Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што месца асуджаных за падзеі 19 сьнежня не ў турме, і выказаў гатоўнасьць выслаць іх у Эўрапейскі зьвяз.

"Калі там, у ЭЗ, хочуць іх сабе забраць, то заўтра квіток выпішам і адправім. Не пытаньне. Хай забіраюць. Калі яны такія заступнікі па палітвязьням, то заўтра ў адзін вагон пасадзім, я прыму рашэньне, а я маю права яго прыняць, і ўсіх, і нават тых, хто сёньня застаўся на волі і мычыць на плошчах, усіх, за каго яны рупяцца, заўтра ў вагон – і туды," – заявіў Лукашэнка журналістам у чацьвер у Шклове, падчас рабочай паездкі.

"Калі хочуць хутчэй, то самалёт выдзелю. Перакіну імгненна, хай забіраюць," – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама заявіў, што ўдзельнікі акцый маўклівых аплядысмэнтаў спрабуюць скарыстацца эканамічнымі складанасьцямі ў краіне і дэстабілізаваць сытуацыю.

"Гэтая ўся шалудзівая маса невялікая, якая топчацца на плошчах. Ці тое мычыць, ці тое тупае, ці тое крычыць. Яны хочуць скарыстацца момантам. Яны выдатна разумеюць, што кожны дзень мы будзем з гэтага становішча, панікі, выходзіць. І мы выходзім".

Кіраўнік Беларусі таксама скрытыкаваў Расею за прыпыненьне паставак электраэнэргіі, якое адбылося ў чэрвені з прычыны беларускай запазычанасьці.

"Што тычыцца электраэнэргіі, то так – мы запазычылі. Але партнэры так не паступаюць. Зразумела, складаецца нейкая запазычанасьць. Не пасьпяваем аплаціць, ёсьць нейкія праблемы. Таму ня трэба нахіляць партнэраў. Я расцэньваю гэта, як непартнэрскія дзеяньні, ня кажучы ўжо пра саюзьніцкія або братэрскія адносіны", – сказаў Лукашэнка.

«Гэта непрыстойна ў адносінах да Беларусі Так паступаць нельга», - падкрэсьліў ён.

Камэнтар Свабоды

Яшчэ ў 2008 годзе падчас перамоваў з заходнімі дыпляматамі наконт лёсу тагачаснага палітзьняволенага, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна Лукашэнка прапаноўваў выпусьціць яго разам з хворай жонкай у Нямеччыну. Можна было меркаваць, што вяртаньне палітыка не прадугледжвалася.

У тагачаснай і цяперашняй прапанове кіраўнік Беларусі абапіраецца на багатую савецкую традыцыю. Менавіта гэтак быў прымусова дэпартаваны з СССР і пазбаўлены савецкага грамадзянства ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Аляксандар Салжаніцын.

А ў 20-х гадах прымусовая дэпартацыя была пастаўленая на паток, з СССР былі высланыя дзясяткі выбітных навукоўцаў, ў тым ліку філёзафы Мікалай Бярдзяў, Сяргей Булгакаў, Іван Ільін, Мікалай Лоскі, Піцірым Сарокін, Сямён Франк і іншыя.

«Усё гэта відавочныя контррэвалюцыянэры, памагатыя Антанты, арганізацыя яе прыслугачоў і шпіёнаў... Трэба паставіць справу так, каб гэтых ваенных шпіёнаў злавіць, і лавіць пастаянна і сыстэматычна, і выслаць за мяжу,» – пісаў У.Ленін Ф.Дзержынскаму ў траўні 1922 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG