Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпарт нафты будзе адноўлены, але паліва на запраўках зьнікне



Беларусь пацьвярджае гатоўнасьць да прыняцьця ў 2011 годзе 4 млн. тон азэрбайджанскай нафты. Амбасадар Беларусі ў Азэрбайджане Мікалай Пацкевіч адзначыў, што ўжо ў бягучым месяцы “можа пачацца перапрацоўка нафты на Мазырскім НПЗ”.

Як перадае 1news.az, дыплямат паведаміў, што “пастаўкі [нафты] стартавалі ў лютым-сакавіку бягучага году, пасьля чаго зноў былі прыпыненыя з-за рамонту на Мазырскім НПЗ”.

“Транспартоўка нафты аднавілася. Сёньня стратэгічна збою [у пастаўках] няма. Згодна з дагаворам, у 2011 годзе ў Беларусь павінна быць транспартавана 4 млн. тон азэрбайджанскай нафты Azeri Light. Няма прыкметаў, што ён будзе сарваны”, - сказаў Мікалай Пацкевіч.

Прапампоўка азэрбайджанскай нафты для Мазырскага НПЗ з выкарыстаньнем нафтаправода “Адэса-Броды” ў авэрсным рэжыме і ўчастка “Мазыр-Броды” нафтаправода “Дружба” ў рэвэрсным рэжыме пачалася 13 лютага 2011 года.

Тым часам, паводле інфармацыі onliner.by, у Беларусі зноў паўсталі праблемы з наяўнасьцю паліва на АЗС. Сёньня на некаторых станцыях зьніклі бэнзін А-95 і газ. Верагоднай прычынай таму стала спыненьне адгрузкі дадзеных відаў паліва на запраўкі. Са словаў крыніцы, бэнзін А-92 і дызэльнае паліва могуць зьнікнуць зь беларускіх АЗС ужо да канца тыдня.

Прадстаўнік адной са сталічных АЗС паведаміў, што “пастаўкі АІ-92 і дызэльнага паліва цяпер вельмі нерэгулярныя і негарантаваныя. 95-ы ўжо спынілі адгружаць, і невядома, калі яго пастаўкі адновяцца. І ці адновяцца ...”. У прэсавай службе “Белнафтахіму” адказалі, што на “запраўкі [“Белнафтахіму”] “пастаўкі паліва ажыцьцяўляюцца ў поўным аб'ёме”.

Па стане на аўторак, 5 ліпеня, на некаторых менскіх запраўках бэнзін А-95 сапраўды адсутнічаў. Астатнія віды паліва пакуль ёсьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG