Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»


Законапраект зьяўляецца працягам аналягічнага закону, прынятага ў 2004 годзе. У красавіку сёлета яго разгледзеў Сэнат ЗША. Цяпер дакумэнт мае назву «Акт аб дэмакраты і правах чалавека ў Беларусі».

«Гэты акт закліканы падтрымаць тых, хто змагаецца за годнасьць і асноўныя правы чалавека пад жорсткім ціскам з боку аўтарытарнага рэжыму,» -- сказаў ініцыятар новага закону, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт.

«Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі» заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі, ён заяўляе аб непрызнаньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Дакумэнт забараняе наведваць ЗША вышэйшым службовым асобам Беларусі, іх найбліжэйшым сваякам, а таксама іншым асобам, якія ўдзельнічаюць у парушэньнях правоў чалавека і барацьбе з дэмакратыяй, у тым ліку і тым, хто ўдзельнічаў у разгоне акцыі 19 сьнежня.

Акрамя таго, законапраект забараняе фінансаваньне з боку ЗША праектаў беларускай дзяржавы, за выключэньнем паставак гуманітарных і сельскагаспадарчых тавараў і тавараў мэдычнага прызначэньня. Законапраект таксама прадугледжвае блякаваньне актываў, якія належаць прадстаўнікам найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі або іх сямейнікам, а таксама асобам, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з дэмакратыяй, ды іхным сямейнікам.

Законапраект патрабуе ад Дзярждэпартамэнту падаць у Кангрэс зьвесткі аб продажы і пастаўках зброі беларускім рэжымам, зьвесткі аб асабістым багацьці Лукашэнкі, а таксама аб супрацоўніцтве беларускага ўраду зь любым замежным урадам ці арганізацыяй, зьвязанымі з цэнзурай або абмежаваньнем інтэрнэту.

Таксама ў дакумэнце зьмяшчаецца заклік да Міжнароднай фэдэрацыі хакею не праводзіць у 2014 годзе чэмпіянату сьвету ў Менску, калі ня будуць вызваленыя палітвязьні.

Найбольш істотныя папраўкі да тэксту 2004 году ўключаюць:

а) рэкамэндацыю прэзыдэнту ЗША падтрымаць вяшчаньне Радыё Свабода, Голасу Амэрыкі, Эўрапейскага радыё для Беларусі і Белсату;

б) рэкамэндацыю прэзыдэнту выдзяляць адпаведныя сумы грошай на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі ў 2012-2014 гг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG