Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя актывісты наведалі сям’ю Класкоўскага


Сям’я Аляксандра Класкоўскага. Бялынічы. Актывісты АГП зьбіраюць зь дзецьмі чыгунку. Зьлева Уладзімер Шанцаў, дальшы справа Цімафей Камозін.

Сям’я Аляксандра Класкоўскага. Бялынічы. Актывісты АГП зьбіраюць зь дзецьмі чыгунку. Зьлева Уладзімер Шанцаў, дальшы справа Цімафей Камозін.

2 ліпеня магілёўскія актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі наведалі ў Бялынічах сям’ю палітвязьня Аляксандра Класкоўскага. У гэтым райцэнтры перабывае нялёгкія часіны жонка вязьня Натальля й трое яго дзяцей Арсеній, Дар’я і Аляксей. Малодшаму Арсенію 24 чэрвеня споўніла тры гады. З падарункамі актывісты й заявіліся ў дом бацькоў жонкі нявольніка шклоўскай калёніі № 17.

Малодшы Класкоўскі — Арсеній

Бялынічы, вуліца Калініна 45. Невялікі драўляны дом з разложыстай вішняй у двары. Ля брамкі гасьцей сустракае спадарыня Натальля. Суседзі зь цікаўнасьцю выглядаюць са сваіх двароў. У Бялынічы сям’я палітвязьня перабралася нядаўна. Пакуль актывісты дапамагаюць дзецям скласьці чыгуначную дарогу, якую прывезьлі ў падарунак малодшаму Арсенію Класкоўскаму, у спадарыні Натальлі пытаюся пра стаўленьне суседзяў да ўчынку мужа:

«Тое, што зрабіў Саша, — асуджэньне ідзе поўнае. Ім цяжка зразумець, што чалавек мог пайсьці ад чыстага сэрца. Яны кажуць маім бацькам, а што яго не задавальняе? І кватэры будуе прэзыдэнт, і пэнсіі своечасова дае. Што вам „нада“? Вайны ж няма. Мы не спрабуем нікога пераконваць. Няхай думаюць, як думаюць. Гэта ўсё безвынікова. Нам дапамагаюць добрыя людзі».

Жонка Аляксандра Класкоўскага Натальля.

У Бялынічах сям’я Класкоўскага зьбіраецца прабыць паўгода — пакуль ня вырашацца праблемы з будаўніцтвам кватэры ў Менску. Яны ўзьніклі адразу пасьля зьняволеньня Аляксандра. Гэты час дзеткі будуць хадзіць у райцэнтраўскі садок і школу. Ці ведаюць яны, дзе тата, пытаюся ў спадарыні Натальлі:

«Малодшы ў чаканьні. Тата паехаў некуды за сокам. У ягоным разуменьні. Але калі ў шчыраваньне трапляе, то можа сказаць, што тата ў турме. Дзяўчынка мая таксама ведае, але яна забываецца крыху».

Старэйшы Аляксей троху саромеецца мікрафону, але ўпэўнена заяўляе, што тату пасадзілі ў турму незаконна:

«Бо ён за свабоду ішоў з добрымі намерамі».

Старэйшы сын Аляксандра Класкоўскага — Аляксей (справа) і дачка Дар’я (у сярэдзіне) і Арсеній.

Актывісты ўцягнуліся ў гульню зь дзецьмі. Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў кіруе будаўніцтвам чыгункі. Зьбірае сэкцыю дарогі й тлумачыць, чаму вырашылі наведаць сям’ю палітвязьня:

«Ну мы без салідарнасьці наагул прападзём. Салідарнасьць — самае галоўнае, што ў нас павінна быць. Мы павінны дапамагаць адзін аднаму. Гэта кажа пра тое, што мы ўсе разам. А калі мы будзем усе разам, то нас ня зломіш».

Аднапартыец Шанцава Цімафей Камозін дадае: «Для таго, каб выразіць салідарнасьць з чалавекам, які не пабаяўся выразіць тое, пра што думае, і зрабіць тое, што лічыць патрэбным. Паболей бы такіх людзей — мы б ня так жылі».

26 траўня Ленінскі суд Менску асудзіў былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага на 5 пяць гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Ён адбывае пакараньне ў Шклоўскай папраўчай калёніі № 17. Паводле жонкі, Аляксандар два тыдні прабыў у карантыне гэтай турмы з экс-кандыдатам на прэзыдэнцтва Міколам Статкевічам. Акрамя Класкоўскага й Статкевіча ў «сямнаццатцы» яшчэ трое ўдзельнікаў плошчы — Дзьмітрый Новік, Уладзімір Лобан і Алег Гнедчык.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG