Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на брутальныя разгоны ранейшых акцыяў, 6 ліпеня ў Беларусі людзі зноў выйшлі на маўклівыя акцыі пратэсту. Улады і гэтым разам дзейнічалі жорстка — у гарадах Беларусі ўчора затрымалі больш за 400 удзельнікаў акцыяў. У рэгіёнах — 220, у Менску — каля 190. Каардынатараў групы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» «Вконтакте» запалохваюць. Ці зьбіраюцца яны працягваць акцыі? Як ацэньваюць вынікі папярэдніх акцый?

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», усяго за час правядзеньня «маўклівых акцыяў», арганізаваных «Рэвалюцыяй праз сацыяльную сетку» 15, 22 і 29 чэрвеня, 3 і 6 ліпеня, было затрымана каля 1730 чалавек. Зь іх у сталіцы — 980. Адзін з каардынатараў групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Ігар Коктыш кажа:
Перамога непазьбежная, і адступаць ні ў якім разе нельга.

«Перамога непазьбежная, і адступаць ні ў якім разе нельга. Рэжым у паніцы, і гэта тлумачыць ягоныя дзеяньні. Зараз стаўка на сілавое разьвіцьцё, але гэта памылкова, таму што, на мой погляд, гэта выкліча цалкам адваротную рэакцыю. Што тычыцца затрыманых, — вядома, вельмі шкада, што народ Беларусі вымушаны змагацца такім чынам за сваю свабоду. Натуральна, мы будзем працягваць да апошняга».

Будзе мяняцца фармат акцый, будуць прапанаваныя новыя крэатыўныя сцэнары, запэўніваюць актывісты сацыяльных сетак.

Іншы арганізатар акцый, Вячаслаў Дзіянаў, зазначыў, што будзе ўсё рабіць, каб акцыі не спыніліся. Паводле ягоных зьвестак, да ўчорашняй акцыі далучыліся прадстаўнікі ня толькі моладзі, але і людзей старэйшага веку. «Так, разгоны адбываюцца вельмі жорстка, шмат арыштаваных, але мы будзем думаць пра бясьпеку людзей, мяняць стратэгію. Акцыі будуць працягвацца».

Сацыяльныя сеткі — Twitter, «Жывы журнал», «Вконтакте» — напярэдадні акцыі, падчас яе і пасьля віравалі. З усіх куткоў Беларусі людзі паведамлялі пра тое, што адбываецца. За сацыяльнымі сеткамі ўважліва сачыла аглядальніца інтэрнэт-рэсурсаў «Начной Свабоды» Юлія Марчанка:
Вельмі актыўна сябе паказалі twitter-карыстальнікі ў абласных, а таксама раённых цэнтрах.

«Вельмі актыўна сябе паказалі twitter-карыстальнікі ў абласных, а таксама раённых цэнтрах — карыстальнікі зь Віцебску, Гомеля, Горадні, Магілёва. Дасылалі фатаздымкі, уражаньні, апэратыўную інфармацыю пра тое, што адбывалася, дзе перакрыты рух, куды нельга ісьці, дзе пачаўся хапун».

У твітэры людзі паведамлялі, што іх затрымліваюць. Перадавалі фатаграфіі пра брутальны разгон і «хапун» — фотакарэспандэнт Антон Матолька перадаў фота нават з аўтазаку, калі яго затрымалі. Улады, сілавыя структуры разумеюць, што сацыяльныя сеткі ў гэтым сэнсе ствараюць ім небясьпеку, і таму чыняць перашкоды.

Юлія Марчанка: «Якраз а 19-й гадзіне, калі меліся пачацца акцыі па ўсёй Беларусі, у твітэры пачалі зьяўляцца, так бы мовіць, „варожыя элемэнты“, варожыя для актыўных удзельнікаў тых дзеяньняў, што адбываліся, якія сваімі паведамленьнямі, можна скакаць, „глушылі эфір“. Акрамя таго, былі яшчэ робаты, так званыя „твітэр-боты“, якія перашкаджалі твітэр-карыстальнікам атрымліваць апэратыўную інфармацыю. Я б сказала, што твітэр адыгрывае значную ролю сярод сацыяльных сетак у Беларусі».

Запалохваюць і актывістаў. Каардынатара «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі» Зьмітра Шурхая папярэдзіла Берасьцейская абласная пракуратура. «З пададзеных матэрыялаў, з інфармацыі, разьмешчанай у сацыяльнай сетцы «Вконтакте», вынікае, што вы зьяўляецеся адным з арганізатараў адкрытай групы «Моладзевы пратэст — Берасьце». Зьмітру Шурхаю пракуратура нагадвае пра Закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Раней у актывістаў Сяргея Паўлюкевіча, Зьмітра Няфёдава прайшлі ператрусы, а саміх актывістаў дапыталі ў КДБ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG