Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінкіна: «Суд прымушае мяне абвергнуць мае думкі»


Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду ў складзе трох судзьдзяў пад старшынствам Маргарыты Посьлед пакінула ў сіле рашэньне суду першай інстанцыі па пазове Белтэлерадыёкампаніі да «Народнай волі». Беларускае тэлебачаньне палічыла, што артыкул Сьвятланы Калінкінай «Гаворыць і паказвае Гебэльс-ТВ» пра фільм «Жалезам па шкле» нанёс шкоду яго дзелавой рэпутацыі. Газэта цяпер абавязаная апублікаваць абвяржэньне і выбачэньне.

На папярэднім судовым паседжаньні прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі падкрэсьлівалі, што нанесеная ня проста шкода дзелавой рэпутацыі, а шкода на міжнародным узроўні. І хоць Сьвятлана Калінкіна, цытуючы падручнікі журналістыкі, пераконвала суд, што матэрыял «Гаворыць і паказвае Гебэльс-ТВ» не адносіцца да жанру «артыкул» — гэта жанр аўтарскага камэнтару, аўтарскай калёнкі, і што дзелавая рэпутацыя БТ ня можа залежаць ад меркаваньня журналісткі Калінкінай, а толькі ад якасьці прадукцыі тэлебачаньня, касацыйная калегія палічыла інакш. Скаргу пакінулі без задавальненьня. Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла, які ў судзе абараняў інтарэсы «Народнай волі», падчас абвяшчэньня рашэньня запляскаў у ладкі:

«Мае апладысмэнты якраз не ў падтрымку прынятага рашэньня, а ў асуджэньне падобнай практыкі беззаконьня. Вядома ж, рашэньне незаконнае, мае палітычны характар і матывы. Хоць былі прадстаўленыя пераканаўчыя падставы таго, што спрэчныя слоўныя канструкцыі адносяцца выключна да меркаваньня аўтара, да ягоных высноваў і ацэнак».


Гары Паганяйла

Шэф-рэдактар «Народнай волі» Сьвятлана Калінкіна і не спадзявалася на іншы прысуд:

«Гэтае рашэньне ў традыцыях беларускага суду, але яно не адпавядае закону. Бо Канстытуцыя Беларусі гарантуе свабоду думкі, і асабліва падкрэсьліваецца, што ніхто ня можа быць прымушаны да зьмяненьня сваіх перакананьняў. Вышэйшы гаспадарчы суд прымушае мяне абвергнуць мае асабістыя думкі. Такога быць ня можа. У нармальнай прававой дзяржаве далей быў бы пазоў у Канстытуцыйны суд. Але ў Беларусі грамадзяне, юрыдычныя асобы ня могуць зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд. Таму гэта тупік».

Сьвятлана Калінкіна паведаміла, што газэта згодна з рашэньнем суду вымушана будзе апублікаваць абвяржэньне, але яно выйдзе абавязкова з рэдакцыйным камэнтаром.


Сьвятлана Калінкіна

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна перакананая: рашэньні ў дачыненьні да сродкаў масавай інфармацыі, да асобных журналістаў прымаюцца не ў залях судовых пасяджэньняў. Гэта палітычныя рашэньні, гэта палітычныя замовы:

«А ў дадзеным выпадку такое свайго роду пакараньне, я б сказала, за публікацыю „Гаворыць і паказвае Гебэльс-ТВ“ — гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што прапагандысцкая машына абараняецца, яна пакрыўдзілася за тую публікацыю. І для мяне гэта яшчэ адно пацьвярджэньне, што прапагандысцкая машына ў сёньняшняй сытуацыі сацыяльнага стрэсу проста „прабуксоўвае“. І нічога не застаецца, каб вось такім чынам, праз пазовы, абараняць сваю дзелавую рэпутацыю, якая, на мой погляд, даўно ўжо не дзелавая».

Жана Літвіна

Такім чынам, усе скаргі «Народнай волі» і «Нашай нівы» адхіленыя, і неўзабаве Вышэйшы гаспадарчы суд пачне працэс па разглядзе пазовах Міністэрства інфармацыі аб спыненьні выхаду гэтых недзяржаўных выданьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG