Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск зноў наступае на «драздоўскія» граблі


Лешэк Шарэпка, пасол Польшчы ў Беларусі.

Лешэк Шарэпка, пасол Польшчы ў Беларусі.

Ад 1 ліпеня Польшча распачынае сваё старшынства ў Эўразьвязе, якое працягнецца шэсьць месяцаў. За гэты ж час — да канца году — амбасада Польшчы мусіць вызваліць будынак у цэнтры Менску, які арандавала некалькі дзясяткаў гадоў.

Афіцыйнай падставай для вызваленьня арандаванага памяшканьня на вуліцы Румянцава ў Менску — заканчэньне тэрміну арэнды. Кіраўніцтва польскай дыпляматычнай місіі гэтымі днямі спрабуе весьці перамовы пра магчымасьць вырашэньня праблемы, але пакуль безвынікова, кажа амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка:

«Я спрабаваў размаўляць наконт гэтага з вашым МЗС, спрабаваў наладзіць сустрэчу ў адміністрацыі прэзыдэнта. Але на ноту, накіраваную больш як два месяцы таму, няма адказу. Папраўдзе — у вас рынак нерухомасьці вельмі плыткі і вельмі складана знайсьці месца, каб перасяліць амбасаду. А без супрацоўніцтва з уладамі гэта зусім немагчыма, таму што большасьць будынкаў у цэнтры належыць дзяржаўным структурам».

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі, у сваю чаргу, заяўляюць, што пытаньне вызваленьня арандаванага памяшканьня мае гаспадарчы характар і польскім дыпляматам пра яго паведамілі загадзя. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

«Інфармацыя пра тое, што дамова арэнды ня будзе прадоўжаная, была прадстаўленая амбасадзе Польшчы яшчэ пяць год таму, калі гэтая дамова падпісвалася. Больш за тое — у 2008 годзе амбасадзе Польшчы быў выдзелены кавалак зямлі, амаль паўгектара, на вуліцы Старавіленскай. У добрым месцы, дзе, у прынцыпе, можна было разгарнуць будаўніцтва. Аднак гэтую магчымасьць польская амбасада таксама не скарыстала. У выніку — мы маем тую сытуацыю, якую маем».

Высяленьне амбасады Польшчы з арандаванага памяшканьня ў цэнтры Менску — яшчэ адзін крок, скіраваны на абвастрэньне стасункаў Беларусі з аб’яднанай Эўропай, гэтак пракамэнтаваў сытуацыю палітоляг Уладзімер Мацкевіч:
Як бы там што ні гаварылася пра гаспадарчыя пытаньні — рэжым проста нарываецца..

«Сёньня, 1 ліпеня, пачынаецца адлік, калі Польшча становіцца старшынёй Эўразьвязу. Гэта вельмі сымбалічныя падзеі. І як бы там што ні гаварылася пра гаспадарчыя пытаньні — рэжым проста нарываецца. Ён робіць захады, каб яшчэ больш абвастрыць свае адносіны з Эўразьвязам. Гэта азначае, што ўлады імкнуцца за гэтыя месяцы набраць такі вузел праблем, каб на перамовы выносіць ня сутнасныя пытаньні. А каб дробязі, кшталту памяшканьняў, газэт і гэтак далей, сталі галоўнымі, апроч прынцыповых пытаньняў па зьмене самога рэжыму, разьвіцьця рынку і дэмакратыі».

Беларускія ўлады раней ужо выціскалі з памяшканьняў замежных дыпляматаў — у 1998 годзе МЗС Беларусі ініцыяваў высяленьне 22 замежных амбасадараў зь іхных рэзыдэнцый у Драздах. Тады гэта выклікала міжнародны скандал.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG