Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Пачобут: "Працэс нада мной быў закрытым таму, што ў справе не было складу злачынства"


Андрэй Пачобут

Андрэй Пачобут

Вызвалены ўчора ў залі суду гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, якога засудзілі за паклёп на Аляксандра Лукашэнку на тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на два гады, сёньня сустрэўся са сваімі гарадзенскімі калегамі.

Андрэй Пачобут распавядаў пра тое, як яму сядзелася ў камэры ізалятара, а таксама пра судовы працэс, які быў закрытым.



Падчас судовага працэсу Андрэя Пачобута асабліва ўразілі абвінавачаньні, якія грунтаваліся на экспэртным заключэньні па ягоных артыкулах двух супрацоўнікаў ідэалягічнага аддзелу Гарадзенскага аблвыканкаму. Са слоў Пачобута, яны ня мелі пад сабой ніякай юрыдычнай асновы. І асабліва гэта стала відавочна, калі адвакаты Пачобута пачалі задаваць пытаньні ідэолягам.

Пачобут: "Мае адвакаты пыталіся ў іх — што такое зьнявага, абраза, гонар, годнасьць? На гэтыя пытаньні яны не маглі даць адказаў. Яны карысталіся слоўнікамі, але не карысталіся кодэксам. Калі ў Паўла Скрабка, загадчыка ідэалягічнага аддзелу, запыталіся — што такое паклёп? Ён адказаў — гэта калі пра чалавека сказалі няпраўду. І вось такога кшталту былі адказы".

На думку Андрэя Пачобута, судовы працэс над ім быў закрытым якраз з тае прычыны, што ўсю справу падрыхтавалі непрафэсійна.

Пачобут: "Цікава будзе, як суд гэта яшчэ сфармулюе і як абласны суд да гэтага паставіцца, бо складу злачынства ў справе няма абсалютна. У нармальным судзе гэта развалілася б яшчэ пад сьмех прысутных. Бачачы такога роду абвінавачаньні, думаю — толькі таму працэс і зрабілі закрытым".

Андрэй Пачобут таксама распавядаў, што сядзеў у камэры з рознымі людзьмі, сярод якіх быў нават адзін 65-гадовы літовец, які нагледзеўшыся беларускага тэлебачаньня, незаконна перайшоў мяжу, каб пажыць у беларускім калгасе.

Андрэй жартаваў з калегамі, пра цяжкасьці казаў мала. У камэры ён праседзеў больш за 2 месяцы. Сваё вызваленьне спадар Пачобут зьвязвае з міжнароднымі ціскам на беларускія ўлады:

Пачобут: "Я кажу, што маё вызваленьне — не прыкмета лібэралізацыі ў грамадзтве. Гэта хутчэй прыкмета таго, што ўлада рэагуе на моцныя аргумэнты, якія ў дачыненьні да яе выкарыстоўвае Эўразьвяз. І я лічу, што маё вызваленьне — гэта вынік увядзеньня эканамічных санкцый і пагроза ўвядзеньня дадатковых санкцый".

Андрэй Пачобут перакананы: беларуская ўлада надалей імкнецца запалохваць і журналістаў, і тых, хто выходзіць на мірныя акцыі кожную сераду.

Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай "Газэты выборчай" у Беларусі. У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з "Газэты выборчай" і дзьве з інтэрнэту — зь "Беларускага партызана" і "Жывога журналу". Андрэю Пачобуту прад’явілі абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ — 368 (частка 1) — "абраза" і 367 (частка 1) — "паклёп" у адносінах да прэзыдэнта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG