Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазырскія «вакацыі» баўгарскага паэта


Дзіміцер Кенараў
Дзіміцер Кенараў
Ужо чацьвёртыя суткі ў ізалятары Мазырскага РАУС знаходзіцца пад вартай малады баўгарскі паэт і журналіст, ляўрэат баўгарскай прэміі «Дэбют» Дзіміцер Кенараў. Баўгарскі творца прыехаў у Мазыр разам зь сябрам — амэрыканскім пісьменьнікам Джэйсанам Мотлам. Яны наважваліся пагутарыць з кіраўнікамі й жыхарамі Мазыра. Наколькі вядома, дырэктар аднаго з прадпрыемстваў прапанаваў творцам інтэр’ю на сьвежым паветры. На прахадной іх і затрымала міліцыя.

Амэрыканца, дзякуючы высілкам консула, адпусьцілі, а баўгарскага грамадзяніна трымаюць, бо ён згубіў пашпарт. Міліцыя чакае, пакуль баўгарская амбасада прывязе часовы пашпарт Кенарава ў Мазыр.

Выпраўляць баўгарына ў амбасаду ў Менск мазырская міліцыя, праўдападобна, не зьбіраецца.

Баўгарскага творцу хацеў наведаць у ізалятары мазырскі праваабаронца, сябра БХД Уладзімер Целяпун: «Начальнік ізалятара часовага ўтрымання Валянцін Пілер бегаў некуды з маім пасьведчаннем, кансультаваўся. Але пасьля катэгарычна адмовіў як у інфармацыі, так і ў аказаньні дапамогі спадару Кенараву».

Сёньня правабаронца меўся перадаць баўгарскаму грамадзяніну сродкі гігіены, сокі, садавіну. Аднак перадачы ў суботу і нядзелю ў ізалятары не прымаюць.

Дзяжурны ўстановы запэўніў журналістаў, што ніякіх скаргаў на стан здароўя ад Дзіміцера Кенарава не паступала. Замежнік ведае расейскую мову, таму няма перашкодаў у зносінах зь ім.

Паводле дзяжурнага, Кенарава забясьпечваюць трохразовым харчаваньнем, якое прывозяць з гарадзкой сталовай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG