Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянін Баўгарыі дэпартаваны зь Беларусі


Грамадзянін Баўгарыі Дзіміцер Кенараў дэпартаваны зь Беларусі за парушэньне правілаў знаходжаньня.

Пра гэта паведамілі Інтэрфаксу ва ўпраўленьні інфармацыі і грамадзкіх сувязей міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

"Кенараў прыбыў у Беларусь 21 чэрвеня і знаходзіўся на яе
тэрыторыі па турыстычнай візе, аднак, магчымасьць
бесперашкоднага перамяшчэньня па рэспубліцы выкарыстаў для
іншых мэтаў ", - заявіў намесьнік начальніка ўпраўленьня
Канстанцін Шалькевіч.

Ён паведаміў, што 29 чэрвеня Кенараў разам з грамадзянінам ЗША
знаходзіліся ў раёне Мазырскага машынабудаўнічага завода. Пры праверцы дакумэнтаў супрацоўнікамі міліцыі Кенараў паведаміў, што яго пашпарт згублены. Паводле Шалькевіча, далейшы разгляд сытуацыі паказаў, што "грамадзянін Баўгарыі прыехаў у Мазыр і, прадставіўшыся журналістам, зьвярнуўся да адміністрацыі прадпрыемства з просьбай апытаць працоўных завода і сфатаграфаваць тэхніку, якая вырабляецца". Па акрэдытацыю, прадугледжаную ў такіх выпадках, Кенараў не зьвяртаўся.

У сувязі з гэтым, паведаміў Шалькевіч, было прынятае рашэньне аб
затрыманьні грамадзяніна Баўгарыі. 30 чэрвеня інфармацыя аб гэтым факце паступіла ў МЗС Беларусі. 2 ліпеня было атрымана пасьведчаньне на вяртаньне затрыманага на радзіму, сказаў прадстаўнік МУС. У гэты ж дзень замежнік быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне правілаў знаходжаньня ў Беларусі, а таксама правілаў транзытнага праезду праз тэрыторыю краіны "з накладаньнем спагнаньня ў выглядзе папярэджаньня з дэпартацыяй". Адначасова грамадзяніну Баўгарыі забаронены ўезд у Беларусь на тры гады, адзначыў Шалькевіч.

У МУС праінфармавалі, што 4 ліпеня Кенараў "па загадзя набытаму ім квітку накіраваўся на радзіму ".

Дзіміцер Kенараў — незалежны журналіст з Сафіі, рэдактар амэрыканскага часопіса «The Virginia Quarterly Review». Яго матэрыялы друкаваліся ў такіх вядомых выданьнях, як «Nation», «The Boston Review», «Etiqueta Negra». Ён навучаецца ў дактарантуры па ангельскай мове ў Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Бэрклі.
XS
SM
MD
LG