Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 ліпеня споўнілася 11 год, як у аэрапорце Менск-2 быў выкрадзены апэратар расейскага тэлеканалу ОРТ Зьміцер Завадзкі. З гэтай нагоды грамадзкая арганізацыя «Беларуская асацыяцыя журналістаў» арганізавала акцыю памяці. Родныя Зьмітра Завадзкага выказваюць салідарнасьць з журналістамі і іншымі людзьмі, якія цярпяць перасьлед падчас вулічных акцыяў «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».

Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася ў рэдакцыі незалежных газэт, радыё і тэлебачаньня з прапановай ушанаваць памяць Зьмітра Завадзкага хвілінай маўчаньня. Гэтую акцыю грамадзкая арганізацыя праводзіць ужо некалькі гадоў, кажа супрацоўніца БАЖ Яна Мельнікава:

«Наша галоўная мэта — патрэба нагадаць тым, хто, магчыма, забыўся, паказаць калегам, сваякам, а галоўнае — уладам, што мы памятаем пра яго зьнікненьне, што мы чакаем і спадзяемся: мы знойдзем адказы на ўсе пытаньні, не зважаючы на тое, што злачынцаў нібыта знайшлі».

Цягам некалькіх год у дзень зьнікненьня Зьмітра Завадкага журналісты, палітыкі і грамадзкія актывісты арганізоўвалі акцыю памяці пад назвай «Ланцуг неабыякавых людзей». Апошнім часам гэтая акцыя не праводзіцца, але маці Зьмітра Вольга Завадзкая кажа, што не крыўдуе, бо шмат хто цяпер за кратамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама вулічных акцыяў «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку»:
Я да адсутнасьці „Ланцугоў неабыякавых людзей“ стаўлюся спакойна, а вось тое, што праходзяць маўклівыя акцыі — гэта нехта вельмі здорава прыдумаў.

«Я да адсутнасьці „Ланцугоў неабыякавых людзей“ стаўлюся спакойна, а вось тое, што праходзяць маўклівыя акцыі — гэта нехта вельмі здорава прыдумаў, дай Бог яму здароўя. Хоць людзі таксама цярпяць, але я вельмі радая, што такія акцыі адбываюцца. Асабліва я задаволеная, што гэтыя акцыі закранулі рэгіёны — у абласных цэнтрах хваля пакацілася. І я таксама вельмі радая, што ў гэтым удзельнічае моладзь і людзі перасталі баяцца».

Зьміцер Завадзкі, беларускі журналіст, тэлевізійны апэратар. У 1994–1997 гг. ён быў асабістым апэратарам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. З 1997 году Зьміцер Завадзкі працаваў апэратарам на расейскім тэлеканале ОРТ, зь лістапада 1999 па травень 2000 здымаў у Чачэніі.

7 ліпеня 2000 году Зьмітра Завадзкага скралі, калі ён ехаў у аэрапорт «Мінск-2» на аўтамабілі, каб сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета. Аўтамабіль знайшлі ў аэрапорце, але самога Завадзкага з тых часоў ніхто ня бачыў. Зьнікненьне Завадзкага стала ў адзін шэраг са зьнікненьнямі вядомых апазыцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бо ўлады гэтаксама ня здолелі патлумачыць, што з ім здарылася.

14 сакавіка 2002 году па справе аб выкраданьні Зьмітра Завадзкага асудзілі 4 чалавек — былых супрацоўнікаў спэцыяльнага атраду міліцыі «Алмаз». У верасьні 2002 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы заявіла, што «сур’ёзна заклапочаная адсутнасьцю прагрэсу ў справе» і ўтварыла ўласны сьледчы падкамітэт, каб расьсьледаваць справу зьніклых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG