Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ужо ніхто нават не заікаецца пра сярэднюю зарплату ў 500 даляраў..."


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 6 ліпеня 2011 году

Улады больш ня згадваюць пра тое, што забясьпечылі беларускім грамадзянам росквіт і стабільнасьць. Але людзі добра памятаюць, якія абяцаньні давалі ім чыноўнікі паўгода таму, перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Якія заробкі гарантавалі, як адмаўлялі нават найменшую верагоднасьць дэвальвацыі нацыянальнай валюты.

Пра тое, як зьмяніліся грамадзкія настроі на працягу апошніх месяцаў, — значная частка нашай цяперашняй пошты. Пачну з аднаго зь лістоў на гэтую тэму, які даслаў на "Свабоду" Аляксей Падсьвільскі з Глыбоцкага раёну. Слухач піша:

"Праблемы нашых настаўнікаў, мэдыкаў, калгасьнікаў, рабочых, студэнтаў, пэнсіянэраў мала хвалююць дзяржаўных чыноўнікаў. Дый апазыцыі яны асабліва не патрэбныя. Самае галоўнае — гэта ўлада любым коштам. Нават праз падман і гвалт. Пра людзей успамінаюць толькі падчас выбараў. Тады зь імі сустракаюцца, размаўляюць, абяцаюць, нешта робіцца. Але мінуць выбары — і выбарцы, нібы тэатральныя дэкарацыі, адсунуты да наступнай імпрэзы. Кінутымі засталіся як прыхільнікі, так і апанэнты дзейнай улады. Ужо ніхто нават не заікаецца пра сярэднюю зарплату ў 500 даляраў. Цэны проста зашкальваюць. Няма стабільнасьці і ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Сапраўдным кашмарам для ўсіх стаў красавіцкі выбух у менскім мэтро. Мне заўсёды здавалася, што гэтыя жахі адбываюцца недзе там, далёка, але толькі ня ў нас — у квітнеючай і стабільнай... У гэтай сытуацыі мяне больш за ўсё ўразіў цьвярозы і здаровы погляд на тое, што адбываецца, з боку простых людзей. Яны разумеюць, чаму так актыўна і бессаромна ўлада спрабуе адцягнуць іхную ўвагу ад эканомікі, якая аганізуе, ад складаных дачыненьняў з суседзямі, ад пікіруючага рубля. Людзі стаміліся ад пастаяннай хлусьні, непрыкрытага падману, запалохваньняў, несправядлівасьці.

Штодня даводзіцца сутыкацца зь бяздушнасьцю, маразмам, глупствам нашых чыноўнікаў. Яны зробяць усё магчымае і немагчымае, каб захаваць гэты рэжым. І дзеля гэтага ў іх ёсьць усе рычагі ўзьдзеяньня — каб трымаць народ у страху. На шчасьце, у нас у краіне шмат разумных, сумленных, разважлівых людзей. І вось іх, якія проста працуюць і жывуць тут, я і назваў бы сапраўднымі героямі. Але пра іх не гавораць на Радыё Свабода, ня пішуць у "Народнай волі". Затое выпэцкай сваім надпісам чысьценькі чыгуначны прыпынак ці прымацуй на даху бел-чырвона-белы сьцяг — і гэта робіцца навіной дня, а людзі, якія зрабілі гэта, абвяшчаюцца ледзь не нацыянальнымі героямі"
.

Напэўна, спадар Аляксей, гэта ўсё ж пакуль не героі — калі яны ўсё выдатна разумеюць, усьведамляюць, ня хочуць жыць у няпраўдзе, стаміліся ад крывадушнасьці і несумленнасьці — і адначасова ня робяць нічога пэўнага дзеля таго, каб зьмяніць сытуацыю. Добрасумленная праца і шчырыя размовы пра драматычную сытуацыю ў краіне з блізкімі на кухнях — гэта яшчэ не гераізм. Героямі становяцца тыя, хто гатовы ахвяраваць сваімі інтарэсамі дзеля грамадзтва, дзеля лепшай будучыні свайго народу. Такіх людзей у любой краіне ня надта шмат. А ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, калі грамадзтва запалохана рэпрэсіямі, — і пагатоў.

Нашага слухача Міколу Антоненку зь вёскі Якімава Слабада Сьветлагорскага раёну турбуе намер беларускіх уладаў пабудаваць у Астраўцы, паблізу мяжы зь Літвой, уласную атамную электрастанцыю. У сваім лісьце на "Свабоду" спадар Мікола піша:

"Будаўніцтва АЭС у Беларусі — гэта злачынства супраць народу. Пабудаваўшы яе, нас (а разам з намі і суседзяў) пасадзяць на атамную бомбу. Акрамя таго, гэта — страта незалежнасьці ад Расеі. Як ні стараўся Рыгоравіч абысьці Расею ў гэтай будоўлі — не ўдалося. Цяпер выявілася, што Масква зьбіраецца і фінансаваць, і будаваць, і эксплюатаваць, і забясьпечваць палівам, і прадаваць электраэнэргію. А нам, напэўна, застануцца толькі ядзерныя адкіды. Расейцы нам гэтую АЭС хутка зьляпаюць, — як і Чарнобыльскую, датэрмінова. Як яны гэта ўмеюць — мы ўсе добра ведаем.

Мне здаецца, што Лукашэнка проста хоча мець у руках такі аб'ект, які б даваў яму магчымасьць шантажу. Ён жа адкрыта шкадуе аб тым, што Шушкевіч у свой час вывеў зь Беларусі атамную зброю. (Дарэчы, дзякуй вам за гэта, Станіслаў Станіслававіч). Уявіце, што магло б цяпер быць, калі б у Лукашэнкі былі ядзерныя ракеты?"
.

Калісьці, на пачатку 90-х гадоў, улада абяцала: нават калі ў будучыні і паўстане пытаньне аб будаўніцтве АЭС, прымаць такое рашэньне без усенароднага рэфэрэндуму ня будзем. Як бачым, вырашылі — без усялякага абмеркаваньня. Зрэшты, уласных грошай на будоўлю ў Беларусі няма ўвогуле, а ва ўмовах цяперашняга вострага эканамічнага крызісу такія высоказатратныя праекты выглядаюць асабліва недарэчна. Так што лёс Астравецкай АЭС выглядае сёньня зусім не такім пэўным, як пра гэта заяўляюць беларускія кіраўнікі.

У адной зь вясновых перадач прагучаў ліст Уладзіміра Пятроўскага зь вёскі Жураўлёўка Гомельскага раёну, у якім слухач наракаў на якасьць прыёму нашых перадач і выказваў упэўненасьць у тым, што сапраўдная прычына гэтага — аднаўленьне глушэньня з боку спэцслужбаў. Я тады адказаў, што дакладных пацьверджаных зьвестак пра гэта мы ня маем. Між тым фактам ёсьць тое, што праслухоўваньне караткахвалевых перадач на фізычна і маральна састарэлых прымачах савецкай вытворчасьці робіцца ўсё больш праблематычным. А новых мадэляў такіх прымачоў айчынная радыёпрамысловасьць ужо амаль не выпускае. Варыянтаў выйсьця з такой сытуацыі два: альбо асвоіць кампутар і слухаць (а заадно і чытаць, і глядзець фота і відэа) на нашым інтэрнэт-сайце, альбо набыць спадарожнікавую антэну і празь яе настроіцца на хвалю "Свабоды". Зразумела, што для многіх людзей сталага веку варыянт з кампутарам — даволі праблематычны. (Асабліва зважаючы на памер пэнсій у Беларусі). А вось спадарожнікавыя "талеркі" па сваіх коштах ужо не нашмат даражэйшыя за сучасныя радыёпрымачы.

Гэтыя парады выклікалі вялікае расчараваньне ў спадара Пятроўскага. Ён з гэтай нагоды нават склаў вершаваны адказ наступнага зьместу:

Я вам паскардзіўся на якасьць.
І што пачуў я у адказ?
Аб тым, што хвалі вашы глушаць,
Ніякіх доказаў у вас.

Маўляў, прымач у цябе дрэнны
І ён фізычна састарэў.
Даўно б набыў ты ўжо "талерку",
Калі ня піў бы ды ня еў.

Калі б ня шастаў у аптэку
Ды каля крамаў не кружыў,
А мізэр гэты пенсіённы
Лепш на "талерку" палажыў.

Што ж, за параду — шчыры дзякуй.
Так робяць бюракраты ў нас:
Там, дзе патрэбна зрабіць справу,
Яны — адпіску у адказ.

Ну, што ж, чакайце, мо калісьці
Вам скажа бацька-дабрадзей:
"Ага, мы хвалі вашы глушым,
Каб не разбэшчвалі людзей.

Навошта гэта ім "Свабода"?
Ў нас што, няма каму вяшчаць?
У нас БТ ёсьць для народа"
(Там мякка сьцелюць — мулка спаць).

Я шчырыя скажу вам словы
І не адкрыю навіну:
Шчэ ні адзін урад саўковы
Не прызнаваў сваю віну.

А мой прымач няхай і стары,
Ды шчэ паказвае сваё:
Калі ня глушаць, дык гаворыць,
Як правадное РадыЁ!


Выбачайце, спадар Уладзімір, калі пакрыўдзіў вас сваёй парадай. Я добра ведаю, у якіх складаных умовах даводзіцца сёньня жыць (нават ня жыць — выжываць) беларускім пэнсіянэрам. Асабліва на вёсцы. А верш у вас атрымаўся выдатны — адчуваецца, што напісана шчыра, зь веданьнем справы і з гумарам.

Варта, аднак, заўважыць, што многія нашы слухачы, у тым ліку людзі сталага веку, якія не адно дзесяцігодзьдзе карысталіся караткахвалевымі прымачамі — усё ж знаходзяць магчымасьці дзеля таго, каб асвойваць новую тэхніку. Вось што пішуць у сваім лісьце на "Свабоду" Маргарыта і Руслан Бацянковы зь Менску:

"Зэканомілі грошай і разжыліся спадарожнікавай антэнай. Найперш дзеля таго, каб атрымаць даступную "Свабоду". Сапраўды, прыём — ідэальны, як вы і казалі. Слухаем зь вялікай асалодай. Ніякага параўнаньня з караткахвалевым прымачом. Цяпер усім раім такі спосаб слуханьня Беларускай Свабоды".

Іншы наш слухач — Валер Старыкаў з Баранавічаў — лічыць неабгрунтаванымі нараканьні на тое, што ў продажы ў Беларусі немагчыма знайсьці караткахвалевыя прымачы. Спадар Валер піша:

"Нядаўна я безь вялікіх цяжкасьцяў купіў новы прымач "Вітэк" (па старых коштах — 65 тысяч рублёў). Прымаю "Свабоду", як правіла, на хвалі 49 мэтраў. Сыгнал нармальны, а раніцай увогуле выдатны. Пасьля пераходу на летнія хвалі чутнасьць палепшылася. Праўда, на сярэдніх хвалях трансьляцыя ня надта, але гэта дробязь: ёсьць жа кароткія хвалі.

У дзяржаўных крамах у Баранавічах прымачоў з кароткімі хвалямі няма. А вось у прыватнікаў — ёсьць, нават можна выбраць.

Вялікі дзякуй за тое, што даяце поўную і аб'ектыўную інфармацыю, асабліва на эканамічныя тэмы. Выдатна, што трансьлюеце званкі радыёслухачоў. Зь перадач асабліва падабаюцца "Праскі акцэнт" і "Званочкі"
.

Тым нашым слухачам, якія наракаюць на якасьць прыёму, магчыма, прыдасца парада ад Івана Абрамовіча зь Сьветлагорску. У сваім лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Кола сяброў "Свабоды" пашыраецца. Абставіны апошняга часу патрабуюць таго. Таму мной перададзены адпаведныя запросіны сваім сябрам, знаёмым. Гэта — гарантыя таго, што ваш эфір будзе яшчэ больш цікавым.

На жаль, гучнасьць і якасьць прыёму часта застаюцца нездавальняючымі. Хачу параіць тым, хто сутыкаецца з гэтай праблемай, наступнае. Злучыце з дапамогай меднага дроту антэну радыёпрымача з радыятарам ацяпленьня, папярэдне зачысьціўшы месца, дзе будзе пакладзены хамуток злучэньня. Як правіла, чысьціня прыёму радыёхвалі ў гэтым выпадку паляпшаецца"
.

Спадзяюся, спадар Іван, што ваша парада дапаможа тым нашым слухачам, якія па-ранейшаму слухаюць нас на сваіх караткахвалевых прымачах і час ад часу сутыкаюцца з падобнымі праблемамі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG