Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазырскія актывісты занесьлі перадачу баўгарскаму паэту


Сёньня ў Мазыры грамадзкія актывісты здолелі перадаць у мясцовы ізалятар маладому баўгарскаму паэту і журналісту Дзіміцеру Кенараву перадачу.

Гаворыць мазырскі прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзімер Целяпун:

“Разам з актывістамі БНФ, руху “За свабоду” мы сабралі баўгарскаму сядзельцу перадачу – сокі, мінэральную ваду, каўбасу, печыва, прадметы гігіены – і прыйшлі ў міліцыю. Нам у дзяжурцы адказалі, што ніякія перадачы ў выходныя ў ізалятары не прымаюць. Мы сталі пераконваць міліцыянтаў, што сёньня – афіцыйны Дзень незалежнасьці рэспублікі. Замежны грамадзянін сядзіць у ізалятары пятыя суткі, і яму ніякай увагі. Урэшце начальнік міліцыі Пётар Зыкун дазволіў перадачу”.

Дзіміцер Кенараў на другім экзэмпляры вопісу перадачы напісаў па-расейску, што ўсё зьмесьціва перадачы атрымаў. Пры канцы дадаў: “Дзякуй!”

Баўгарскі творца прыехаў у Мазыр разам з амэрыканскім пісьменьнікам Джэйсанам Мотлам. Яны наважваліся пагутарыць з кіраўнікамі й жыхарамі Мазыра. Дырэктар аднаго з прадпрыемстваў прапанаваў творцам інтэрвію на сьвежым паветры. На прахадной іх і затрымала міліцыя.

Амэрыканца неўзабаве адпусьцілі, дзякуючы высілкам консула, а баўгарскага грамадзяніна трымаюць да гэтага часу. У Беларусі ён згубіў пашпарт. Міліцыя чакае, пакуль баўгарская амбасада прывязе ў Мазыр Кенараву часовы дакумэнт. Выпраўляць баўгарына ў амбасаду ў Менск мазырская міліцыя не зьбіраецца. Кажуць, што калі ў дарозе зь ім нешта здарыцца, то адказнасьць будзе несьці міліцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG