Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянткі зьбілі журналістку "Вечернего Гродно"


7 ліпеня журналістка газэты "Вечерний Гродно" Паліна Жураўлёва наведала судовую мэдэкспэртызу, каб атрымаць афіцыйныя доказы ўжываньня супраць яе грубай фізычнай сілы.

Пацярпелая паведаміла "Свабодзе":

Жураўлёва: "Гэта было ў сераду, 6 ліпеня, каля паловы на 19-ю. Калі мы зь сяброўкамі падыходзілі да кавярні "Карчма", што на Савецкай вуліцы, на нас накінуліся дзьве невядомыя жанчыны, а потым да іх далучыліся нейкія маладыя людзі. Мяне перакулілі дагары нагамі некалькі разоў, я апынулася на зямлі, моцна ўдарылася галавой і сьпінай. Затым мяне кінулі ў міліцэйскую машыну, а на мяне яшчэ кінулі сталага спадара, які мяне прыдушыў. Нічога не тлумачачы і не адказваючы ні на якія пытаньні, нас завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Горадні".

У пастарунку высьветлілася, што Паліна Жураўлёва — грамадзянка Расеі. Яе адвялі ў міграцыйны аддзел і ўжо там склалі пратакол за тое, што яна зарэгістраваная ў Ваўкавыску, дзе жыве яе муж, а сама жыве і працуе ў Горадні.

У час папярэдняга допыту Паліне зрабілася дрэнна. Хуткая дапамога адвезла яе ў шпіталь.

Паліна Жураўлёва паведаміла "Свабодзе", што зьвернецца ў пракуратуру Гарадзенскай вобласьці з заявай на дзеяньні незнаёмых людзей. Па юрыдычную дапамогу грамадзянка Расеі зьвярнулася ў консульства Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG