Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці палітвязьня Лобава пакаралі за акцыю 3 ліпеня


Маці палітвязьня Эдуарда Лобава Марына 3 ліпеня зазнала малую частку таго, праз што праходзяць у беларускіх турмах яе сын і іншыя палітвязьні. Яе затрымалі ў часе разгону «маўклівай акцыі» ў Менску. Тым часам палітвязьня Дзьмітрыя Вуса паклалі ў турэмны шпіталь, а Зьміцер Бандарэнка напісаў, што можа пагадзіцца на апэрацыю ў турме.

Актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў, які адбывае прысуджаныя яму 4 гады зьняволеньня ў Івацэвіцкай калёніі, ужо амаль месяц ня піша дамоў. Маці палітвязьня Марына Лобава непакоіцца, што зь ім магло нешта здарыцца, бо раней такіх вялікіх перапынкаў у ліставаньні не было. Марыну Лобаву затрымалі разам з малодшым непаўналетнім сынам 3 ліпеня падчас акцыі маўклівага пратэсту на Прывакзальнай плошчы, ноч яна адбыла на Акрэсьціна, а 4 ліпеня ёй прысудзілі за «дробнае хуліганства» штраф памерам 20 базавых велічынь. Пра перажытае падчас затрыманьня і суду Марына Лобава кажа, што «быццам зазірнула ў тое, праз што даводзіцца прайсьці палітвязьням». Жанчына згадвае грубасьць асобных супрацоўнікаў міліцыі, надзвычай дрэнныя бытавыя ўмовы на Акрэсьціна, залежнасьць судоў ад уладаў. Але ёсьць у Марыны Лобавай і станоўчыя ўспаміны. Вось як маці палітвязьня згадвае пра адзін з момантаў у Маскоўскім РУУС:
Мы сядзелі там у нейкай актавай залі, чалавек 50 нас было, і ўсе пачалі бурна апладзіраваць. Міліцыянты проста ня ведалі, што з намі рабіць.

«І вось аб 11 гадзіне, калі меўся быць салют, мы сядзелі там у нейкай актавай залі, чалавек 50 нас было, і ўсе пачалі бурна апладзіраваць. Міліцыянты проста ня ведалі, што з намі рабіць. Мы ж ужо затрыманыя, нас болей не пакараеш. Людзі не баяліся, гэта было цудоўна».

Былога кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса, асуджанага на 5,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму, паклалі ў Рэспубліканскі турэмны шпіталь.

Першым пра гэта паведаміў у лісьце сваёй жонцы палітвязень Зьміцер Бандарэнка, які сам цяпер ляжыць у шпіталі. Там ён бачыў Вуса і размаўляў зь ім. Афіцыйна гэтую інфармацыю пацьвердзілі Вусавай жонцы Яўгеніі ў адміністрацыі турмы на Валадарцы.

Некалькі гадоў таму Дзьмітрый Вус перанёс цяжкую апэрацыю, шмат дзён праляжаў у коме. Пасьля гэтага Вусу прызначылі 2-ю групу інваліднасьці, якую ён ня стаў пацьвярджаць напярэдадні выбараў.

На дадзены момант дакладных зьвестак пра стан здароўя Дзьмітрыя Вуса няма. Вольга Бандарэнка, якая спасылаецца на ліст свайго мужа, кажа:

«Дзіма наўпрост пра гэта не напісаў. Відаць, баючыся цэнзуры, бо пісаць пра тое, з кім сядзіш, забаронена. Раней, вядома, у Вуса быў інсульт. Але мяркуючы па тым, што яны размаўлялі, — магчыма, ня ўсё гэтак трагічна».

Пра сябе Зьміцер Бандарэнка паведаміў жонцы, што, магчыма, будзе пагаджацца на апэрацыю ў турэмных умовах.

Ужо вядомы дзень разгляду касацыйнай скаргі Зьмітра Бандарэнкі:

«Касацыя ў нас прызначаная на 15 ліпеня. Яна была прызначаная на 1 ліпеня, але перанесеная на 15-га. Дзіма ўжо і расьпісаўся, што ведае пра перанос».

15 ліпеня таксама будзе разгледжаная касацыйная скарга экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і тых, каго судзілі разам зь ім. Сярод іх быў моладзевы актывіст Фёдар Мірзаянаў. Маці Фёдара Людміла Мірзаянава паведаміла, што ў лісьце дамоў сын падтрымаў думку іншых вядомых палітвязьняў, што Эўропе нельга таргавацца зь беларускім рэжымам аб вызваленьні палітвязьняў, прапануючы крэдыты. 4 ліпеня зь Фёдарам Мірзаянавым на «Валадарцы» сустрэлася ягоная адвакатка Тамара Сідарэнка. Пра сябе Фёдар паведаміў, што ў той жа дзень будзе падаваць заяву аб пераводзе з «Валадаркі» ў калёнію:

«Ён сказаў адвакату: я ўжо падам заяву. А этап, паводле ліста, меўся быць 10-га. Але праз адваката Фёдар перадаў, што этап можа быць і раней».

Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.
Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.
Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.
Фёдар Мірзаянаў
Нарадзіўся у 1990 годзе ў Баранавічах. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «эканамічная кібэрнэтыка».

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Пасьля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было высунутае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых быспадарках. Утрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.
XS
SM
MD
LG