Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны незалежны журналіст можа трапіць пад артыкул аб паклёпе на Лукашэнку


Андрэй Пачобут з заламанымі рукамі.

Андрэй Пачобут з заламанымі рукамі.

Ленінскі суд Гародні прысудзіў журналісту Андрэю Пачобуту тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады. Яго прызналі вінаватым паводле артыкула Крымінальнага кодэксу аб паклёпе на прэзыдэнта. Галіна Абакунчык цікавілася думкай незалежных беларускіх журналістаў, як гэты прысуд паўплывае на іх працу.

Суд угледзеў паклёп у тым, што ў сваіх публікацыях Андрэй Пачобут назваў Лукашэнку дыктатарам. Паводле Пачобута, ён ня лічыць сябе вінаватым і будзе абскарджваць прысуд. Яшчэ адзін незалежны журналіст, Алесь Пілецкі, якога неаднойчы затрымлівалі падчас вулічных акцыяў, прыехаў у Горадню, каб падтрымаць калегу:

«Я быў упэўнены, што Андрэя сёньня ня выпусьцяць і ён атрымае, магчыма, два гады турмы. Але нават сам прыклад Андрэя, як ён паводзіўся ў гэтай сытуацыі — для мяне найбольшая матывацыя, каб заставацца незалежным журналістам у Беларусі. І для мяне прысуд ніяк не паўплываў на перакананьне працаваць так, як працуе Андрэй».

Журналіст незалежнай радыёстанцыі «Радыё Рацыя» Генадзь Барбарыч кажа, што ня будзе выказвацца ад імя ўсіх незалежных журналістаў, але за сябе ўпэўнены — прысуд Андрэю Пачобуту не паўплывае на ягоную прафэсійную дзейнасьць:
Прысуд Пачобуту хоць і мякчэйшы, чым чакаўся, але ўсё роўна гэта выклік незалежным журналістам.

«Прысуд Пачобуту хоць і мякчэйшы, чым чакаўся, але ўсё роўна гэта выклік незалежным журналістам, і трэба ўдар трымаць у меру магчымасьцяў. А трымаць удар — гэта працаваць нармальна, працаваць сумленна ў нашых складаных умовах і даносіць да слухачоў і чытачоў праўду пра тое, што адбываецца ў нашай краіне насамрэч».

Журналіст недзяржаўнай газэты «Новы час» Генадзь Кесьнер мяркуе, што незалежныя журналісты даўно вызначылі свае пазыцыі, якія ня маюць намеру пакідаць нават у выніку перасьледу:

«Я ня думаю, што прысуды журналістам могуць неяк паўплываць на працу іхніх калег. Бо ўсе, хто сёньня працуе ў незалежнай журналістыцы, даўно вызначыліся ў сваім стаўленьні да працы і прафэсіі, якую яны абралі. Таму гэтымі прысудамі — я ўпэўнены — большасьць журналістаў не запалохаць. І незалежна ад таго, ці гэта жорсткія абвінаваўчыя прысуды з рэальным пазбаўленьнем волі, ці мякчэйшыя ўмоўныя — гэта ніякай ролі ня грае».

Суд над незалежным журналістам праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, а таму грамадзкасьць ня мела магчымасьці нават даведацца, у чым вінавацяць журналіста. Таму ягоным калегам, незалежным журналістам, найперш трэба думаць аб прафэсійнай салідарнасьці, кажа намесьніца рэдактара «Народнай волі» Сьвятлана Калінкіна:

«Думаю, што ў незалежнай журналістыцы працуюць людзі, якія добра ведаюць, у якіх умовах яны працуюць і чым рызыкуюць. Але ў дадзеным выпадку — гэта ўвогуле справа абуральная, бо чалавека судзілі ў закрытым судзе ўвогуле невядома за што. Я б тут перадусім думала аб прафэсійнай салідарнасьці ў далейшай абароне Андрэя Пачобута. Бо кожны можа трапіць пад гэты артыкул, і мы павінны дамагацца выключэньня гэтага артыкула з Крымінальнага кодэксу. Бо няма ніякай гарантыі, калі і супраць каго ён можа быць выкарыстаны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG