Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вірус лаянкі абрынуўся на культурную сталіцу СНД


Руслан Усьціменка (у цэнтры) пасьля прысуду
Руслан Усьціменка (у цэнтры) пасьля прысуду
У Цэнтральным і Чыгуначным судах Гомеля ўвесь дзень працягваліся суды над удзельнікамі маўклівай акцыі. Яна адбылася 3 ліпеня на прыпынку грамадзкага транспарту «Плошча Леніна». Міліцыя закрыла прыпынак, а спэцназ выціснуў мінакоў на праспэкт Леніна, дзе й былі схоплены звыш дзясятка пратэстоўцаў.

Сілавыя структуры Гомеля, які сёлета абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі і СНД, спрэс вінавацяць гараджанаў у нецэнзурнай лаянцы.

На падставе міліцэйскіх пратаколаў пра лаянку судзьдзя Чыгуначнага раёну Саньнікаў пакараў 5-суткавым арыштам адміністратара незалежнага сайту «Сильные новости» Яўгена Суворава.

Такі ж тэрмін у Чыгуначным судзе атрымаў і маладафронтавец Андрэй Цянюта, прэвэнтыўна затрыманы яшчэ 1 ліпеня.

Трохсуткавым арыштам судзьдзя Алена Цалкова пакарала Віталя Іцкова. Ірына Працэнка аштрафавана на 105 тысячаў рублёў.

Як высьветлілася, без судовага разбору 15 сутак адміністрацыйнага арышту атрымаў Васіль Такарэнка. Ён адмовіўся адказваць на пытаньні судзьдзі, заявіўшы, што не разумее пытаньняў на расейскай мове.

Па абедзе судзьдзя Алена Цалкова пакарала арыштам на 15 сутак Руслана Ўсьціменку. Студэнта-філёляга завочнага факультэту ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны міліцыя затрымала ўжо трэці раз. У чэрвені ён быў пакараны штрафам у памеры 770 тысяч рублёў за маўклівую акцыю на плошчы Леніна. Пайшоў у чаргу купляць дзяўчатам квас і марозіва, а калі вярнуўся — яго й забралі.

Паплечнікі й проста неабыякавыя гараджане сабралі Руслану 5 кіляграмаў купюраў, каб ён змог сплаціць штраф.

22 чэрвеня пасьля маўклівай акцыі пратэсту людзі ў цывільным затрымалі Ўсьціменку далёка ня там, дзе пазначылі ў пратаколах міліцыянты. Судзьдзя Цалкова перанесла разгляд справы на 7 ліпеня, вырашыўшы дапытаць сьведак.

Аднак 2 ліпеня спэцназаўцы прэвэнтыўна затрымалі Руслана на плошчы Леніна блізу філіялу «Белтэлекама». Фармальнай падставай паслужыла тое, што нейкі 40-гадовы грамадзянін (ці то Патапенка, ці то Астапенка?) паскардзіўся ў міліцыю, што маладзён «нецэнзурна лаяўся». Ён нібыта Руслану зрабіў заўвагу, а той анігадкі. Насамрэч Усьціменка на прыступках «Белтэлекама» стаяў 3–4 хвіліны й пісаў сяброўкам эсэмэскі.

Тым ня менш Усьціменку забралі ў Цэнтральны РАУС, склалі пратакол за лаянку ў грамадзкім месцы й яшчэ да суду адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. І вось сёньня Алена Цалкова прысудзіла Руслану двухтыднёвы арышт.
Я ня ведаю, чаму мяне так жорстка пакаралі. Відаць, былі нейкія ўказаньні „зьверху.

Усьціменка: «Я ня ведаю, чаму мяне так жорстка пакаралі. Відаць, былі нейкія ўказаньні „зьверху“, і, думаю, былі яскравыя доказы таго, што я гэтага не рабіў. Праз 15 сутак сыдзе тэрмін абскарджваньня пакараньня, і я ўжо ніяк не змагу даказаць сваю невінаватасьць».

Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ў рэгіёне Віктар Адзіночанка так пракамэнтаваў чарговы вырак:

«Гэта натуральнае беззаконьне, зьдзек з правасудзьдзя. Самі міліцыянты засьведчылі ў судзе, што ня чулі, як Усьціменка нецэнзурна лаяўся. Наадварот, казалі, што паводзіў ён сябе адэкватна. Заяўніка ў судзе не было, зь міліцыянтамі да Ўсьціменкі ён не падыходзіў. Поўная абсурднасьць абвінавачваньня і прысуду. Гэта проста расправа!».

У судзе сёньня разглядалі й адміністрацыйныя справы супраць расейскага грамадзяніна спадара Сторажава – ён таксама трапіў пад хапун, і ў дачыненьні да 58-гадовага жыхара з вуліцы Працоўнай, які выйшаў з кватэры сустракаць гасьцей і быў абвінавачаны міліцыянтамі ў лаянцы.

Руслана Ўсьціменку адвозяць у турму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG