Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 ліпеня позна ўвечары пачала адкрывацца старонка групы "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" "Вконтакте", зь якой пачалася грамадзянская кампанія маўклівага пратэсту ў Беларусі. Старонка была заблякаваная раніцай 2 ліпеня. Позна ўвечары 3-га ліпеня была спынена і верагодная DDoS-атака на сэрвэры Радыё Свабода, якая працягвалася каля чатырох гадзін — падчас самой акцыі пратэсту на Прывакзальнай плошчы і пасьля яе.

Паводле інфармацыі аднаго з ініцыятараў групы "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" Вячаслава Дзіянава, афіцыйных камэнтароў ад адміністрацыі "Вконтакте", якая знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу, пакуль не было:

"Проста а 12-й гадзіне ночы трэцяга ліпеня блякаваньне было зьнятае. На жаль, бальшыня ўдзельнікаў групы зьнікла, даводзіцца аднаўляць. А ў нас было 216 тысяч сяброў. Будзем разьбірацца далей".

Нягледзячы на блякаваньне — старонка не працавала, працавала толькі так званая "сьцяна абмеркаваньня" — акцыі ў Менску і шмат якіх іншых гарадах Беларусі адбыліся і былі брутальна разагнаныя. Затрымалі сотні чалавек, у панядзелак па ўсёй краіне праходзяць суды.

Ігар Коктыш, адзін з ініцыятараў акцыяў "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" і "Аўтастоп", выказаў такое меркаваньне наконт апошняй акцыі:

"Тое, што зараз робіць улада, — незразумелыя нейкія мэтады. Нейкія людзі ў цывільным, без апазнавальных знакаў, запіхваюць народ у машыны без нумароў — гэта ўсё злачынныя дзеяньні. Гэта абсалютна процізаконна. Таму тое, што зараз адбываецца, толькі ўзмоцніць хвалю, гэта выкліча эфэкт даміно. І, я думаю, людзі страх ужо перамаглі. Вось гэты страх, які быў раней, ён, на мой погляд, перарос у адчай, і гэта выкліча яшчэ мацнейшы супраціў".

У нядзелю прыкладна а 19:30 была зьдзейсьненая магутная DDoS-атака на сайт Радыё Свабода. Цягам амаль чатырох гадзінаў сайт працаваў зь перабоямі. Адмыслоўца ў сфэры IT-тэхналёгій Максім Капран распавёў, якім чынам адбываюцца DDoS-атакі:

"Скажам так: кампутары па ўсім сьвеце могуць заражацца ўсялякімі вірусамі, "траянамі". Празь вірусы можна ствараць заражаныя кампутары, аб'яднаныя ў сетку — 30, 50, 100 тысяч заражаных кампутараў могуць атрымаць каманду дасылаць выклікі на нейкі канкрэтны сэрвэр. На сэрвэр Радыё Свабода, напрыклад. І ён не вытрымлівае такой нагрузкі. Сэрвэр проста перастае адказваць на выклікі простых карыстальнікаў".

Падчас важных палітычных падзеяў — выбараў, акцыяў пратэсту —папулярныя інтэрнэт-рэсурсы ў Беларусі рэгулярна зазнаюць DDoS-атакі. Пастаянна атакуюць, да прыкладу, сайт "Хартыі-97". Адмыслоўца ў сфэры IT-тэхналёгій Максім Капран кажа, што такія DDoS-атакі можна "фільтраваць":

"Трэба адсочваць гэтыя IP-адрасы, зь якіх ідуць няспынныя выклікі да сэрвэра, і фільтраваць, адсякаць выклікі з гэтых IP-адрасоў. Сыстэмныя адміністратары, сеткавыя адміністратары павінны проста працаваць, як кажуць, не пакладаючы рук. Такім чынам з DDoS-атакамі і змагаюцца".

Што да правядзеньня наступнай акцыі ў сераду, адзін з ініцыятараў групы "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" Вячаслаў Дзіянаў паведаміў:

"Усё застаецца ў сіле. Будзе мяняцца фармат, аднак усё ў сіле застаецца. Мы спыняцца ня будзем".

Карэспандэнтка: "У сераду ўсё ж такі мяркуецца збор дзе — на Кастрычніцкай, на Прывакзальнай плошчы?".

"Гэтая інфармацыя зьявіцца пазьней. Пакуль яна ня вывешана ў групе, і журналістам мы ня можам сказаць. У мэтах бясьпекі, у мэтах плянаваньня: крыніца ж — сацыяльныя сеткі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG