Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэвалюцыянэры» пад прыцэлам камэраў «Славянскага базару»


Распавядаючы пра сыстэму захадаў бясьпекі на фэстывалі «Славянскі базар у Віцебску», пра гэта згадаў намесьнік начальніка абласной управы МУС Уладзімер Папко. Фэстываль яшчэ не пачаўся, а відэаназіраньне ўжо вядзецца.

Паводле спадара Папко, у дзяжурнай частцы МУС можна глядзець выявы з больш як 50 відэакамэр, разьмешчаных на цэнтральных вуліцах Віцебску. Апрача гэтага, асобную сыстэму відэаназіраньня на больш як 60 камэр усталявалі ў Летнім амфітэатры, дзе праходзіць большасьць канцэртаў.

На думку міліцэйскага кіраўніцтва, відэаназіраньне будзе спрыяць хутчэйшаму выкрыцьцю злачынстваў і правапарушэньняў. Спадзеючыся на дапамогу тэхнікі, сёлета вырашана адмовіцца ад аднаго з трох міліцэйскіх кардонаў, празь якія гледачы мусяць праходзіць у Летні амфітэатар — цяпер іх застанецца два. Але на падыходах да фэстывальнага цэнтру будуць працаваць 9 кантрольна-прапускных пунктаў, абсталяваных мэталашукальнікамі.

Афіцыйнае адкрыцьцё «Славянскага базару» адбудзецца толькі 8 ліпеня. Але некаторыя жыхары Віцебску ўжо адчулі на сабе «выгоды» татальнага відаэсачэньня. Так, супраць Усевалада Жураўлёва распачата адміністрацыйная справа за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці 3 ліпеня. Відэакамэры зафіксавалі, як людзі разыходзіліся пасьля акцыі маўклівага пратэсту на плошчы Перамогі, і частка зь іх пайшла па цэнтральнай вуліцы Леніна. Некаторыя групы спыняліся і час ад часу пляскалі ў ладкі. Цяпер супрацоўнікі міліцыі ідэнтыфікуюць асобаў, якія гэта рабілі, выкарыстоўваючы відэазапісы з вулічных камэр.
XS
SM
MD
LG