Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Толькі ў Менску падчас маўклівай акцыі 3 ліпеня затрыманыя каля 210 чалавек, па краіне ня менш за 90 затрыманых, паведамляюць у Праваабарончым цэнтры "Вясна".

"У Менску было дзьве хвалі затрыманняў: першая — падчас парада, калі было затрымана каля 100 чалавек; другая — вечарам каля чыгуначнага вакзала, дзе затрымалі яшчэ больш за 100 чалавек", — паведаміў "Свабодзе" праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Ня менш за 140 чалавек трымаюць у турме на Акрэсьціна. Сёньня адбудуцца суды.

Валяніцн Стэфановіч адзначае, што інфармацыю зьбіраць цяжка, яе не прадстаўляюць і перашкаджаюць прысутнасьці назіральнікаў на судах. Супрацоўнікі міліцыі намагаюцца, каб суды праходзілі ў закрытым рэжыме.

У Магілёве затрымана 12 чалавек, палову зь іх вызвалілі ўначы. На ўсіх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У Гомелі затрымана каля 30 чалавек, у Гародні – каля 20-ці.

Праваабарончы цэнтар "Вясна" прыняў заяву ў звязку з затрыманьнямі. У ёй адзначаецца, што сілавыя разгоны мірных сходаў грамадзянаў падразьдзяленьнямі МУС зьяўляюцца грубейшым парушэньнем правоў чалавека.

"Прадстаўнікі падразьдзяленьняў МУС у дачыненьні да мірных грамадзянаў ужылі фізычную сілу і спэцсродкі, адбываліся масавыя затрыманьні як удзельнікаў мірных сходаў, так і выпадковых мінакоў. У выніку сотні грамадзянаў былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці, у тым ліку ў выглядзе адміністратыўных арыштаў, па сфальсыфікаваных абвінавачваньнях у зьдзяйсьненьні дробнага хуліганства – нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкіх месцах. Праваабарончым цэнтрам “Вясна” фіксаваліся шматлікія факты незаконнага выкарыстаньня фізычнай сілы ў дачыненьні да затрыманых грамадзянаў, факты супрацьдзеяньня супрацоўнікамі МУС законнай дзейнасьці журналістаў па асьвятленьні падзеяў, а таксама факты затрыманьня праваабаронцаў, якія ажыцьцяўлялі маніторынг азначаных падзеяў", - адзначаецца ў заяве.

У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтар “Вясна” заявіў свой пратэст і ў чарговы раз заклікаў улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых і арыштаваных за ўдзел у мірных сходах грамадзянаў.

"Вясна" заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць факты неабгрунтаваных затрыманьняў падчас сацыяльных акцый пратэсту, а таксама факты зьбіцьця грамадзянаў і прымяненьня спэцсродкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG