Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 ліпеня споўнілася 90 гадоў з моманту стварэньня камуністычнай партыі Кітаю. На сёньняшні дзень у шэрагах гэтай партыі знаходзяцца звыш 80 мільёнаў чалавек.

На сходзе з выпадку 90-х угодкаў партыі яе генэральны сакратар і старшыня КНР Ху Цьзіньтао гаварыў пра цяжкасьці, якія Кітаю выпала пераадольваць у мінулым стагодзьдзі, а таксама пра дасягненьні ў справе “рэвалюцыі, разьвіцьця і рэформаў”, паведамляе Бі-Бі-Сі.

“У пэўныя гістарычныя моманты мы рабілі памылкі і нават зазнавалі цяжкія паразы, што было выклікана разыходжаньнем паміж тэорыяй і кітайскай рэальнасьцю”, – заўважыў Ху Цьзіньтао, пры гэтым не згадаўшы аб палітыцы рэпрэсіяў, ахвярамі якой сталі ў XX стагодзьдзі мільёны людзей.

Генэральны сакратар і старшыня КНР Ху Цьзіньтао
У сваёй прамове кітайскі кіраўнік зьвярнуў увагу і на некаторыя партыйныя заганы. Паводле Ху Цьзіньтао, “некампэтэнтнасьць” некаторых партыйцаў і іх “аддаленасьць ад народу” ствараюць для краіны сур’ёзныя праблемы. Старшыня КНР адзначыў, што, калі не змагацца з карупцыяй, яна можа паставіць пад сумнеў легітымнасьць самой партыі.

Камуністычная партыя Кітаю была створаная ў ліпені 1921 году. Яна прыйшла да ўлады пасьля абвяшчэньня КНР у 1949 годзе. Пазьней палітыка партыі нярэдка мянялася. Сёньня кіраўніцтва кітайскіх камуністаў прызнае, што ў мінуласьці дапусьціла памылкі. Сярод іх правальная эканамічная палітыка “Вялікага скачка” або “Культурная рэвалюцыя”, якая магла нанесьці непапраўную шкоду традыцыйнай культуры Кітаю.

Зьмены ў партыйнай лініі адбыліся пасьля сыходу з палітычнай арэны Мао Цзэдуна, калі пры стырне ўлады стаў Дэн Сяопін. Абвешчаная ім палітыка рэформаў і адкрытасьці прывяла Кітай да бурнага эканамічнага разьвіцьця.

Сёньня кампартыя Кітаю – найбольшае палітычнае аб'яднаньне ў сьвеце. За апошнія тры гады колькасьць чальцоў партыі павялічылася на 6 мільёнаў і цяпер перавышае 80 мільёнаў чалавек.
XS
SM
MD
LG