Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Клышка паклаў на відэа сваю паэму «Менская зямля». Цяпер пад голас аўтара, які расказвае пра жыцьцё менчукоў пад нямецкай акупацыяй, гледачы могуць пабачыць яшчэ і ўнікальную архіўную хроніку ваеннага ды паваеннага часу.

Алесь Клышка заўсёды ўражваў узорам спартовай формы і адменнага здароўя, але ўжо некалькі гадоў вымушаны змагацца зь цяжкай хваробай. Ён моцна схуднеў, няма былой шпаркасьці, але застаўся моцны духам. Як прызнаецца сам, дапамагае яму менавіта творчасьць. А апошнім часам спадар Клышка актыўна далучае да працэсу высокія тэхналёгіі.

Так, да перавыдадзенай летась кнігі з паэмай «Менская зямля» быў прыкладзены аўдыёдыск, дзе паэма гучыць у выкананьні паэта. Наступным этапам стаў DVD-носьбіт: цяпер аўтабіяграфічны аповед можна слухаць пад карцінку. Дзеля гэтага, кажа суразмоўца, давялося перагледзець кілямэтры архіўнай кінахронікі, выбраць кадры, якія найбольш пасуюць зьместу. Пры гэтым не без іроніі дадае, што хвароба прысьпешыла і выданьне кнігі, і наступных дыскаў — раней з-за адсутнасьці вольнага часу справу даводзілася адтэрміноўваць:
Усё адсоўваў на потым: вось прыйдзе час, будзе нейкая нагода, і я гэта ўсё зраблю. А час падышоў імгненна.

«Прыйшоў час, каб штосьці ўвасобіць у справу. А ідэя якраз у тым, каб нейкім чынам пакінуць у памяці для сваіх, у першую чаргу, дзетак, сваіх унукаў вось гэтыя малюнкі майго дзяцінства, роднага горада, гэтыя мае куточкі, якія я наведваў у дзяцінстве, зь якімі зьнітавана маё жыцьцё. Вось гэта асноўнае жаданьне, каб гэтыя малюнкі данесьці да іншых людзей. Але ж, як часьцяком бывае, усё адсоўваў на потым: вось прыйдзе час, будзе нейкая нагода, і я гэта ўсё зраблю. А час падышоў імгненна. Пляны парушыў Гасподзь мае, і я цяжка захварэў».

«Менская зямля» — выкладзеныя ў вершаванай форме паваенныя ўспаміны Алеся Клышкі. На прыкладзе рэальнай гісторыі сваёй сям’і аўтар паказвае жыцьцё звычайнага гараджаніна ва ўмовах нямецкай акупацыі. Спадар Клышка ўсьцешаны, што апошнім часам прынамсі зьявілася магчымасьць прыадчыніць некаторыя старонкі гісторыі:

«У апошні час я прачытаў дзьве вельмі цікавыя кніжкі: Ільлі Копыла „Нябышына. Вайна“ і Івана Данілава „Занатоўкі заходняга беларуса“. І вось гэтыя дзьве кніжкі мяне яшчэ раз пераканалі ў тым, што мы ня ўсё ведаем пра вайну. Доўгі час афіцыйная прапаганда прыхоўвала гэтыя ўспаміны, гэтую інфармацыю, і толькі-толькі зараз яно пайшло ў сьвет. Гэта вельмі пасавала з тым, аб чым мне распавядалі ў свой час бацькі, старэйшыя сёстры і брат. І вось гэтыя пакуты я пэўнымі кавалачкамі даў у сваю паэму ўспамінаў, самыя такія яскравыя — як яны тут бедавалі, як яны жылі тут».



Алесь Клышка кажа, што далёкі ад думкі распачынаць рэвізію гісторыі, але на фактах паказвае: ідэалягічная трактоўка вайны не павінна быць такой безапэляцыйнай:

«Я не хацеў бы, каб мы пераўтваралі нашы ўспаміны ў пэўным сэнсе ў абяленьне тых акупантаў. У іх была пэўная функцыя, яны яе выконвалі, і мы ўсе добра ведаем: вырашала вышэйшае камандаваньне, што рабіць зь людзьмі, як паступаць далей на славянскіх землях. Але ў той жа час былі прыклады вельмі паказальныя. Я знайшоў ліст маці пра тое, як была выпраўленая адна недарэчнасьць. Відаць, нехта дапамог ёй па-нямецку напісаць у камэндатуру нямецкую, дык вось, яна піша: падчас пераезду з адной вуліцы на другую ў яе зьніклі дровы. А гэтыя дровы — усё, што было на зіму, і калі паліва ня будзе, то сям’я загіне. Немцы паверылі на слова і выдалі загад: згаданую колькасьць дроваў, якія зьніклі падчас пераезду, кампэнсаваць. І насамрэч: прывезьлі, перадалі. І такіх момантаў можна ўзгадваць шмат».

Алесь Клышка перакананы, што да любой гістарычнай спадчыны трэба ставіцца з павагай і разуменьнем, таму падкрэсьлівае важнасьць таго, каб наступныя пакаленьні маглі самастойна рабіць высновы адносна жыцьця сваіх папярэднікаў:
Жыцьцё арганічна зьнітаванае зь мінулага, зь сёньняшняга дня, у будучыню сягае.

«Я вельмі паблажліва стаўлюся да старонак гісторыі. Нам усім карціць нешта разбурыць і штосьці новае пабудаваць. Але ж жыцьцё арганічна зьнітаванае зь мінулага, зь сёньняшняга дня, у будучыню сягае. Як мудра паступілі, напрыклад, са спадчынай сталінскай у Прыбалтыцы. Яны стварылі своеасаблівыя пантэоны, куды зьвезьлі сьведчаньні той эпохі. Гэта старонка! Дарэчы, кавярні, якія зробленыя ў гэткім „хай-тэку“ сталінізму, з нейкімі сымбалямі эпохі камунізму, карыстаюцца попытам, таму што гэта гісторыя. Яна засталася і дае магчымасьць зазірнуць людзям у той час. Трэба рабіць сховішчы, трэба такія стварыць умовы, каб гэта ня зьнікла. Бо прыйдзе час, гэта будзе старонка гісторыі, і можа ня мы, але нашы дзеткі і ўнукі будуць казаць: Божа, гэта ж трэба было, такую хлусьню пісалі і ўсе ўхвалялі гэта. Гэта неабходна як маленькі падмурачак, як прыступка дзеля таго, каб нашы нашчадкі ішлі наперад, ішлі да праўды».

Алесь Клышка нарадзіўся ў 1948 годзе ў Менску. Навуковы супрацоўнік НДІ фізычна-хімічных праблемаў, кандыдат тэхнічных навук, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Аўтар кніг вершаў «Ад каранёў да кроны», «Далёкае — блізкае», «Абярог», «Менская зямля», шэрагу чытанак для дзяцей; укладальнік гістарычнай кнігі «Шчасьце маё. Дзёньнікі Іосіфа Голубева». У суаўтарстве з манахам Мікалаем (паэтам Зьнічом) выдаў кнігі «Жыровіцкія камяні», «Шлях да Жыровічаў». Аўтар відэа- і аўдыёкніжак. У адной з апошніх — «Недаравальная нядзеля» — у размове са Зьнічом разважае пра маральныя наступствы разгону акцыі ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG