Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 ліпеня: мільёны ўдзельнікаў сьвята?


Вайсковы парад у Менску, 3 ліпеня
Вайсковы парад у Менску, 3 ліпеня
Афіцыйныя і незалежныя ацэнкі колькасьці ўдзельнікаў нядзельных сьвяточных мерапрыемстваў у Менску розьняцца ў дзясяткі разоў.

3 ліпеня 2011 году – 67-я гадавіна вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944-м. Па сталіцы праехалі калёны танкаў, прайшлі пад песьні Ярмоленкаў спартоўцы ды сябры БРСМ. Глядацкі сэктар быў адгароджаны, а каб трапіць у яго на час прамовы Аляксандра Лукашэнкі, трэба было прайсьці праз мэталашукальнікі ды пільны надгляд.

3 ліпеня цэлы дзень абнаўлялася інфармацыя на твітэры МУС гарвыканкаму (@GUVD Minsk), які, уласна, і паведаміў першым, што “на парад прыйшло 150.000 гледачоў”. У той жа час, паводле незалежных крыніц, паназіраць за парадам прыйшло некалькі тысяч чалавек.

Паводле інфармацыйнага агенцтва БелТА, са словаў намесьніка міністра ГУУС Менгарвыканкаму Ігара Яўсеева, “сьвяточныя гуляньні наведала вялікая колькасьць людзей – каля 360 тысяч чалавек”. Пры гэтым МУС удакладніў, што 250 тысяч было на вечаровым гала-канцэрце каля стэлы. Да таго ж, паводле міліцыі, ад 10 да 15 тысяч чалавек глядзелі салют у парках і сквэрах сталіцы.

Але ў падліках усіх перасягнуў тэлеканал ОНТ.

“Беларусь з размахам адзначыла Дзень Незалежнасьці. Удзел ва ўрачыстасьцях прынялі мільёны чалавек”, – піша і паказвае ў навінах дзяржаўны тэлеканал.

Тым часам незалежныя журналісты ацэньвалі колькасьць тых, хто прыйшоў на парад зусім інакш.

“Беларускі партызан” – 10.40: “Пакуль што людзей блізу 2 тысяч і прыблізна столькі ж міліцыянтаў і людзей у цывільным, якія адказныя за ахову”.

Тэлеканал “Белсат” – 11.00: “У Менску дождж, людзей на вуліцах мала. Праспэкт Пераможцаў перакрыты для грамадзкага і прыватнага транспарту. Людзі ідуць на месца параду пешкі. Ад гатэлю "Юбілейны" да набярэжнай Сьвіслачы ўсё перакрыта. Па пэрымэтры ўсталявана 20 мэталашукальнікаў. Некалькі тысячаў чалавек, якія прыйшлі на месца, стаяць у чэргах да мэталашукальнікаў. Праз галасьнікі папярэджваюць: уваход на трыбуны толькі па запрашальных білетах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG