Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У госьці да Аліева


Манумэнт Гейдару Аліеву ў Баку

Манумэнт Гейдару Аліеву ў Баку

Сёньня пачаўся афіцыйны двухдзённы візыт прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча ў Азэрбайджан.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу Савета міністраў РБ, візыт адбываецца па запрашэньні азэрбайджанскага боку. Плянуюцца сустрэчы Михаила Мясьніковіча з прэзыдэнтам Ільхамам Аліевым і прэм'ер-міністрам Артурам Расі-задэ.

Беларуская дэлегацыя таксама возьме ўдзел у адкрыцьці зборачнага цэху камунальнай тэхнікі беларуска-нямецкай вытворчасьці на базе Гянджынскага аўтазаводу.

Прадугледжана падпісаньне двухбаковых пагадненьняў. Прапрацоўваецца таксама пытаньне аб заключэньні кантрактаў на пастаўку ў Азэрбайджан ў другім паўгодзьдзі 2011 году тэхнікі МАЗ, МТЗ і светладыёднай тэхнікі беларускай вытворчасьці, адзначылі ў прэсавай службе беларускага ўраду.

Напярэдадні візыту Мясьніковіча беларускі пасол у Баку Мікалай Пацкевіч заявіў пра магчымасьць продажу Азэрбайджану акцыяў беларускіх НПЗ. "Калі ў Азэрбайджана будзе цікавасьць купляць актывы нашых НПЗ - калі ласка, заводы ўжо выстаўлены на прыватызацыю, і мы заўсёды гатовы да абмеркаваньня пытаньня ўдзелу ў акцыях", - сказаў Пацкевіч.

Ад 2006 па 2010 год Аляксандар Лукашэнка двойчы наведваў Азэрбайджан з афіцыйным візытам. Столькі ж раз з афіцыйным візытам пабываў у Беларусі прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў.

Падчас леташняга газавага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй Аляксандр Лукашэнка зьвярнуўся менавіта да Ільхама Аліева па крэдыт для пагашэньня доўгу перад "Газпромам" у памеры 187 млн. даляраў. "Я зьвярнуўся да Ільхама Аліева, прэзыдэнта Азэрбайджану. Ён мне на працягу сутак, нават менш за суткі, пазычыў 200 млн даляраў. Мы аплацілі "Газпрому" 187, сто працэнтаў разьлічыліся ", -- распавёў Лукашэнка ў інтэрвію"Эўран'юс" у чэрвені 2010 году.

У 2011 годзе пачаліся пастаўкі ў Беларусь азэрбайджанскай нафты з рамках своп-кантрактаў з Вэнсуэлай.

Даведка. За апошнія пяць гадоў экспарт беларускай прадукцыі ў Азербайджан вырас у чатыры разы і дасягнуў 140 млн. даляраў. Доля беларускіх тавараў на азэрбайджанскім рынку павялічылася з 1,96% у 2009 годзе да 2,33% - у 2010 годзе. Беларуска-азэрбайджанскі таваразварот па выніках мінулага году склаў 146,2 млн. даляраў.

За студзень-май сёлетняга году таваразварот вырас у 7,2 разы і дасягнуў 475 млн. даляраў. Экспарт беларускіх тавараў у Азэрбайджан склаў 111,5 млн. даляраў, павялічыўшыся на 77% ад узроўню 2010 году. Імпарт з Азэрбайджану склаў 363 млн. даляраў, ён павялічыўся ў 118 разоў.
XS
SM
MD
LG