Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаючы зьбіраць на сайце Свабоды афарызмы славутых беларусаў, я, шчыра кажучы, сумняваўся, што з гэтага нешта атрымаецца. Не прайшоў гэты сумнеў і цяпер, празь месяц пасьля таго, як быў аб'яўлены конкурс і наведнікі сайта прыслалі дзясяткі выказваньняў. Такое адчуваньне, што прыслалі ўсё, што было, часам па некалькі разоў.

Калі адкінуць тыя выказваньні, што тычацца толькі Беларусі, атрымаецца і зусім няшмат тае мудрасьці. А такой была і застаецца першапачатковая ідэя – афарызм павінен быць унівэрсальным, каб пасьля разыходзіцца на розных мовах хоць бы і па бязьмежнай прасторы інтэрнэту. Тое, што сагравае беларускае сэрца, напрыклад, «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі», наўрад ці прагучыць для амэрыканца, расейца ці паляка.

Калі адкінуць паэтызмы, якія шмат хто прымае за афарызмы, напрыклад, «Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы», уласна афарызмаў застанецца яшчэ меней. Афарызм – завершаная трапная думка, у якой ёсьць унутраны канфлікт. І калі адкінуць усё тое, што не трапляе пад гэты крытэр, застанецца ў нас набытку зусім вобмаль. Ня тое, што на зборнік, на старонку не набярэцца.

Чаму мяне гэта бянтэжыць? Таму што наш конкурс па сутнасьці ні што іншае як іспыт беларускага нацыянальнага міту на яго адбыласьць і канвэртабэльнасьць, на тое, што ён ёсьць і працуе як для суайчыньнікаў, так і ў сьвеце. Мінуў месяц, і сказаць, што мы гэты іспыт здалі ці што мы яго відавочна здамо, я не магу.

Тым ня менш, не магу і не назваць наведнікаў сайта, якія адэкватна ўспрынялі нашу задуму і зрабілі немалую працу – адшукалі й даслалі вялікія словы па-беларуску. Алена Завадзкая з Воршы, Кацярына і Алена Л. зь Менску, Вікторыя з Горадні, Галіна і Антось зь Віцебску, Алена з Гомеля, Натальля, Аксана, Вольга, Таня і Яўген зь Менску, Алесь з Полацку, Любоў з Варшавы, Ірына Варабей з Таронта.

Конкурс працягнецца, а гэта значыць, што ў нас яшчэ ёсьць шанцы здаць наш іспыт. Яны, зрэшты, заўсёды ёсьць, бо залежаць не ад нацыянальнага міту, а ад нас саміх. Бо культура – гэта ўвесьчасная культывацыя вялікіх імёнаў, вялікіх асобаў, вялікіх твораў і вялікіх словаў. Без такой культывацыі ў кожным новым пакаленьні прападае сэнс слова «вялікі».

Дасылайце нам трапныя выказваньні славутых беларусаў на сайт, на аўтаадказьнік ці звычайнай поштай. Паўтаруся, словы павінны быць ня проста прыгожымі, але арыгінальнымі, яны павінны зьдзіўляць сваёй нечаканасьцю і пажадана, каб былі ўнівэрсальнымі, зразумелымі ня толькі на наш беларускі розум.

Няма кніжкі афарызмаў вялікіх людзей Беларусі пра Каханьне, Сьмерць, Працу, Розум і ўсё іншае, з чаго й складаецца Жыцьцё.

Складзем такую кніжку разам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG