Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільля Васілевіч знаходзіцца ў карантыне і просіць перадаць яму ангельскія слоўнікі. Брат і маці Андрэя Пратасені не змаглі наведаць яго ў бабруйскай калёніі. Аляксандар Малчанаў моцна схуднеў, і ў яго пагоршыўся зрок.

Маці Аляксандра Малчанава Галіна Андрэеўна — жанчына сталага веку, цяжка хварэе і можа ня вытрымаць доўгай дарогі з Барысава ў Магілёў, каб трапіць на спатканьне з сынам. Таму кантактуе зь ім у асноўным праз тэлефон:

«Вы ж ведаеце, усё праслухоўваецца. Я неяк пачала яму нешта распавядаць, але цэнзуры гэта не спадабалася, і яны перарвалі размову… Нічога лішняга ня скажаш і не напішаш. Калі ў лістах ён піша штосьці ня тое, то ўсё закрэсьлівалі. Зрок у яго вельмі пагоршыўся. Схуднеў моцна — вялікае разыходжаньне паміж ростам і вагой».

Брат Андрэя Пратасені Аляксандар 5 траўня пасьля абвяшчэньня прысуду сказаў, што самае складанае для яго — паведаміць бацькам, што інтэлектуала Андрэя, які скончыў школу з залатым мэдалём, факультэт прыкладной матэматыкі — з чырвоным дыплёмам, пасадзілі на 3 гады. Праз 2 месяцы, кажа Аляксандар…

«Канечне, такіх вострых перажываньняў ужо няма, і дзякуй Богу. Але, канечне ж, у сабе яны ўсё гэта трымаюць, стараюцца загнаць глыбей… Маўклівае прыняцьце гэтай сытуацыі ў іх. Я стараюся менш нагадваць, дый яны самі стараюцца жыць сёньняшнім днём».

Тыдзень таму адбыўся разгляд касацыйнай скаргі. Менскі гарадзкі суд пакінуў прысуд Андрэю Пратасеню, вынесены Кастрычніцкім раённым судом — 3 гады зьняволеньня — у сіле. Брат Андрэя Аляксандар распавёў:
Пакуль гэты дазвол суд нам выдаў, пакуль мы дабраліся да гэтай калёніі, ужо трапіць да яго не змаглі.

«Мы пасьля яго хацелі з маці зьезьдзіць на сустрэчу з Андрэем, але пакуль гэты дазвол суд нам выдаў, пакуль мы дабраліся да гэтай калёніі, ужо трапіць да яго не змаглі».

У лістах Андрэй даволі стрыманы, ні на што ня скардзіцца, суцяшае бацькоў, што ў яго ўсё ў парадку. Шмат чытае:

«Я яму перадаў кнігі, якія ён прасіў: ангельскія слоўнікі, дзьве кнігі па трэнінгу памяці і мысьленьня і кнігу па трэніроўцы зроку. Плюс — чытае мастацкую літаратуру, далучаецца таксама да савецкай клясыкі».

Самага маладога палітвязьня, 19-гадовага Ільлю Васілевіча, этапавалі ў Магілёўскую калёнію № 19, дзе ўжо знаходзяцца Дзьмітрый Вус і Алег Федаркевіч. Маці Ільлі Васілевіча Тамара Анатолеўна паведаміла, што яе сын цяпер у карантыне:

«Адзін ліст прыслаў з карантыну, і ўсё. Ён ніколі ня скардзіцца ні на што. Піша, што кормяць добра, бачыць прыроду, дыхае паветрам — бо яму на Валадарцы ўжо так надакучыла, у калёніі хоць убачыў сьвятло. І напісаў: «Калі ад мяне доўга ня будзе лістоў, не зьдзіўляйцеся, я для сябе галоўнае яшчэ ня вырашыў… І яшчэ ён напісаў: падумайце добра, ці патрэбна вам праз шкло спатканьне працягласьцю ўсяго гадзіну, ці варта дзеля гэтага ехаць».

Ільля папрасіў перадаць ангельскія слоўнікі, перакладае артыкулы, шмат чытае. Атрымлівае шмат лістоў падтрымкі, распавяла ягоная маці Тамара Анатолеўна:

«Дзяўчынка з Чэхіі піша. Уявіце сабе, яна ў інтэрнэце знайшла зьвесткі пра Ільлю, ведае горад Баранавічы, і цяпер яму з Чэхіі піша. З Усьць-Каменску нехта даслаў ікону. Падтрымліваюць Ільлю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG