Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужа з жонкай затрымалі праз гадзіну пасьля акцыі


7 ліпеня ў менскіх судах ішлі працэсы над людзьмі, затрыманымі падчас акцый маўклівага пратэсту, якія адбыліся ў розных месцах сталіцы днём раней.

Сяргей Каласоўскі і ягоная жонка Юля Савіч пабраліся шлюбам зусім нядаўна і амаль не расстаюцца. 6 ліпеня Сяргей і Юля, узяўшыся за рукі, гулялі ўздоўж праспэкту Незалежнасьці каля мэтро «Ўсход». Час быў — 9 гадзіна вечара. Акцыю маўклівага пратэсту каля Нацыянальнай бібліятэкі ўжо гадзіну як разагналі. Аднак да парачкі падышлі людзі ў цывільным і запатрабавалі ісьці прэч. Сяргей зрабіў, як яго вучылі ў школе: папрасіў людзей назвацца і патлумачыць, што яны парушалі. За гэта пацягнулі ў «варанок» спачатку яго, а потым і Юлю, якая спрабавала абараніць мужа. У выніку іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Маці Сяргея Іна Каласоўская распавяла мне гэтую гісторыю, спаслаўшыся на званок ад сына, зроблены ўначы зь Першамайскага РАУС. Да апошняга маці спадзявалася, што дзяцей адпусьцяць, але сёньня мусіла ісьці ў Першамайскі суд. Іна Каласоўская кажа, што гэтая гісторыя разбурае ўвесь яе жыцьцёвы досьвед:
Узьнікае пытаньне, навошта ўвогуле ў школе вывучаюць такі прадмет, як правы чалавека.

«Узьнікае пытаньне, навошта ўвогуле ў школе вывучаюць такі прадмет, як правы чалавека, ці навошта вывучаюць беларускую мову? Навошта гэта робіцца: каб справакаваць ці каб проста паказаць, што ў нас нешта такое вывучаюць? Але аказваецца, што гэта ня мае значэньня. Хоць калі ты ведаеш сваё права, што міліцыянты мусяць назвацца, то чаму гэта не рэалізаваць? Я ўпэўненая, мой сын не мачыўся ў непатрэбным месцы пры сваёй жонцы і ня лаяўся матам».

Жонка Сяргея Каласоўскага Юля Савіч, калі яе прывялі ў суд, прасіла міліцыянтаў аб адным — каб ёй далі магчымасьць схадзіць у прыбіральню. Дазволілі. У калідоры, чакаючы суду, Юля сказала:

«Збольшага ў РАУС ставіліся нармальна. Але вось гэтае хамскае затрыманьне! Не сказалі, хто яны, за што затрымліваюць!».

Яшчэ Юля Савіч пасьпела сказаць, што вінаватай сябе не прызнае.

Судзіла дзяўчыну Анастасія Рагачэўская, але трапіць на працэс мне не ўдалося. Як і на працэсы, які вялі судзьдзі Аксана Сьвірыдзенка, Сяргей Лоштык ды іншыя, якія разглядалі адміністрацыйныя справы затрыманых 6 ліпеня. Судзьдзі пагаджаліся, што працэсы адкрытыя, але казалі, што забясьпечыць прысутнасьць публікі і прэсы ня могуць з тэхнічных прычын — нібыта няма вольнага памяшканьня. За тое, што я настойваў, каб прапусьцілі на суд, мяне проста пад прымусам вывелі з будынка Першамайскага суду і пратрымалі 2 гадзіны ў бліжэйшым пункце аховы правапарадку, правяраючы дакумэнты. Калі выпусьцілі на вуліцу, зноў у будынак суду ўжо не пусьцілі. Міліцыянты на ўваходзе сказалі, што адміністрацыйныя працэсы скончыліся, а вынікаў яны ня ведаюць.

Як стала вядома пазьней, Юлі Савіч прысудзілі 10 сутак арышту, яе мужу Сяргею Каласоўскаму далі 7 сутак. Паводле праваабаронцы зь «Вясны» Алесі Якубоўскай, якая сачыла за працэсамі, фактычна ўсіх затрыманых арыштоўвалі:

«Ёсьць пара чалавек, каму далі 5–7 сутак арышту, але большасьці даюць 10, а то і 15. Пакуль толькі адной жанчыне, якая з 43-га году нараджэньня, далі штраф. Гэтак ва ўсіх судах. А асуджаных у Заводзкім судзе павязуць адбываць пакараньне ў Жодзіна, бо на Акрэсьціна ўжо не хапае месца».

Паводле зьвестак праваабаронцаў, у Партызанскім судзе Менску асудзілі 15 чалавек, у Савецкім — 19, Фрунзенскім — 11, Кастрычніцкім — 17, Заводзкім — 20, Першамайскім — 7, Ленінскім — 21, Маскоўскім — 21 чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG