Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 ліпеня Магілёўскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу трох актывістаў апазыцыі на рашэньне Ленінскага суду Магілёва. Апазыцыянэры дамагаюцца, каб была прызнаная незаконнай адмова гарвыканкаму на правядзеньне ў сакавіку ў цэнтры гораду пікетаў за вызваленьне беларускіх палітвязьняў.

Гарадзкая ўлада сваю пастанову аргумэнтавала тым, што для правядзеньня масавых мерапрыемстваў вызначаны стадыён на вуліцы Чалюскінцаў.

17 траўня Ленінскі суд пакінуў без задавальненьня прэтэнзіі апазыцыянэраў да чыноўнікаў. Паводле судовага рашэньня, гарвыканкам мае права вызначаць месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Сёньня абласны суд таксама не знайшоў падстаў, каб задаволіць скаргу апазыцыянэраў:

"Мы даводзілі, што рашэньне ўлады, а затым суду парушае канстытуцыйныя правы грамадзян. Казалі, што рашэньні найперш павінны адпавядаць Канстытуцыі. На гэта судзьдзі адказалі, што выканаўчая ўлада мае права паводле заканадаўства вызначаць месцы для масавых мерапрыемстваў. Іншыя нашы довады суд пад старшынствам Тацяны Барсук не прымаў пад увагу. Мы зьбіраемся па скарочанай працэдуры падаваць скаргу ў камітэт па правах чалавека ААН", зазначыў пасьля суду праваабаронца Барыс Бухель.

Заяўку на правядзеньне трох пікетаў у гарвыканкам падавалі 12 актывістаў апазыцыі.

Стадыён на вуліцы Чалюскінцаў — удалечыні ад людных месцаў гораду. Побач зь ім — аварыйны будынак былога Дома культуры й адпачынку. Ён абнесены засьцерагальнымі стужкамі.
XS
SM
MD
LG