Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелы пэнсіянэр: "Гэта былі сапраўдныя бандыты!"


Пэнсіянэр Уладзімер Марозаў
Пэнсіянэр Уладзімер Марозаў
Пэнсіянэр Уладзімер Марозаў, якому стала дрэнна падчас затрыманьня ўдзельнікаў маўклівай акцыі пратэсту 6 ліпеня ў Менску каля Нацыянальнай бібліятэкі, распавёў карэспандэнту БелаПАН, як усё адбывалася. Паводле пэнсіянэра, ён проста сядзеў на лаўцы разам зь іншымі пажылымі людзьмі. "Я ня тупаў, не крычаў, не міргаў, я проста сядзеў", — расказаў Уладзімер Марозаў.

Тым ня менш да пэнсіянэраў падышлі два чалавекі ў цывільным і папрасілі сысьці. У сваю чаргу Ўладзімер папрасіў іх назвацца. "На гэтым размова закончылася, паступіла каманда хапаць і цягнуць мяне ў аўтобус", — сказаў пэнсіянэр.

Уладзімер спрабаваў папярэдзіць нападаўшых, што ён інвалід і ў яго хворае сэрца. Але мужчыны працягвалі цягнуць пэнсіянэра ў аўтобус. "Гэта былі сапраўдныя бандыты", — ня вытрымаў Уладзімер Марозаў. Паводле яго, у нейкі момант ён страціў прытомнасьць. Калі ачуняў, побач былі прахожыя, якія дапамаглі яму дайсьці да прыпынку і пасадзілі ў таксі.

Мужчына паведаміў, што не пакутуе на эпілепсію, але ў яго хворае сэрца і лёгкія. Таму калі на яго наваліліся людзі ў цывільным, ён пачаў задыхацца. "Але ж я не тэрарыст, не забойца, я пэнсіянэр, — сказаў Марозаў. — За што вось так мяне? Хачу запытацца ў байца, які мяне душыў: сынок, за што ты мяне душыў?"


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG