Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 ліпеня Міністэрства замежных і эўрапейскіх справаў Францыі апублікавала на афіцыйнай старонцы ў інтэрнэце сваю занепакоенасьць прысудам журналісту Андрэю Пачобуту.

5 ліпеня Пачобут быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады паводле абвінавачаньня ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку.

“Гэты прысуд яшчэ раз падкрэсьлівае цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца журналісты пры выкананьні сваёй працы ў Беларусі. Францыя выказвае сваю глыбокую занепакоенасьць у сувязі з далейшым пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці, са свабодай слова”, - паведамляецца ў дакумэнце.

Таксама МЗС Францыі заклікае беларускі бок вызваліць вязьняў сумленьня і выконваць міжнародныя абавязаньні ў галіне правоў чалавека і правоў грамадзян на мірныя дэманстрацыі.

Напярэдадні, 5 ліпеня, на старонцы амбасады Францыі ў Менску зьявілася інфармацыя аб сытуацыі ў Беларусі. У прыватнасьці, францускі бок выказваў заклапочанасьць масавымі арыштамі ўдзельнікаў маўклівых маршаў пратэсту, арганізаваных у Менску ды іншых гарадах Беларусі, і заклікаў да іх вызваленьня.
XS
SM
MD
LG