Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судах па ўсёй краіне выносілі прысуды затрыманым удзельнікам маўклівай акцыі 6 ліпеня. Паводле праваабаронцаў, было затрымана па Беларусі каля 400 чалавек, зь іх каля 180 у Менску.

20:50 Удзельніку акцыі маўклівага пратэсту з Воршы — 70 тысяч штрафу

Яўгена Анішчанку, актывіста аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, аштрафавалі за падзеі 29 чэрвеня. Адміністрацыйны пратакол на яго склалі супрацоўнікі ДАІ.

Паводле аршанскага актывіста, штраф яму далі за тое, што яны з чатырохгадовай дачкой, седзячы на заднім сядзеньні аўтамабіля, нібыта не былі прышпіленыя.

Анішчанка: «Гэта поўная лухта, бо я сам кіроўца, і машыну супрацоўнікаў ДАІ мы бачылі здалёк, так што былі прышпіленыя. Я заўжды перастрахоўваюся ў дарозе. Але мне прад’явілі здымак, зроблены мабільным тэлефонам, на якім нават не відаць, хто ўвогуле сядзіць на заднім сядзеньні».

Ён згадвае, што 29 чэрвеня вакол плошчы Леніна, дзе зьбіраліся ўдзельнікі «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку», стаяла ажно 5 машын ДАІ. Калі людзі пачалі разыходзіцца, а ўладальнікі аўто — разьяжджацца, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі пачалі спыняць усе машыны па чарзе, правяраць дакумэнты ды шукаць падставаў для штрафаў. Некалькі чалавек аштрафавалі, некалькі атрымалі папярэджаньні.

6 ліпеня машыны ДАІ дзяжурылі ўзбоч плошчы Будаўнікоў у Наваполацку. Супрацоўнікі інспэкцыі штрафавалі тых, хто сыгналіў удзельнікам штосерадовай акцыі ў адказ на іхныя аплядысмэнты.

20:00 Апошнія падрабязнасьці судоў у рэгіёнах за дзень — у аглядзе «Хлопца з пратэзам рукі судзілі… за гарачыя воплескі.

17:00 Берасьце. Прысуды затрыманым на маўклівай акцыі 6 ліпеня. Сяргей Новік, Дзяніс Вітошкін, Эдвард Хорах, Станіслаў Федзько — 20 базавых адзінак. Алег Алясюк — 15 сутак, Юрась Бацук — суд перанесены на 15 ліпеня.

16:34 Сёньня судзьдзя Ленінскага раёну Магілёва Ірына Ланчава пакарала незалежнага журналіста Алеся Асіпцова адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.

Суды ў Магілёве над затрыманымі падчас апошніх пратэстных акцыяў, арганізаваных праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце, распачаліся ў чацьвер у другой палове дня. Акрамя Алеся Асіпцова, арыштаваны на 5 сутак Аляксандар Кісялёў. Грашовы штраф у 30 базавых велічыняў атрымаў Віталь Заблоцкі.

15:30 Паводле праваабаронцаў, у суд Савецкага раёну прывезьлі 19 чалавек. Аляксей Бураў, Аляксей Дураў і Вярбіцкі арыштаваныя на 8 сутак, Антон Рулёў на 10 сутак, Вітольд Зянькевіч, Марта Шматава і Аляксандр Зяньковіч на 15 сутак.

У судзе Партызанскага раёну — 15 чалавек. Аркадзь Собалеў арыштаваны на 5 сутак, Андрэй Лёлікаў на 7 сутак, Яўген Рэўт на 8 сутак, Дзяніс Руманчык на 12 сутак.

У судзе Фрунзенскага раёну, куды прывезьлі 7 чалавек, арыштаваны на 15 сутак Шумскі.

У судзе Кастрычніцкага раёну Дзьмітрый Белы арыштаваны на 15 сутак, Аляксандар Пратасеня на 12 сутак, Пацярухін на 10 сутак.

У судзе Заводзкага раёну на 10 сутак арыштаваныя Іван Марозаў, Віталь Дабрыян, Яўген Карусельчык, Максім Вінярскі, Аляксей Трывожка, Скабей, Ліўшыц, Корсак. Румянцаў атрымаў 5 сутак.

У Маскоўскім судзе на 9 сутак арыштаваны Красоўскі, на 10 сутак Аляксей Гаўрусёў.

Ад Акрэсьціна паведамляюць, што там спынілі прыём перадачаў.

14:30 Карэспандэнта Радыё «Свабода» Алега Грузьдзіловіча выпусьцілі з пастарунку і папярэдзілі, што ён павінен узгадняць сваю працу ў судзе са старшынёй судзьдзі.

13:45 Гомельскі дэмакратычны актывіст Руслан Усьціменка, які раней быў асуджаны на 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту 22 чэрвеня, зноў пакараны.

7 ліпеня суд Цэнтральнага раёну Гомелю разглядзеў адміністрацыйную справу, пачатую за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня, і зноў прысудзіў Усьціменку арышт на 15 сутак.

Сваякі спрабуюць перадаць перадачы затрыманым падчас учорашніх маўклівых акцый у турму на Акрэсьціна







13:35 Паводле праваабаронцаў, распачаліся судовыя паседжаньні ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску. 17 чалавек абвінавачваюць у дробным хуліганстве. Справы будзе разглядаць судзьдзя Мітраховіч. Ганчарык Галіна атрымала штраф 25 базавых велічыняў. Мішакоў і Бакіноўская арыштаваныя на 10 сутак кожны, У суд Завадзкога раёну Менску прывезьлі 7 чалавек, грамадзянка Раманчук аштрафаваная на 2 базавыя велічыні.

13:05 У судзе Першамайскага раёна Менску затрымалі карэспандэнта Радыё «Свабода» Алега Грузьдзіловіча і павялі ў пастарунак.

12:45 Міліцыянты на Акрэсьцна адмаўляюцца прымаць перадачы, пакуль ня сыйдуць журналісты.

12:32 Усудзе Кастрычніцкага раёна Віцебска судзяць 14 чалавек, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці. Іх судзяць усіх разам. Судзьдзя Іна Грабоўская.

12:30 У Першамайскі суд Менску прывезьлі шэсьць чалавек. Сярод іх муж і жонка Юля Савіч і Сяргей Каласоўскі, якіх забралі ў 21 гадзіну каля Нацыянальнай бібліятэкі. Да іх падышоў супрацоўнік у штацкім. Калі яго папрасілі назвацца, ён адказаў затрыманьнем. Цяпер іх будуць судзіць за дробнае хуліганства.

11:15 Паводле праваабаронцы Алесі Якубоўскай, у большасьці райсудоў Менску пройдуць працэсы, будуць судзіць па 8-12 чалавек. Учора частку затрыманых адпусьцілі, гэта пераважна непаўналетнія, чалавек зь дзіцём Але бальшыню не выпускалі, нават інваліда трэцяй групы. З Першамайскага пастарунку выпусьцілі Кацярыну Садоўскую, якой стала дрэнна, ёй выклікалі «хуткую». Некаторых выпусьцілі пасьля складаньня пратаколаў і папярэдзілі, што іх выклічуць позвай у суд. Дамініка Левандоўская, якая дзяжурыць каля Акрэсьціна, кажа. што людзей адтуль пакуль не вывозілі.

10:30 Да турмы на Акрэсьціна прыяжджаюць сваякі затрыманых, іх сабралася даволі шмат. Праваабаронцы кажуць, што сёньня — заўтра адбудуцца суды — у Партызанскім, Завадзкім, Маскоўскім і, магчыма, Першамайскім раённых судах Менску.

У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску — суды над затрыманымі 6 ліпеня

На 13 чалавек міліцыянты склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Чатырох чалавек позна ўвечары адпусьцілі дахаты, дзевяць — адвезьлі на ноч у ізалятар часовага ўтрыманьня.

Пераважная большасьць тых, хто быў затрыманы, трапілі ў Кастрычніцкі РАУС пасьля супольнай малітвы за палітвязьняў каля крыжа на Ўсьпенскай горцы. Людзі прыйшлі туды пасьля акцыі маўклівага пратэсту на плошчы Перамогі. У 19:30 плошчу пакідала калёна прыблізна са ста чалавек, якія ішлі па вуліцы Леніна, пляскаючы ў ладкі. Аднак затрымалі толькі тых, хто мэтанакіравана ішоў на супольную малітву.

Яшчэ некалькі чалавек былі затрыманыя да пачатку акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі»: іх спынілі міліцыянты на падыходзе да плошчы Перамогі. Колькасьць такіх затрыманых і прычыны затрыманьня пакуль невядомыя.

У Першамайскім райсудзе будзе працягнуты разгляд справы актывіста «Маладой Беларусі» Алеся Галаваня. Яго затрымалі напярэдадні акцыі 3 ліпеня ды склалі пратакол за «нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы». Судовы працэс над ім распачаўся 4 ліпеня.

6 ліпеня каля дзесятка чалавек былі затрыманыя ў іншых гарадах Віцебшчыны — Полацку, Наваполацку, Глыбокім. Але там усіх затрыманых адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG