Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Газпром» згодны купіць «Белтрансгаз» за $ 2,5 млрд. Без дадатковых умоваў

  • БелаПАН

"Газпром" згодны "хоць заўтра" заплаціць 2,5 млрд. даляраў ЗША за 50% акцый "Белтрансгазу", калі Менск ня будзе выстаўляць дадатковых умоваў, заявіў кіраўнік расейскага газавага холдынгу Аляксей Мілер на прэсавай канфэрэнцыі 30 чэрвеня.

Аляксей Мілер

"Умовы куплі тыя ж самыя, што і пры куплі першай паловы — 2,5 млрд. даляраў. Мы згодныя заплаціць такія грошы. Сёньня кантракт на карпаратыўным узроўні мае вельмі высокую ступень гатовасьці, думаю, 98%", — прыводзіць словы Мілера РІА Новости.

Беларускі бок, сказаў ён, працягвае спробы зьвязваць падпісаньне кантракта на продаж "Белтрансгазу" з кантрактам на пастаўку газу ў Беларусь з 1 студзеня 2012 года.

"У трэцім-чацвертым квартале мы з беларускімі калегамі будзем весьці прадметныя перамовы па ўмовах пастаўкі газу па новым кантракце, але купля "Белтрансгазу" і ўмовы пастаўкі расейскага газу ў Беларусь — сутнасьць пытаньня розная, і, вядома, прадметам нашага пагадненьня можа быць толькі адно пытаньне, і гэта наша прынцыповая пазыцыя", — сказаў Мілер.

Ён растлумачыў, што гаворка ідзе не пра пастаўкі газу па ўнутрырасійскіх цэнах, а пра прынцыпы роўнадаходнасьці.

Пагадненьне аб формуле цаны газу для Беларусі з 2012 года пакуль не дасягнутае, нягледзячы на заявы наконт гэтага, паведаміў Мілер.

"Ёсьць дзейны кантракт да 31 сьнежня 2011 года. Прагучалі паведамленьні з Беларусі, што дасягнутае пагадненьне аб формуле цаны, гэта не так. Ніякіх пагадненьняў па формуле цаны няма", — заявіў кіраўнік "Газпрома".

30 чэрвеня першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімер Сямашка паведаміў, што бакі ўзгаднілі формулу цаны на газ, якая "вельмі выгадная і для Беларусі, і для "Газпрома".

Уладзімер Сямашка
Паводле слоў Сямашкі, Беларусь вядзе перамовы аб стабілізацыі і замарожваньні цэн на газ у гэтым годзе. "І самае галоўнае — аб стабілізацыі і магчымым паніжэньні цэн на газ з 1 студзеня 2012 года", — дадаў ён.



Сямашка нагадаў, што Менск увязвае кантракт з цэнамі на газ з продажам 50% акцый ААТ "Белтрансгаз". У студзені гэтага года падчас першага візыту ў Расею Міхаіла Мясьніковіча ў статусе прэм'ер-міністра Беларусі кіраўнік расейскага ўраду Уладзімер Пуцін абазначыў зацікаўленасьць Расеі ў куплі акцый "Белтрансгазу". Пры гэтым Пуцін, паводле слоў Сямашкі, заявіў: "Калі вы пойдзеце на гэта, мы дадзім вам тое, што вы жадаеце".

У сувязі з гэтым Сямашка адзначыў, што Беларусь гатова прадаць пакет акцый "Белтрансгазу" ў выпадку знаходжаньня агульнай мовы з Расеяй па цане на газ.

Ён паведаміў, што Беларусь і Расея дамовіліся па ўсіх асноўных пытаньнях, што тычацца продажу "Белтрансгазу" і цаны на газ. Паводле слоў Сямашкі, рыхтуецца пакет з пяці дакумэнтаў: міжурадавае пагадненьне аб куплі-продажы "Белтрансгазу", кантракт аб куплі-продажы, пагадненьне аб тарыфным утварэньні, кантракт на пастаўку газу з 2012 года і кантракт па транзыце газу па тэрыторыі Беларусі на 2012—2014 гады.

"З Мілерам мы пра ўсё дамовіліся і ўсё ўзгаднілі", — падкрэсьліў Сямашка.

Тым часам у сакавіку Уладзімер Пуцін папрасіў беларускі бок пры продажы "Белтрансгазу" не навязваць Расеі дадатковыя ўмовы.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG