Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні візыту ў Азэрбайджан прэм'ера Беларусі Міхаіла Мясьніковіча беларускі пасол у Баку Мікалай Пацкевіч заявіў пра магчымасьць продажу Азэрбайджану акцыяў беларускіх НПЗ.

«Калі ў Азэрбайджана будзе інтарэс купляць актывы нашых НПЗ, то -- калі ласка. Мы ўжо даўно зьвярнуліся да Азэрбайджана з паведамленьнем пра тое, што адкрытыя для інвэстыцыяў з Азэрбайджану», -- заявіў дыплямат на прэсавай канфэрэнцыі.

Заяву беларускага пасла мы папрасілі пракамэнтаваць кіраўніка бакінскага цэнтру нафтавых дасьледаваньняў Ільхама Шабана.

Шабан: Гэта ня першы выпадак, калі з-за мяжы прапаноўвалі купіць НПЗ. Яшчэ ў 90-х гадах такую прапанову давала Ўкраіна, потым была прапанова ад Румыніі, зусім нядаўна ад Італіі. Азэрбайджан узважана ставіцца да такіх прапановаў.

Я, дарэчы, скептычна стаўлюся таксама да заяваў аб пастаўках 4 мільёнаў тон азэрбайджанскай нафты ў Беларусь, пра што ўчора казаў беларускі пасол.

Дракахруст: А ці былі выпадкі, калі Баку прымаў такія прапановы, набываў такія актывы так далёка?

Шабан: Я не прыгадаю. Азэрбайджан летась інвэставаў 5 мільярдаў даляраў, каб да канца 2014 году ў турэцкім Ізьміры збудаваць новы НПЗ з магутнасьцю 10 мільёнаў тон перапрацоўкі ў год. І гэта ўсё.

Гэта дасьць магчымасьць забясьпечваць нафтапрадуктамі Турцыю, Грэцыю і Балканы.

Ва Ўсходняй Эўропе нашы рынкі -- гэта Польшча, Славакія, Чэхія, поўнач Румыніі, захад Украіны. Для іх наладжаная схема -- нафта праз Грузію транспартуецца ў Адэсу, там у Заходняй Украіне ёсьць два НПЗ, якія будуць перапрацоўваць гэтую нафту.

У гэтым сэнсе ня надта зразумелая мэта Азэрбайджана ўваходзіць у долю ў Мазырскім НПЗ. Ён даволі вялікі і ёсьць пытаньне, наколькі яго магутнасьці могуць быць запатрабаваныя.

Дракахруст: А наколькі пры прыняцьці рашэньняў у Баку будуць улічвацца палітычныя чыньнікі? Расея ўжо даўно хоча атрымаць кантроль над беларускімі НПЗ. Калі ў чаргу ўстане і Азэрбайджан, гэта можа выклікаць раздражненьне ў Масквы. Наколькі гэта важна?

Шабан: Вы самі адказалі на сваё пытаньне. Я ня думаю, што Азэрбайджану патрэбная барацьба з Расеяй за нейкія актывы. Азэрбайджан залежыць ад Расеі і ў вырашэньні пытаньня Нагорнага Карабаху, і ў пытаньні выхаду на эўрапейскі газавы рынак. І я ня думаю, што афіцыйны Баку з-за Мазырскага НПЗ будзе псаваць свае адносіны з Масквой.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG