Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Шурхай лічыць, што супраць яго ажыцьцяўлялася правакацыя


Сёньня, 5 ліпеня, у Берасьці вызвалены з-пад арышту Зьміцер Шурхай — адзін з актывістаў «маўклівай рэвалюцыі» «Вконтакте» і абласны кіраўнік БХД па Берасьцейскай вобласьці. 29 чэрвеня яму прысудзілі 7 сутак арышту.

Зьміцер Шурхай быў затрыманы 28 чэрвеня, напярэдадні чарговай маўклівай акцыі, і па вызваленьні распавёў пра абставіны свайго затрыманьня:

«Спачатку адбывалася, можна сказаць, правакацыя ў адносінах да мяне. Я гэта мог назіраць з вакна памяшканьня, дзе я быў. Бачу, што да маёй машыны падышоў чалавек і наляпіў на кузаў налепку, якая заклікала прыйсьці на маўклівую акцыю ў сераду а 19 гадзіне. Я спусьціўся, сарваў яе і нават не зьвярнуў увагі на гэты факт. Падняўся наверх і бачу — ізноў на маю машыну налепку лепяць. Тут адразу пад’ехала машына ДАІ, у якой сядзелі людзі ў цывільным. Тут я зразумеў, што далей будзе, пакінуў памяшканьне, машыну і сышоў адтуль.
Падняўся наверх і бачу — ізноў на маю машыну налепку лепяць. Тут адразу пад’ехала машына ДАІ.

Кілямэтры тры адышоў, і мяне затрымалі людзі ў цывільным. 3 чалавекі затрымлівалі — 2 чалавекі спэцназу ў цывільным, а кіраваў імі супрацоўнік КДБ. Далей ён «сьвяціцца» ня стаў, і ў пратаколе ўжо пазначана, што мяне двое затрымлівалі. Але ён некалькі разоў пры мне па тэлефоне справаздачыўся, што, маўляў, «Шурхая затрымалі».

Затрыманага Зьмітра Шурхая адвезьлі ў Маскоўскі РУУС, дзе на яго склалі пратакол, абвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы і непавазе да грамадзтва.

Падобным чынам напярэдадні маўклівай акцыі 3 ліпеня ў Берасьці былі затрыманыя і асуджаныя актывісты Іван Стасюк, Аляксандр Чаркашын і Артур Анісімаў. Усе яны цяпер пад арыштам. Абвінавацілі іх у нецэнзурнай лаянцы.

Яўгена Скрабца, адміністратара берасьцейскай суполкі «маўклівай рэвалюцыі» «ВКонтакте», 3 ліпеня заблякавалі ў кватэры людзі ў міліцэйскай форме і ў цывільным, якія пільнавалі каля ягонага пад’езду да 23:40. У нядзелю, 3 ліпеня, Яўген Скрабец паведаміў Радыё Свабода, што дакладна пры такіх самых абставінах былі затрыманыя ягоныя паплечнікі, і зьвярнуўся на тэлефон 102 з паведамленьнем, што супраць яго рыхтуецца правакацыя. Па ягоным званку кватэру наведаў участковы міліцыянт.

Прэвэнтыўныя затрыманьні актывістаў у рэгіёнах напярэдадні значных акцый сталі нормай для праваахоўных органаў. Ізаляцыя найбольш актыўных удзельнікаў маўклівых акцыяў, на думку саміх актывістаў, прывяла да таго, што акцыя 3 ліпеня ў Берасьці сталася надзвычай малалюднай і сабрала ўсяго каля 200 чалавек.
XS
SM
MD
LG