Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонцы Дзьмітрыя Вуса не далі зь ім сустрэцца


Жонцы палітвязьня былога кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса адмовілі ў спатканьні з мужам, які знаходзіцца ў турэмным шпіталі. Андрэя Саньнікава наведаў адвакат. Мікалай Статкевіч і Аляксандар Класкоўскі ўбачыліся ў калёніі падчас падпісаньня дакумэнтаў пра касацыю.

6 ліпеня Яўгеніі Вус адмовілі ў спатканьні з мужам, экс-кандыдатам на прэзыдэнта Дзьмітрыем Вусам, якога днямі з магілёўскай калёніі перавялі ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь:

Яўгенія Вус

"Пісала сёньня заяву аб спатканьні і літаральна 5 хвілінаў таму даведалася, што ў спатканьні адмоўлена. Сказалі, што да касацыі ніякіх спатканьняў даваць ня будуць".

Што да прычын зьмяшчэньня мужа ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь, то Яўгенія Вус мяркуе, што "яму прызначанае мэдычнае абсьледаваньне, якое немагчыма правесьці ў патрэбным аб'ёме ў калёніі".

Разам са скаргай Дзьмітрыя Вуса 19 ліпеня ў Менскім гарадзкім судзе будуць разглядаць таксама скаргі, якія падалі на прысуд Мікалай Статкевіч і Аляксандар Класкоўскі. Абодвух трымаюць у шклоўскай калёніі. У карантыне вязьні былі нават у адным памяшканьні, але потым іх разьвялі па розных атрадах. 5 ліпеня Аляксандар Класкоўскі патэлефанаваў жонцы Натальлі і паведаміў, што цягам некалькіх хвілін зноў бачыўся зь Мікалаем Статкевічам:

Натальля Класкоўская

"Сказаў, што сёньня яго выклікалі ў кабінэт падпісваць паперы пра касацыю. Што азнаёміліся, што касацыя прызначаная на 19-га. Туды ж прывялі Мікалая Статкевіча, гэтак яны і пабачыліся".

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, які заяўляў, што разгледзіць такія прашэньні, калі іх атрымае.

Не пісаў такой паперы і былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў. Жонцы палітыка Ірыне Халіп стала вядома, што днямі яе муж напісаў заяву на імя генпракурора адносна таго, што зь ліпеня мінулага году ягоныя тэлефоны незаконна праслухоўваліся:

Ірына Халіп

"Як вядома, гэта вельмі грубае парушэньне закону і канстытуцыйных правоў грамадзяніна, і Андрэй патрабуе разабрацца, расьсьледаваць і ўрэшце рэшт зрабіць хоць нешта".

6 ліпеня Андрэя Саньнікава наведаў на "Валадарцы" адвакат. Цяпер жонка палітыка мае сьпіс лекаў, які патрэбныя Андрэю Саньнікаву. "Апроч іншага, ён цярпіць ад трывалых галаўных боляў", — кажа пра мужа Ірына Халіп.

Маці Фёдара Мірзаянава Людміла вядзе ліставаньне ня толькі з сынам, які знаходзіцца на "Валадарцы", але і зь некаторымі іншымі палітвязьнямі. Уладзімер Яроменак даслаў Людміле Мірзаянавай ліст, у якім падзяліўся сваімі думкамі і пачуцьцямі, якія перажываў падчас суду. Актывіст "Маладога фронту" Яроменак — шчыры вернік. Адміністрацыя ізалятара на Валадарскага, дзе трымаюць вязьня, адмаўляе яму ў спатканьні са сьвятаром:

"Сьвятар у СІЗА прыходзіў, ён адзіны, хто абслугоўвае вязьняў ізалятара, але вось не задаволілі вялікую патрэбу Яроменка ў такой сустрэчы. Нагадаю, у сваім лісьце Ўладзь вызначыў для сябе формулу шчасьця, у якой веры ў Бога аддадзенае вялікае месца. І, вядома, ён ня можа быць шчасьлівым чалавекам, калі ня могуць задаволіць гэтую ягоную істотную патрэбу".

Разгляд касацыйнай скаргі Ўладзімера Яроменка адбудзецца 19 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG