Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль судзяць за мінулыя акцыі, людзі рыхтуюцца да новай


Нягледзячы на судовы і іншы перасьлед за ўдзел у папярэдніх акцыях маўчаньня на заклік з сацыяльных сетак, у рэгіёнах Беларусі сёньня рыхтуюцца да новых пратэстаў. Час выхаду на цэнтральныя плошчы гарадоў на маўклівы пратэст — 19 гадзін.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Горадні працягвалі судзяць за акцыю 3 ліпеня. У асноўным каралі штрафамі.

Суды штрафуюць удзельнікаў акцыі на суму да 1 мільёна 50 тысяч рублёў. Сярод іншых з залі суду выйшла жанчына з чорнымі сінякамі на руках, якія зьявіліся пасьля грубага затрыманьня 3 ліпеня на вуліцы Савецкай.
Зьняла пабоі і адвезла заяву ў пракуратуру.

Спадарыня: «Наступнага дня я паехала здымаць пабоі, экспэрты склалі неабходныя паперы пра тое, што мне нанесеныя цялесныя пашкоджаньні, і сказалі, што я ўжо ня першая, хто сёньня прыяжджаў да іх з гэтае акцыі. Потым я павезла заяву ў пракуратуру, а таму па гэтай справе была першая».

Спадарыня кажа, што да яе адразу патэлефанавалі з КДБ і запрашалі на размову. Яна хадзіла і дала падпіску, што болей ня будзе ўдзельнічаць у акцыях.

З КДБ тэлефанавалі нават цешчы

Іншы ўдзельнік акцыі 3 ліпеня Рыгор кажа, што і да яго тэлефанавалі з КДБ.

«А ў мяне спачатку пачалі тэлефанаваць бацьку, затым маці, нават цешчы тэлефанавалі, жонцы і нарэшце мне. Гэта хацелі запалохаць маю сям’ю, такі своеасаблівы ціск. Запрашалі прыехаць, але я сказаў што ня маю часу, а сёньня мяне могуць засудзіць, то я ім нічога не абяцаў».

Журналістку Радыё Рацыя Гражыну Шалкевіч, якая 3-га таксама была затрыманая, настойліва запрашалі зьявіцца ў КДБ. Яна бяз позвы ісьці адмовілася.

«Фактычна я адмовілася ісьці, сказала, што занятая і заўтра таксама. Тэлефанавалі а 19-й увечары, на што супрацоўнік КДБ сказаў, што яны працуюць круглыя суткі і позву ён можа прывезьці дадому».

Першы штраф — 700 тысяч рублёў, другі — 875 000.

Першым, каму прысудзілі сёньня 700 тысяч штрафу, быў малады хлопец, якога завуць Васіль.

Спадар: «Я ёсьць і на відэа, і на здымках, бо яны яшчэ і здымкі рабілі. Яшчэ аднаго хлопца засудзілі на 875 тысяч. Але я буду пісаць скаргу, бо я хадзіў на сьвята, а яны мне прыпісалі нейкае шэсьце. Я стаяў з усімі і весяліўся».

Праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які сочыць за працэсамі, адзначае, што прысуды незаконныя:

«Складу правапарушэньня фактычна няма, бо не было ніякіх лёзунгаў, плякатаў, выкрыкаў, што можна было б кваліфікаваць паводле дзейнага заканадаўства як пікет ці шэсьце. Але калі людзі проста шпацыруюць і выяўляюць свае паводзіны праз аплядысмэнты, то гэта не зьяўляецца правапарушэньнем ніводнага з пунктаў заканадаўства. Таму суды так расьцягваюцца. Сытуацыя абсурдная, няма за што судзіць».

ВІЦЕБШЧЫНА


Тэрмінова судзілі актывіста Алега Сургана

У Віцебску напярэдадні чарговай акцыі маўклівага пратэсту тэрмінова судзілі актывіста Алега Сургана. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве за інцыдэнт 3 ліпеня.

У міліцэйскім пратаколе напісана, што спадара Сургана затрымалі на падыходзе да плошчы Перамогі нібыта пасьля ананімнага тэлефанаваньня ў міліцыю — маўляў, чалавек у карычневых нагавіцах лаецца матам і лузае семкі. Затрыманы апісвае падзеі так:

«Папрасілі паказаць дакумэнты каля плошчы Перамогі. Я паказаў. Мне загадалі: „Прайдзёмце з намі“. І павялі. Потым сказалі, што быў ананімны званок, склалі рапарты, і ўсё!».

Арыштавалі, каб не дапусьціць да ўдзелу ў акцыі маўклівага пратэсту

Як распавядае Алег Сурган, загад адвезьці яго ў апорны пункт аддаў начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага раёну Аляксандар Каліноўскі. На загад спадара Каліноўскага спаслаўся і міліцыянт, які прыехаў сёньня на машыне па спадара Сургана, каб адвезьці яго ў Кастрычніцкі райсуд. Высьветлілася, што дакумэнты для разгляду яшчэ не падрыхтаваныя, але загад ужо ёсьць:

«Той участковы, што мяне забіраў, сказаў: тэлефанаваў Каліноўскі, каб мяне прывезьлі ў суд на машыне. Там яшчэ справа не зарэгістраваная, толькі потым зарэгістравалі. Мы хадзілі да старшыні суду, маўляў, Каліноўскі казаў вось пра гэтага чалавека. Старшыня сказаў, каб справу маю перадалі Грабоўскай».

Судзьдзя Іна Грабоўская прызнала Алега Сургана вінаватым у дробным хуліганстве і прысудзіла 5 сутак арышту. Ён упэўнены, што ягоны арышт — гэта захады з боку міліцыянтаў, каб не дапусьціць ягонага ўдзелу ў сёньняшняй акцыі маўклівага пратэсту.
Пагрозы міліцыянтаў мяне не запалохаюць!

5 ліпеня міліцыянты прыйшлі да яшчэ аднаго ўдзельніка мінулай акцыі маўклівага пратэсту Ўсевалада Жураўлёва. Па заканчэньні акцыі на плошчы Перамогі ён пайшоў да крыжа на Ўсьпенскай горцы, дзе штодня адбываецца супольная малітва за палітвязьняў. Хлопца вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці:

«Зайшлі двое міліцыянтаў, спыталіся, ці ўдзельнічаў я ў шэсьці 3 ліпеня. А ніякага шэсьця не было! Але мне паказалі пратакол, распытвалі, навошта мы пляскалі ў ладкі, навошта і куды мы хадзілі...Нібыта мы заміналі хадзіць людзям і ёсьць такі відэазапіс. Нас насамрэч здымаў апэратар з машыны — адтуль, напэўна, уся інфармацыя».

Хлопец удакладняе, што 3 ліпеня ў 19.30 людзі разыходзіліся з плошчы Перамогі хто куды хацеў — і ніхто не заклікаў кагосьці пайсьці разам. Нехта пайшоў сьледам за групай, якая кіравалася на супольную малітву, зразумеўшы гэта як працяг акцыі.

Усевалад Жураўлёў прыходзіў на плошчу Перамогі ўжо ня першы раз, таму не зьдзівіўся ўвазе міліцыянтаў:

«Я браў удзел у кожнай акцыі, падчас выбараў быў назіральнікам — актыўнасьць нейкую праяўляў. Таму яны, пэўна, хочуць зрабіць так, каб я баяўся. А я ўсё адно ня буду баяцца!».

Рэкамэндацыі Паўла Левінава наконт паводзінаў на акцыі

У сацыяльных сетках пасьля мінулых акцыяў пачалі зьяўляцца пытаньні, ці маюць міліцыянты права затрымліваць людзей з пашпартамі і ці можна фатаграфаваць падчас акцыі. Адказвае віцебскі праваабаронца Павал Левінаў

«Дакумэнт лепей мець пры сабе, каб у міліцыянтаў было менш пытаньняў. І няма ніякіх нарматыўных актаў, якія забараняюць фатаграфаваць — фотаапараты ў нас у вольным продажы, на іх ня трэба ні ліцэнзіі, нічога. Таму, калі вы здымаеце нейкіх людзей, якія бяруць удзел у нейкіх падзеях, то ў гэтым няма нічога супрацьзаконнага».

Тым ня менш у Віцебску ўжо былі выпадкі, калі людзей за фатаграфаваньне затрымлівалі, а потым вінавацілі, быццам яны нецэнзурна лаяліся ў грамадзкім месцы.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Сябры БАЖу патрабуюць вызваленьня журналістак

6 ліпеня магілёўскія ўлады атрымалі ад сяброў «Беларускай асацыяцыі журналістаў» пісьмовае патрабаваньне неадкладна вызваліць журналістку Ганну Ільіну. Яна трэція суткі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Столькі ж у гэтым жа ізалятары няволіцца яшчэ адна магілёўская журналістка Аліна Скрыбунова.

Сябра недзяржаўнай журналісцкай арганізацыі Ганну Ільіну судзьдзя Ленінскага суду Магілёва Натальля Панасенка прызнала вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці 3 ліпеня і супраціве міліцыянтам, якія яе затрымлівалі.

Фатаграфаваньне акцыі прызналі адміністрацыйным парушэньнем

«Міліцыянты сьведчылі на судзе, што яна фатаграфавала. Вось чым яна выклікала іхнюю цікавасьць. Зь якога часу гэта парушэньне адміністрацыйнага і якога хочаце парадку? Мы хочам гэта дазнацца ад улады нашай мясцовай. Мы заклікаем уладу вярнуцца да таго стану, які зусім нядаўна яшчэ назіраўся ў нас у Магілёве, для таго каб недзяржаўныя журналісты мелі магчымасьць аб’ектыўна і поўна асьвятляць тое, што адбываецца ў жыцьці нашага гораду», — кажа адзін з ініцыятараў звароту да магілёўскіх уладаў журналіст Генадзь Суднік.
Міліцыянты сьведчылі на судзе, што яна фатаграфавала. Вось чым яна выклікала іхнюю цікавасьць.

Пасьля 10 сутак арышту ў Менску ў Магілёве асудзілі на 15

Аліну Скрыбунову таксама затрымалі спэцназаўцы, калі яна фатаграфавала шэсьце ўдзельнікаў маўклівай акцыі пратэсту. Яна выконвала рэдакцыйнае заданьне аднаго з гарадзкіх інтэрнэт-выданьняў. Яе, як і Ільіну, гвалтам зацягнулі ў спэцаўтобус. 4 ліпеня Ленінскі суд прысудзіў ёй 15 сутак арышту. Судзьдзя Аксана Ратнікава ў сваім выраку ўлічыла, што журналістка раней адседзела 10 сутак за Плошчу.

Аліна Скрыбунова ўзялася сама рыхтаваць абскарджаньне прысуду. Неабходныя кансультацыі яна атрымала ў перапынках разгляду адміністрацыйнай справы супраць яе. Падаць абскарджаньне яна мелася яшчэ ўчора.

Сямёра затрыманых 3 ліпеня яшчэ чакаюць суду

3 ліпеня пры разгоне маўклівай акцыі пратэсту ў Магілёве затрымалі 12 чалавек. Акрамя Ільіной і Скрыбуновай, на пяць сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі Андрэя Шалабодава і Івана Панцялеева. На пяцьдзясят базавых велічыняў аштрафавалі Яраслава Ялавога. Сямёра затрыманых чакаюць позваў у суд.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Ператрусы ў актывістаў сеткавай рэвалюцыі

У Берасьці напярэдадні маўклівай акцыі 6 ліпеня прайшлі ператрусы ў актывістаў сеткавай рэвалюцыі і адміністратараў адпаведных мясцовых суполак «ВКонтакте» — Яўгена Скрабца і Сяргея Алексіевіча.

Пра ператрусы «Свабодзе» распавёў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк:

«Стала вядома, што адбыўся вобшук у Яўгена Скрабца. Ён быў не на месцы, вобшук адбываўся ў ягонай адсутнасьці. Па справе, зьвязанай са спробай падпалу будынка суду ў горадзе Менску.

У непаўналетняга шукалі электронныя носьбіты інфармацыі

Пра Алексіевіча вядома, што па такой жа справе праходзіў ператрус. Маці яго толькі што тэлефанавала. На заўтра яго выклікаюць у інспэкцыю па справах непаўналетніх. Маці яго, канечне, у шоку, што кожны дзень нешта адбываецца і ціснуць такім чынам і на яго, і на ягоных сваякоў».

Ператрус у шаснаццацігадовага Сяргея Алексіевіча адбыўся 5 ліпеня. У абодвух актывістаў канфіскавалі кампутары, паперы, візытоўкі, шукалі любыя электронныя носьбіты інфармацыі. Праваахоўныя органы Берасьця пільнуюць актывістаў ужо ня першы тыдзень.

Сяргей Алексіевіч: «Мяне выклікалі ў КДБ некалькі тыдняў таму, бо я зьяўляўся адміністратарам адной зь мясцовых групаў «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». У сувязі з гэтым, я, напэўна, «у сьпісе».

Зьміцер Шурхай атрымаў папярэджаньне пракуратуры

Зьміцер Шурхай, кіраўнік адзьдзяленьня Партыі БХД Берасьцейскай вобласьці, які ўчора вызваліўся з ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля 7 сутак арышту за папярэднія маўклівыя акцыі, паведаміў, што падчас адседкі яму прымусова ўручылі афіцыйнае папярэджаньне.

Зьміцер Шурхай: «Мне прынесьлі з пракуратуры афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня заканадаўства за тое, што я адзін з адміністратараў берасьцейскай суполкі „Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі“. Я адмовіўся там падпісваць, але ён пакінуў гэтае папярэджаньне, яно ў мяне засталося. Там напісана, што паступілі дадзеныя з управы КДБ па Берасьцейскай вобласьці, што я зьяўляюся адным з адміністратараў суполкі, якая заклікае людзей на акцыі пратэсту, якія адбываюцца ў сераду а сёмай гадзіне ў межах кампаніі „Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку“. Там было напісана, што я парушаю заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы і ў наступны раз буду прыцягнуты да нейкай там адказнасьці».

Падобнае папярэджаньне ўручылі і Сяргею Алексіевічу.

Сёньня ў Берасьці яшчэ працягваліся суды і над затрыманымі на акцыі 29 чэрвеня.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Грамадзкая салідарнасьць з арыштаванымі за маўклівыя акцыі

У Гомелі актывісты руху «За свабоду» і грамадзкага камітэту «Салідарнасьць» пачалі збор сокаў, мінэральнай вады й сродкаў гігіены арыштантам ізалятара, асуджаным на 5–15 сутак за ўдзел у «маўклівай рэвалюцыі» 3 ліпеня. Гаворыць рэгіянальны кіраўнік руху «За свабоду» Пятро Кузьняцоў:

«Мы маем офіс, мы маем досьвед, наша дзейнасьць цалкам празрыстая, і гэта дало нам такі грамадзкі мандат. Людзі нам давяраюць, нясуць нам ахвяраваньні. І мы ўжо альбо сплачваем штрафы, альбо разьмяркоўваем дапамогу і заўсёды робім справаздачу ў сацыяльных сетках — выкладаем фатаздымкі чэкаў, квітанцыяў на аплату штрафаў. Гэтую працу зараз вядзе Галіна Краўчанка — яна актывістка руху й адначасова абласны прадстаўнік камітэту «Салідарнасьць».

У Гомельскім ізалятары цяпер знаходзяцца 7 чалавек , пакараных арыштамі на 3–15 сутак за ўдзел у маўклівай акцыі пратэсту. Трох аштрафавалі. Ім і прызначана дапамога.

Перадачы арыштантам зьбіраюць (зьлева направа) Дарыя Суворава, Пятро Кузьняцоў, Галіна Краўчанка, Ірына Польская.

Галіна Краўчанка: «Гэта, можна сказаць, сумесная ініцыятыва. Ня толькі руху „За свабоду“ й „Салідарнасьці“, але й вялікай колькасьці звычайных людзей, якія неабыякавыя да лёсу затрыманых. Найперш мы вядзем збор рэчаў першай неабходнасьці — вады, сокаў, прадметаў асабістай гігіены. І зараз ужо пачынаем зьбіраць грошы, каб сплаціць штрафы і далей аплаціць утрыманьне арыштаваных у ізалятары».

Валянтэры ўжо двойчы езьдзілі ў ізалятар — перадавалі «сядзельцам» цёплыя рэчы, ваду, гігіенічныя сродкі. Аднак сокі для Андруся Цянюты і Анатоля Паплаўнага, якіх асудзілі адпаведна на 5 і 15 сутак, дзяжурныя ізалятара не ўзялі.

У гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня адмаўляюцца паведаміць родным пра магчымую галадоўку Андруся Цянюты і Анатоля Паплаўнага.

Апавядае актывістка руху «За свабоду» Дарыя Суворава, чый муж Яўген Сувораў таксама адбывае 5-суткавы арышт за ўдзел у маўклівай акцыі:

«Ні для Цянюты, ні для Паплаўнага сокі не прымаюць. Казалі, што Цянюта абвясьціў галадоўку. Я мяркую, што і Паплаўны галадуе. Мы спрабавалі ўдакладніць. Я тэлефанавала ў ізалятар некалькі разоў — пыталася, хто абвясьціў галадоўку. Але там адказваюць, што такой інфармацыі пра арыштаваных яны не даюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG