Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы этап дэманстрацыі маўклівых апладысмэнтаў 3 ліпеня нават самі яе арганізатары расцанілі як правал. Між тым, насамрэч ён меў бліскучы посьпех.

Не, зразумела, схему арганізатараў акцыі службы правапарадку здолелі прадухіліць – прамову Аляксандра Лукашэнкі ніхто запляскаць ня здолеў. Але тое, што атрымалася, насамрэч выйшла гучней, чым гэты першапачатковы плян. Калі пасьля прамовы кіраўніка дзяржавы над плошчай павісае магільнае маўчаньне – гэта значна больш выразны і пагрозьлівы сымбаль.

І гэта безумоўна посьпех арганізатараў, яны здолелі памяняць сэнсы, ператварыць укарэнены ў культуры знак ухвалы – воплескі – у знак пратэсту, ператварыць ня толькі ў сьвядомасьці сваіх прыхільнікаў, але і ў сьвядомасьці праціўнікаў, тых, хто ладзіць іх перасьлед. Апошнія так і не зразумелі, якую гучную поўху рэжыму нанесьлі яны – менавіта яны – забаронай апладысмэнтаў. Ня ведаю, ці мелі арганізатары акцыі гэта як «плян Б», але ў любым выпадку яны здолелі выкарыстаць сваіх ганіцеляў у якасьці інструмэнту, прылады, пры дапамозе якой пасланьне ўсё ж дасягнула адрасата.

Але, здаецца, застаецца больш шырокае пытаньне -- тое, што вынесенае ў загаловак гэтай нататкі. Шараговыя ўдзельнікі акцыяў маўклівых апладысмэнтаў могуць кіравацца асабістым непрыняцьцём гэтай улады, гэтай сыстэмы, гэтай стылістыкі – словам, ШОС, і няма чаго больш казаць. Але арганізатары, ініцыятары гэтых акцыяў ня могуць сабе гэтае пытаньне не задаваць.

У найбольш вострай форме яго сфармуляваў блогер Revanshist, які задаўся пытаньнем, ці не закрываюць гэтыя акцыі, гэты адчайны націск авангарду пэрспэктыву больш шырокага і сур'ёзнага пратэсту.

Бо складваецца ўражаньне, што зьверская і нематываваная жорсткасьць, якая ўжываецца адносна ўдзельнікаў акцыяў маўклівых апладысмэнтаў, адрасаваная насамрэч нават ня столькі ім, а тым, хто маўчыць дома. Тут парадокс: калі на вуліцу выходзіць дастатковая колькасьць людзей, тая самая крытычная маса, калі гэтая колькасьць – адлюстраваньне новага стану грамадзкай атмасфэры, то, як паказвае досьвед многіх краін, сілавыя дзеяньні супраць не даюць плёну, сіла натоўпу перамагае сілу дзяржавы. Але кожны з тых, хто складае натоўп – чалавек са сваімі надзеямі і страхамі. І калі бар'ер страху вялікі, то крытычная маса проста не зьяўляецца, ня складваецца.

Так што пытаньне можна яшчэ перафармуляваць: спрыяюць ці замінаюць маршы маўклівых апладысмэнтаў зьяўленьню той самай крытычнай масы?

Колькі ўсё ж такі людзей бяруць удзел у гэтых акцыях? І ці расьце гэтая колькасьць? І за кошт каго? На фоне карцінак міліцэйскай брутальнасьці, якімі ўражаны ўвесь сьвет, і мужнасьці людзей, якія сьвядома ідуць на гэтыя пакуты, пытаньні як бы і недарэчныя. Але для ацэнкі пэрспэктываў – дарэчныя.

БТ разам з Лукашэнкам аналёгіямі акцыяў маўклівых аплядысмэнтаў з падзеямі ў Эгіпце палохаюць, іншыя СМІ, у тым ліку і замежныя, падобнымі аналёгіямі мабыць натхняюцца. Але ці ня надта шчодрыя тыя аналёгіі? Бо сапраўды і ў Эгіпце, і ў Беларусі пачалося з блогераў, з «жыхароў» сацыяльных сетак, з Facebook- і Twitter-хлопцаў і дзяўчат. Але ў Эгіпце ня імі скончылася. Першапачатковы імпульс быў падхоплены людзьмі, якія, можа, пра інтэрнэт і ўяўленьня ня маюць.

Хаця зь іншага боку – прыгадаем яшчэ раз пра маўчаньне пасьля выступу Лукашэнкі 3 ліпеня. Плён можа быць вельмі важкі, хаця і зусім ня той, які прадугледжаны плянамі ініцыятараў. Акцыі пераадольваюць роспач, якая панавала пасьля 19 сьнежня, акцыі раскатурхоўваюць грамадзтва. Карцінкі з акцыяў, брутальныя затрыманьні, зьбіцьцё часам засланяюць іншае – што людзі, ведаючы, што іх чакае, усё роўна выходзяць на вуліцу.

Дарэчы, у красавіку 1991 году, які, як узор, не прыгадвае толькі лянівы, рабочыя і ў літаральным сэнсе ішлі на плошчу сьцежкамі, пратаптанымі ранейшымі маніфэстацыямі БНФ. На якія рабочыя да таго часу не зьвярталі ўвагі. Нібыта. Не зьвярталі і зьвярталі. Прынамсі калі прыпякло, то скарысталі менавіта тую форму, якую раней бачылі і нібыта не заўважалі.

З гэтага пункту гледжаньня цяперашнія акцыі, магчыма, пасьпяховыя, нават калі не пасьпяховыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG