Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Яроменак: «І ў турме ёсьць месца радасьці»


Уладзімер Яроменак
Уладзімер Яроменак
Маці палітвязьня Фёдара Мірзаянава Людміла лістуецца ня толькі са сваім сынам, але і зь іншымі вязьнямі Плошчы. Вязьні распавядаюць ёй, што не дае падаць духам за кратамі. Людміла Мірзаянава пераслала нам ліст ад сябра МФ Уладзімера Яроменка.

«Знаходзячыся за кратамі, немагчыма быць шчасьлівым у поўнай меры. Са стратай свабоды ты губляеш магчымасьць займацца любімай справай, пазбаўляесься сродкаў да існаваньня, ня можаш быць побач з блізкімі, дарагімі для цябе людзьмі. Нават самае звычайнае - пайсьці туды, куды ты хочаш, пайсьці тады, калі ты хочаш - у цябе адбіраюць.

Аднак разам з тым у зьняволеньні я, безумоўна, атрымаў больш унутранай свабоды. Зьявіўся час пабыць з сабой сам-насам, прааналізаваць сваё мінулае жыцьцё, знайсьці дапушчаныя памылкі. За гэты час, як ня дзіўна, у гэтым месцы (СІЗА) я змог наблізіцца да Госпада. Таму сьцьвярджаць, што я цалкам быў няшчасным, не магу.

Вядома, і ў турме прыходзілася радавацца. Хоць турма - дзіўнае месца. Здаецца, сярод гэтых хмурных сьцен нават размова пра радасьць ісьці ня можа. Аднак нейкім дзіўным чынам пачынаеш і тут знаходзіць радасьць сярод рэчаў, на якія ў звычайным жыцьці не зьвярнуў бы ўвагі.

З радасьцю атрымліваю кожны ліст з волі. Немагчыма перадаць, што я перажыў, пачуўшы голас мамы на спатканьні, убачыўшы яе ўсьмешку і не заўважыўшы ні сьлязінкі, якія бачыў у яе вачах пасьля прысуду. Я радаваўся кожнаму пасяджэньню «суда», бо меў магчымасьць убачыць там сваіх родных і сяброў. Радаваўся і радуюся кожнай выпадковай сустрэчы са знаёмымі ў сьценах Валадаркі.

Кожная хвілінка прагулкі - гэта радасьць. Радасьць - кожны глыток сьвежага паветра пасьля затхлага, пракуранага памяшканьня камэры. Радасна кожнай раніцай, пачуўшы сьпевы птушак за акном, ўсьведамляць: я жыву ...

Як парадаксальна гэта б ні гучала, але шчасьлівым у жыцьці мяне робіць само жыцьцё. Я шчасьлівы, калі прачынаюся раніцай і ведаю, што сёньня магу зрабіць штосьці добрае і шчырае.»

17 чэрвеня 2011 г. СІЗА на Валадарскага

***
Сябра Маладога Фронту Ўладзімер Яроменак быў арыштаваны 20 студзеня 2011 году за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацый вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і зьмешчаны ў СІЗА на Валадарскага. Па рашэньні суду 14 траўня 2011 году быў прысуджаны да 3 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG