Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыяльныя сеткі распаўсюдзілі інфармацыю пра маўклівыя акцыі, якія пройдуць 3 ліпеня. Напярэдадні быў заблякаваны доступ «Вконтакте» да групы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Праваабаронцы працягваюць дапамогу ўдзельнікам акцыі.

2 ліпеня раніцай быў заблякаваны доступ да суполак «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» і «Рух будучыні», а таксама зьніклі сустрэчы, зьвязаныя з акцыямі 3 ліпеня. Аднак «сьцяна», абмеркаваньні і альбомы групы пакуль даступныя. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў каардынатар суполкі Вячаслаў Дыянаў:

«Мы бачым, што адміністрацыя „Вконтакте“ блякуе нашы групы — рэгіянальныя і асноўную. Яны заблякаваныя часова, але ня выдаленыя, спасылкі працуюць. Мы зараз высьвятляем, хто мог прыняць такое рашэньне. Нам па сутнасьці перакрылі канал сувязі з карыстальнікамі».

Паводле Вячаслава Дыянава, суполка атрымала інфармацыю, што беларускія ўлады прынялі рашэньне пра блякаваньне сацыяльных сетак адмыслова перад 3 ліпеня.
Мы мяркуем, што яны змаглі націснуць на адміністрацыю „Вконтакте“, каб нам заблякавалі ўсе групы.

«Мы мяркуем, што яны змаглі націснуць на адміністрацыю „Вконтакте“, каб нам заблякавалі ўсе групы. Гэта сур’ёзны ўдар па сацыяльных сетках Расеі».

Вячаслаў Дыянаў адзначае, што нягледзячы на блякіроўку, акцыя 3 ліпеня ўсё роўна адбудзецца, бо інфармацыя пайшла яшчэ раней. Маўклівая акцыя пройдзе ў ранейшым фармаце.

Дыянаў: «Першая сустрэча — на парадзе, калі пойдзе выступ Лукашэнкі, людзі запляскаюць у ладкі. Другая сустрэча будзе а 19-й гадзіне на прывакзальнай плошчы ў Менску. І трэцяя сустрэча — акцыя пачнецца адразу пасьля салюту каля стэлы «Менск — горад-герой».

Удзельнікі акцыі плянуюць як мага бліжэй падысьці да трыбуны, дзе будзе прамаўляць Аляксандар Лукашэнка, і калі ён пачне прамову, актыўна запляскаць у ладкі. І пакуль ён ня скончыць, плясканьне ня спыніцца.

Тым часам праваабаронцы заявілі пра абарону тых, хто, на іх думку, стаў «ахвярай міліцэйскага свавольства». Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што ініцыятары маўклівых акцый арганізавалі збор сродкаў на выплату штрафаў затрыманым удзельнікам папярэдніх акцый. За чатыры дні на рахунак арганізатараў інтэрнэт-суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» пералічана каля 11 мільёнаў рублёў. Сем мільёнаў рублёў ужо перададзеныя праваабаронцам для аплаты штрафаў.

Старшыня БХК Алег Гулак адзначае, што мяркуючы па акцыі 29 чэрвеня праваахоўныя органы абралі цалкам незаконную тактыку:
Аб праве тут казаць складана, яно тут і побач не ляжала.

«Людзі ў цывільным без усялякіх тлумачэньняў, без прадстаўленьня і, наогул, незразумела, што гэта за службы, проста бандыцкім чынам выхопліваюць асобных людзей з гэтай групы, якую самі ж некуды накіравалі, якім не далі сабрацца там, дзе яны хацелі. Часта трапляюць проста выпадковыя людзі. Іх запіхваюць у машыны без апазнавальных знакаў і потым, аказваецца, што гэтых людзей судзяць за хуліганства. Аб праве тут казаць складана, яно тут і побач не ляжала».

Чаму ўлады баяцца маўклівых акцый? На гэта спадар Гулак сказаў:

«Яны баяцца, што гэтыя акцыі набудуць шырокі рэзананс і прыцягнуць вялікую колькасьць людзей. Канечне, гэта небясьпечна, тым больш на фоне эканамічнага крызісу».

Маўклівая акцыя 3 ліпеня будзе шостай па ліку. Па ініцыятыве сацыяльных сетак яны праводзяцца кожную сераду на цэнтральных плошчах беларускіх гарадоў. Удзельнікі не скандуюць лёзунгаў і ня маюць сьцягоў ці іншай сымболікі. Яны зьбіраюцца разам і пляскаюць у ладкі, выказваючы такім чынам нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG