Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Гамбар: «Супрацоўніцтва не ўратуе Лукашэнку і Аліева ад агульнавядомага канца»


Іса Гамбар
Іса Гамбар
Як паведамілі калегі з азэрбайджанскай службы нашага радыё, сёньня беларуская дэлегацыя на чале з прэм'ерам Міхаілам Мясьніковічам наведвае горад Гянджа, бярэ ўдзел у цырымоніі адкрыцьця зборачнага цэху камунальнай тэхнікі беларуска-нямецкай вытворчасьці на базе Гянджынскага аўтазаводу. Беларускі ўрадавы самалёт паляцеў туды наўпрост зь Менску.

Пра пэрспэктывы адносінаў паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам мы папрасілі выказацца кіраўніка адной з самых уплывовых апазыцыйных партый Азэрбайджана «Мусават», былога в.а. прэзыдэнта краіны Ісу Гамбара.

Дракахруст: Сп-р Гамбар, якое значэньне для Азэрбайджана мае супрацоўніцтва зь Беларусьсю? Да Баку зь яго нафтавым багацьцем, здаецца, заляцаюцца і Захад і Расея.

Гамбар: Мы жывем у век глябалізацыі, і чым больш кантактаў, асабліва эканамічных, з рознымі краінамі, тым лепш. У Азэрбайджана ёсьць што прапанаваць Беларусі, у Беларусі таксама.

Але ў цяперашніх умовах гэтыя адносіны не абяцаюць нічога асаблівага абодвум бакам. Пакуль у гэтых краінах існуюць аўтарытарныя рэжымы, пакуль у іх няма сапраўднай эканамічнай свабоды, гэтыя адносіны заўсёды будуць мець палавіністы характар. Абедзьвюм краінам трэба сур'ёзна думаць аб карэнных дэмакратычных пераўтварэньнях.

Дракахруст: Наколькі важную ролю ў дачыненьнях паміж Менскам і Баку адыгрывае салідарнасьць аўтарытарыяў?

Гамбар: Гэта сур'ёзны матыў. Аўтарытарны стыль кіраваньня ў Азэрбайджане і ў Беларусі прыводзіць да ўсё большай ізаляцыі гэтых краін у сусьветным маштабе і аўтарытарныя лідэры адчуваюць усё большую неабходнасьць кантактаў адзін з адным.

Але гэтыя дачыненьні не ўратуюць іх ні ад ізаляцыі, ні ад агульнавядомага канца. Я ўпэўнены, што зьмена аўтарытарных рэжымаў адбудзецца і ў Беларусі і ў Азэрбайджане.

Дракахруст: А як бы вы маглі параўнаць ступень рэпрэсіўнасьці азэрбайджанскага і беларускага рэжымаў? Цяпер у Беларусі перасьлед іншадумцаў вельмі інтэнсыфікаваўся: дзясяткі людзей адбываюць крымінальныя тэрміны, літаральна ўчора ў чарговы раз былі затрыманыя сотні людзей.

Гамбар: На жаль, паміж нашымі краінамі і ў гэтым шмат агульнага. Мы ўважліва сочым за змаганьнем беларускіх дэмакратаў.

Я, дарэчы, таксама адчуў на сабе дубінкі беларускага АМАПу. Пару гадоў таму на запрашэньне Аляксандра Мілінкевіча я быў Менску на Дзень волі.
Сёньня мяне цешыць актыўнасьць беларускіх дэмакратаў. Я радуюся за беларускіх калегаў. Эўропа надае падзеям у Беларусі больш увагі, чым падзеям у Азэрбайджане. Я думаю, што гэтыя два чыньнікі -- барацьба беларускіх дэмакратаў і прынцыповасьць Эўропы -- прывядуць да зьменаў у Беларусі.

У Азэрбайджане сытуацыя вельмі падобная на беларускую. У нас таксама няма свабоды сходаў, за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях сёньня ў турмах сядзяць дзесяткі нашых паплечнікаў, у тым ліку намесьнік старшыні партыі "Мусават", кіраўнік маладзёвай арганізацыі нашай партыі і многія іншыя актывісты азэрбайджанскага дэмакратычнага руху.

Але рэпрэсіўныя мэтады Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева ня спыніць барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі і ў Азэрбайджане. І нарэшце дэмакратычныя зьмены ў нашых краінах адбудуцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG