Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія актывісты руху «За свабоду» 1 ліпеня наведаліся з улёткамі й газэтамі на мясцовы Віленскі рынак. Інфармацыйныя выданьні, якія раздавалі актывісты гандлярам і наведнікам самага вялікага рынку ў Магілёве, былі прысьвечаныя беларускім палітзьняволеным.

У распаўсюдзе ўдзельнічалі пяцёра актывістаў. Адзін зь іх, Сяргей Нягацін, паведаміў:

«Мы раздалі больш за шэсьцьсот улётак і газэт. З гутарак мы даведаліся, што значная частка гандляроў і наведнікаў рынку ня ведае пра тое, што ў Беларусі ёсьць такая катэгорыя асуджаных, як палітвязьні. Шмат хто адмаўляўся ў гэта верыць. Былі й тыя, хто ведае пра лёс удзельнікаў мінулай прэзыдэнцкай кампаніі і Плошчы.

Здарыўся інцыдэнт з прадстаўніком адміністрацыі рынку. Ён не прадставіўся, але прыгразіў: калі мы ня сыдзем, то ён выкліча міліцыю. Яна, праўда, не зьявілася на рынку, таму мы пасьпелі раздаць тое, што прынесьлі з сабой. Плянуем з інфармацыйнымі выданьнямі наведаць усе магілёўскія рынкі, мо хто наважыцца і напісаць лісты падтрымкі палітзьняволеным».

«Віленскі рынак» — весткі з калёніяў


Тым часам у Шклове мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы падпісвае палітвязьняў 17 папраўчай калёніі на газэту «Наша слова». Першым на выданьне шклоўскія ТБМаўцы падпісалі экс-кандыдата на прэзыдэнцтва Міколу Статкевіча.

Старшыня суполкі Аляксандар Грудзіна: «Спадар Мікола добра валодае беларускай мовай. Заўжды і здавён на ёй гаворыць. Праз газэту ён будзе трымаць сувязь з Таварыствам беларускай мовы. Ведаць, чым яно жыве. Але самае галоўнае — падпіскай на газэту мы стараемся падтрымаць вязьня родным словам. Далей будзем падпісваць і іншых палітвязьняў, што сядзяць у шклоўскай калёніі».

Акрамя Міколы Статкевіча, у шклоўскай калёніі № 17 адбываюць пакараньне яшчэ чацьвёра ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

Агулам жа ў папраўчых калёніях Магілёўшчыны сядзяць 15 палітвязьняў. У Магілёве — сем, у Бабруйску два ды адзін у Горках. У 15-й магілёўскай калёніі адбывае пакараньне экс-кандыдат на прэзыдэнцтва Дзьмітры Вус. У горацкай калёніі ўтрымліваецца Зьміцер Дашкевіч.

XS
SM
MD
LG