Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Мажэйкіс: Літоўскаму грамадзтву няма справы да Беларусі


Гінтаўтас Мажэйкіс
Гінтаўтас Мажэйкіс
Літоўскі філёзаф Гінтаўтас Мажэйкіс цьвердзіць, што Беларусь азначае для Літвы культурную амнэзію, якую ня вылечылі нават расправы беларускіх уладаў з дэманстрантамі на вуліцах Менску. Разам з тым цудоўна працуе намэнклятурная салідарнасьць, якая абапіраецца на “прагматычную палітыку”. У канцы чэрвеня Г.Мажэйкіс выступіў з паведамленьнем “Беларусь – культурная амнэзія Літвы” на штогадовай канфэрэнцыі арганізацыі “Сантара-Швеса”, якая аб’ядноўвае лібэральных інтэлектуалаў Літвы і літоўскай дыяспары.

Падаем фрагмэнты выступу Г.Мажэйкіса на канфэрэнцыі.

“Дагэтуль я не зьвяртаў увагі, як і ўсе грамадзяне Літвы, на тое, што ў Літве публічна думаюць пра Беларусь, наколькі яе разумеюць, ці гэта, я б сказаў, выпадак амнэзіі, забыцьця, сьлепаты, глухаты, затыканьня вушэй, калі толькі “супэрультразорка” Лукашэнка здольны прарвацца ў этэр і нагадаць, што ў нас ёсьць суседзі-беларусы з сваім арыгінальным кіраўніком.

Аднак тады пачаліся дзіўныя рэчы – затрыманьні, зьбіцьцё, сьмерці маіх сяброў, і я міжволі пачаў вельмі гэтым цікавіцца. Візыты Далі Грыбаўскайце мяне бясспрэчна агаломшылі, але ня толькі яе амаль адкрытая падтрымка Лукашэнку, а яшчэ больш мяне ўразіла літоўскае грамадзтва, якое не пабачыла ў гэтым ніякай праблемы, заганы, не было тых, хто б яе актыўна крытыкаваў, выказваў альтэрнатывы, спрабаваў іх фармаваць, што для дэмакратычнага грамадзтва, зацікаўленага адкрытай грамадзянскай супольнасьцю вакол сябе, было б зусім нармальна.

І было б добра, каб актывісты Саюдзісу, Вітаўтас Ландсбергіс, усе тыя ілюзіі літоўскага вызвольнага руху, праніклі ў беларускае асяродзьдзе. Аднак нічога падобнага не адбылося. А найгоршае было тое, што ў Літве толькі невялікая жменька людзей з дапамогай
Нам трэба недзе спыніцца і пачаць глядзець на беларусаў.

Твітэра мела магчымасьць быць увесь час на менскай Плошчы. Я падлучыўся да розных каналаў, дзе можна было атрымліваць усе паведамленьні, і калі 19 сьнежня пачаўся разгон мітынгу апазыцыі ў Менску, на экране майго кампутара зьяўлялася ў сярэднім да двухсот паведамленьняў за хвіліну. Я ўжо не пасьпяваў іх прачытаць, але з экрана ўвесь час чуўся крык – “Памажыце!”

Здавалася б, да Менску так блізка, ёсьць нейкія сталыя сувязі, лёзунг “За нашу і вашу свабоду!” існуе яшчэ ад часоў Саюдзісу – і нікому да гэтага не было справы! Цынічная падтрымка беларускіх уладаў у літоўскім урадавым асяродзьдзі, радасьць і віншаваньні з нагоды перамогі на выбарах – усё гэта кажа пра тое, што нам трэба недзе спыніцца і пачаць глядзець на беларусаў. У Беларусі абсалютная бальшыня ахопленага сном насельніцтва падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, ёсьць і невялікая частка расколатай і трагічнай апазыцыі, якая чакае яшчэ больш трагічных падзеяў, якія б маглі абудзіць народ ад сну.

А побач дрэмле вясковая, спажывецкая, пазбаўленая ўсялякай грамадзянскай салідарнасьці і гістарычнай самапавагі Літва, у якой ні вялікай, ні малой прэсе, за выключэньнем жменькі апазыцыйных інтэлектуалаў, як і ў Беларусі – няма да тых рэчаў ніякай справы, як бы яны і не існавалі.

Мяне зьдзівіла гэтая падобнасьць беларускай і літоўскай сьвядомасьці – можа мы
Побач дрэмле вясковая, спажывецкая, пазбаўленая грамадзянскай салідарнасьці і гістарычнай самапавагі Літва.

з такім сваім мысьленьнем тоесныя беларусам? Нядаўна Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што насамрэч Беларусь мае толькі аднаго сябра – існуюць незвычайна добрыя, больш чым добрасуседзкія сувязі зь Літвой. Вось гэтая ягоная радасьць, а таксама падобнасьць нашай сьвядомасьці, выклікаюць пытаньні.

Нагадаю, што калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады 17 гадоў таму, частка вельмі прыязна настроеных людзей радавалася гэтаму, кажучы, што вось цяпер нарэшце беларусы больш ня будуць карыстацца нашай Пагоняй, у будзе Пагоня толькі нашая, літоўская. Як добра! І ня будуць больш беларусы называць сябе літвінамі. Якія ж яны літвіны? Во як добра! І ня будзе ў нас ніякіх асаблівых канфліктаў. І свае песьні пра Воршу і Грунвальд паступова забудуць, і гісторыя будзе нашая! Прыйшоў Лукашэнка – і мы забярэм сабе нашу гісторыю.

Гэтая глухата да беларускіх падзеяў – гэта не грамадзянская глухата, бо па-грамадзянску мы мусілі б салідарызавацца – ні грамадзянскі, ні міталягічны (ВКЛ) мэханізм тут ня дзейнічаюць. Забарона на дзеяньне паходзіць з этычнай сялянскай сьвядомасьці, якая ў Літве дамінуе і якая ператварылася ў спажывецкае грамадзтва. Але гэтае сялянскае спажывецкае грамадзтва, як бы гэта ні было прыкра, азначае амнэзію Літвы ў дачыненьні да Беларусі і вялікі страх з таго, што будуць скрадзеныя нацыянальныя сымбалі”, - канстатуе філёзаф.

Паводле Г.Мажэйкіса, на намэнклятурным узроўні цудоўна дзейнічае намэнклятурная салідарнасьць і ўзаемаразуменьне.

“Яны могуць запэўніць намэнклятурна-адміністрацыйнае супрацоўніцтва Літвы і Беларусі, якое выяўляецца ў няспынных заявах аб тым, што гэта “прагматычная палітыка”.

Прагматыка выяўляецца ў тым, што не абвяшчаюцца ніякія ідэалы і мэты, а мы радуемся таму, што не замінаем адны адным, і таму, што парадкуем памежныя пытаньні і дарогі ў адзін або другі бок.
Пагоня будзе толькі нашая, літоўская. Як добра!

Таму намэнклятурныя сувязі паміж Літвой і Беларусьсю цудоўныя. І гэты намэнклятурны пласт задаволены сялянскім маўчаньнем, дзе няма ніякай грамадзянскай салідарнасьці і сьвядомасьці на ўзроўні Саюдзісу. А традыцыя свабодных выказваньняў, якая засталася яшчэ ад часоў ВКЛ, уласьцівая толькі вузкаму колу інтэлектуалаў, найчасьцей гісторыкам і паэтам, аднак усім астатнім яна здаецца сьмешнай і наагул нікому не патрэбнай.

Я б сказаў, што рэвалюцыя ў Беларусі, у Менску – гэта перадумова абуджэньня грамадзянскай сьвядомасьці ў Літве”, - сказаў літоўскі філёзаф Гінтаўтас Мажэйкіс у сваёй прамове на канфэрэнцыі арганізацыі “Сантара-Швеса”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG