскай калёніі з музыкам Сяргеем Казаковым.

Дзяўчына Паўла Вінаградава Сьвятлана Гарахавік распавяла, што Павал піша даволі часта, двойчы тэлефанаваў ёй з калёніі. Сьвятлана падзялілася, што пры канцы ліпеня ў іх з Паўлам Вінаградавым адбудзецца вясельле:

«Адзінае, чаго мы чакаем — гэта каб дакумэнты пра тое, што прысуд уступіў у сілу, дайшлі да калёніі. Проста калі яны ня дойдуць — нам не дадуць спатканьне. А калі пасьпеюць дайсьці — то ўсё будзе добра. Таму што дазвол на вясельле ў нас ужо ёсьць».

Карэспандэнтка: «А хто дае такі дазвол на вясельле?»

«Я пісала заяву ў ЗАГС, Павал таксама запаўняў. У кожнай калёніі супрацоўнікі ЗАГСу бліжэйшага населенага пункту прыяжджаюць адзін альбо два разы ў месяц і расьпісваюць зьняволеных».

Карэспандэнтка: «Але тады вам могуць даць нейкае доўгатэрміновае спатканьне?»

«Так. Тры дні калёнія дае — нібыта „падарункавыя“».
У кожнай калёніі супрацоўнікі ЗАГСу бліжэйшага населенага пункту прыяжджаюць адзін альбо два разы ў месяц і расьпісваюць зьняволеных.

Карэспандэнтка: «А туды гасьцей можна запрашаць ці не?»

«Толькі бацькоў і сьведак».

Маці Зьмітра Дразда Зоя Дзьмітрыеўна пры канцы ліпеня таксама зь нецярплівасьцю чакае спатканьня з сынам. Зьбіраецца паехаць разам з дачкой, сястрой Зьмітра, у Бабруйскую калёнію:

«Дзіма пакуль яшчэ на карантыне, яго яшчэ не перавялі ў зону. Пасябраваў з палітзьняволеным Сяргеем Казаковым. Яны зь ім толькі і кантактуюць. А пасьля 16 ліпеня — гэта будзе ўжо месяц карантыну — яны ў адзін атрад, канечне ж, ня трапяць, іх не зьмяшчаюць з адным артыкулам разам, стараюцца параскідаць».

Зьміцер Дрозд і Сяргей Казакоў — паплечнікі па кааліцыі «Эўрапейская Беларусь».

Зоя Дзьмітрыеўна распавяла, што піша Зьміцер часта:

«Яму там сказалі, што будзе скрыні зьбіваць. Ежы там, канечне, вельмі мала. Піша: „Ну, я маленькі, шчупленькі, дык мне яшчэ больш-менш хапае, а мужыкам пасалідней мала, амаль што галадаюць, ім вельмі цяжка. Цукру — „не паложана“, многіх іншых прадуктаў таксама“. Перадачы ж пакуль нельга ў карантын. Што да ежы, ён у мяне непераборлівы, вытрымае».

Ганна Казакова, маці Сяргея Казакова, які знаходзіцца цяпер разам са Зьмітром Драздом у карантыне, таксама вельмі перажывае за харчаваньне сына. Учора нечакана яна даведалася пра прыемную навіну:

«Зараз, незалежна ад таго, што сын у карантыне, яму можа пасылку даслаць. Я гэтага ня ведала, і ён сам ня ведаў. Я патэлефанавала ў калёнію, са мной вельмі ветліва, прыязна пагаварылі і сказалі: „Калі ласка, шліце“. Хуценька сабрала пасылку, хоць канвэрты перадала, а то ён скарыстаў апошні канвэрт».

Як і ўсе астатнія палітзьняволеныя, Сяргей Казакоў ні на што ня скардзіцца, хоць яму ўсяго 19:

«Піша, што ўсё ў яго добра. Як у арміі: выдалі форму, што маршыруюць цэлымі днямі, што праверкі частыя, у перапынках у памяшканьне заходзіць нельга, дык увесь час сядзяць на паветры. Наагул, ён піша заўсёды вельмі сьветла і сьвяточна, заўсёды ў добрым настроі. Я думаю, што ён проста ня хоча мяне хваляваць».
Дзьмітрый Дрозд
Нарадзіўся 26 сакавіка 1973 году. Працаваў фатографам, захапляўся навукай, дасьледаваў архівы.

Палітыкай не займаўся.

У 2010 годзе выйшла яго вялікая праца — кніга «Землеўладальнікі Менскай губерні 1861-1900».

Пад час выбарчай кампаніі 2010 года быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава. За ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня адбыў 10-суткавы арышт. 1 лютага 2011 года быў узяты пад варту на 3 сутак як падазраваны па часты 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу. Прад’яўлена абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
Сяргей Казакоў
Нарадзіўся 12 лютага 1992 году ў Ленінагорску ў Расеі. Скончыў менскую сярэднюю школу № 85. Сур’ёзна захапляўся музыкай. Актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь». Быў затрыманы 27 студзеня ў якасьці падазраванага па справе аб масавых беспарадках. Выстаўлена абвінавачаньне па артыкуле 293 КК. Зараз пад вартай у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG