Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле удакладненых зьвестак праваабаронцаў, падчас акцыі маўклівага пратэсту ў Дзень незалежнасьці ў Беларусі затрымана ня менш 390 чалавек: ня менш за 210 – у Менску і каля 180 – у рэгіёнах.

Як паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, прыкладна 140 чалавек цяпер знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Па словах Стэфановіча, на іх складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Слуханьні спраў павінны прайсьці сёньня ў судах Фрунзэнскага, Савецкага, Заводзкага, Маскоўскага і Кастрычніцкага раёнаў Менску – ва ўправы ўнутраных спраў гэтых раёнаў дастаўлялі затрыманых. Аднак, улічваючы вялікую колькасьць затрыманых, ня выключана, што справы будуць разглядацца ва ўсіх раённых судах гораду, дадаў праваабаронца. Па наяўнай інфармацыі, суды пакуль не пачаліся.

Што датычыцца рэгіёнаў, то найбольш масавыя затрыманьні былі адзначаныя ў Гомелі, Горадні і Магілёве. У Гомелі затрымана каля 30 чалавек, у Горадні – каля 120, у Магілёве – 15. Выпадкі затрыманьняў удзельнікаў акцый маўклівага пратэсту таксама адзначаліся ў Берасьці, Віцебску, Салігорску і іншых гарадах. Былі і кур'ёзныя сытуацыі. Так, адзначыў Стэфановіч, у Смалявічах затрымалі паўтарагадовае дзіця з дзядулем. Сьпячага хлопчыка забірала зь міліцыі маці.

Беларускія праваабаронцы выступілі з заявай, у якой чарговы раз заклікалі ўлады неадкладна вызваліць усіх затрыманых і арыштаваных за ўдзел у мірных сходах грамадзян. Яны таксама патрабуюць ад уладаў "забясьпечыць грамадзянам краіны рэалізацыю свабоды мірных сходаў і неадкладна спыніць ганебную практыку затрыманьняў і зьбіцьця іх удзельнікаў".

На думку праваабаронцаў, варта правесьці "тэрміновае расьсьледаваньне ўсіх фактаў перавышэньня службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі МУС, прыцягнуць вінаватых да устаноўленай законам адказнасьці", а таксама "прывесьці ў адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі заканадаўства аб парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў".

У заяве адзначаны шматлікія факты незаконнага выкарыстаньня фізычнай сілы ў адносінах да затрыманых грамадзянаў, перашкоды супрацоўнікамі МУС законнай дзейнасьці журналістаў па асьвятленьню падзей, затрыманьня праваабаронцаў, якія ажыцьцяўлялі маніторынг падзей." Уся адказнасьць за вышэйпералічаныя незаконныя дзеяньні, накіраваныя на парушэньне правоў чалавека, цалкам кладзецца на беларускія ўлады, кіраўніцтва і супрацоўнікаў МУС, судзьдзяў раённых і гарадзкіх судоў, якія непасрэдна датычныя да затрыманьняў і арыштаў удзельнікаў мірных сходаў ", – падкрэсьліваюць праваабаронцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG